У чацьвер, 6 жніўня, у трамваі №50 у Кракаве група агрэсіўных людзей пачала настойліва чапляцца да адной з пасажырак. На яе абарону сталі 20-гадовы грамадзянін Беларусі і 28-гадовы паляк, якіх агрэсіўная кампанія фізічна атакавала. Адзін з абаронцаў атрымаў траўмы, але мэдычная дапамога яму не спатрэбілася, паведамляе партал Onet.
Інцыдэнт выклікаў паніку сярод іншых пасажыраў, а ў інтэрнэце зьявілася відэа здарэньня.
У суботу паліцыя Кракава паведаміла пра затрыманьне двух удзельнікаў канфлікту.
Як паведаміў прадстаўнік паліцыі Малой Польшчы Бартуш Іздэбскі, канфлікт пачаўся пасьля таго, як жанчына зрабіла заўвагу кампаніі з шасьці чалавек за неналежныя паводзіны.
— У гэтай групе з шасьці чалавек былі і жанчыны, і мужчыны. Пасьля інцыдэнту ў трамваі ўсе яны выйшлі і ўцяклі, — паведаміў Іздэбскі.
Двое мужчын, якія заступіліся за жанчыну, паведамілі пра здарэньне ў паліцыю.
Паліцыянты хутка пачалі пошук удзельнікаў канфлікту. У пятніцу, 7 жніўня былі затрыманыя двое ўдзельнікаў інцыдэнту — 17-гадовы і 22-гадовы хлопцы. Іх зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Паліцыя таксама падкрэсьліла, што, насуперак чуткам пра нацыянальнасьць удзельнікаў, усе шэсьць чалавек з агрэсіўнай групы — грамадзяне Польшчы, жыхары Кракава.
Далейшы лёс затрыманых вызначыць пракурор.


