11 ліпеня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Няўлоўны гурман і рамантык беларускіх лясоў. Расказваем цікавыя факты пра рысь

Разам з эколягам і экспэрткай альянсу «Зялёная Беларусь» Інэсай Балоцінай разьбіраемся, чым гэты зьвер адрозьніваецца ад іншых беларускіх драпежнікаў і ці праўда, што ён палюе на чалавека, скачучы яму на галаву з вышыні.

Рысі жывуць у Беларусі спрадвеку. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі іх было мноства ўва ўсіх рэгіёнах краіны. Вялікі, да 30 кіляграмаў вагой, памерамі вышэйшы за калена чалавеку і мэтровай даўжыні (гэта без хваста) — такі зьвер вядомы ў гістарычных крыніцах, літаратурных творах. Рысь можна пабачыць на гербе Гомля.

У сучаснай Беларусі пабачыць рысь у жывой прыродзе ўжо складана. Сытуацыя не такая крытычная, як у канцы існаваньня БССР, калі ў краіне заставалася хіба некалькі соцень гэтых зьвяроў, але рысяў усё адно няшмат. Як праз вырубкі вялікіх лясоў і пушчаў, так і праз асаблівасьці жыцьця гэтага зьвера.

«Цяжка сказаць, колькі ў Беларусі зараз рысяў у рэальнасьці, — кажа эколяг і экспэртка альянсу „Зялёная Беларусь“ Інэса Балоціна, — і наколькі гэтыя лічбы аб’ектыўныя. Афіцыйна колькасьць рысі ў Беларусі працягвае расьці. Ёсьць зьвесткі за 2024 год, калі афіцыйна было 1700 рысяў. У 2025 годзе — прыкладна 1900. Зараз я знайшла зьвесткі, што на 1 студзеня 2026 году ў Беларусі жылі 2500 рысяў. Статыстыка паказвае рост. Як і ў прынцыпе ўся беларуская статыстыка — яна заўсёды расьце. Але рысь недзе так трымаецца, каля дзьвюх тысяч, пэўна, іх ёсьць у краіне».

Інэса Балоціна тлумачыць, што рысяў складана лічыць. Гэта зьвер асьцярожны, ён жыве ў лясах і да людзей рэдка выходзіць. Ня любіць адкрытых прастораў, дзе яго лягчэй заўважыць. Застаецца рысь пакуль і ў Чырвонай кнізе Беларусі, хаця ў апошнія гады яе статус там панізіўся. Тое самае зрабілі зь мядзьведзем. Цалкам з Чырвонай кнігі гэтыя віды пакуль ня выключылі, але прапановы гэта зрабіць ужо гучаць.

«Рысь мае своеасаблівую біялёгію, — працягвае Інэса. — Яе не становіцца шмат, нават калі зьяўляецца шмат ежы. У прыродзе ёсьць мэханізмы тармажэньня. Калі параўнаць шчыльнасьць, колькасьць зьвяроў на квадратны кілямэтар з тым жа мядзьведзем, то ў рысі чамусьці гэтая шчыльнасьць меншая. Хоць здаецца, што мядзьведзь вялікі, ён патрабуе больш месца для жыцьця».

Дасьледаваньні ў Налібацкай пушчы

Інэса працягвае: максымальная шчыльнасьць тых жа мядзьведзяў зараз у Славеніі — 40 зьвяроў на 100 квадратных кілямэтраў. У Румыніі 10–20 мядзьведзяў на 100 квадратных кілямэтраў. А рысяў у Румыніі, дзе адна з найбольшых эўрапейскіх папуляцыяў гэтага зьвера, усяго 1,5–2,5 асобіны на тую ж плошчу. Розьніца амаль у 10 разоў. У Эўропе рысі асабліва любяць Скандынавію зь яе некранутай прыродай. Аднак ведаюць людзі пра рысь, у параўнаньні зь іншымі жывёламі, зусім няшмат. Дасьледаваньні паскорыліся ў апошнія дзесяцігоддзі, калі сачыць за рысямі і вывучаць лад іхнага жыцьця стала магчыма з дапамогай відэакамэраў, тэлемэтрыі, іншых сучасных прыладаў.

«У Беларусі рысь вывучаюць навукоўцы ў Налібацкай пушчы, — расказвае Інэса Балоціна. — Там працуе група заолягаў пад кіраўніцтвам доктара біялягічных навук Вадзіма Сідаровіча. Яны адкрылі шмат цікавага. Напрыклад, дзякуючы іхнай працы стала вядома, што для размнажэньня рысі выбіраюць асаблівыя месцы».

І ня проста выбіраюць. Пэрыяд спароўваньня ў гэтых драпежнікаў прыпадае на канец лютага і сакавік. Самцы рысяў пачынаюць рыхтавацца да сустрэчы з саміцай яшчэ ўвосень. Яны старанна абыходзяць сваю тэрыторыю ў пошуках прывабнага і зацішнага месца, дзе пару ніхто не патурбуе. Некалькі разоў мецяць яе. І толькі калі самец рысі будзе цалкам упэўнены ў бясьпецы і ў выбраным ім месцы, ён можа «запрасіць» туды саміцу.

«Там павінна быць шмат паваленых дрэваў, — расказвае пра такое рамантычнае для рысяў месца Інэса Балоціна. — Або густы маленькі ельнік. Зарасьнікі вярбы могуць таксама быць. Усё гэта рысям трэба, каб у час спароўваньня іх ніхто не турбаваў. Калі рысі занятыя адно адным, ім трэба ведаць, што яны ў бясьпецы. Што ніхто раптоўна іх не патурбуе, не нападзе. Усю зіму самец рысі трымае такое месца, кантралюе яго».

У адрозьненьне ад сваіх заклятых ворагаў ваўкоў, рысі не жывуць у невялікіх групах. Гэта больш самотныя жывёлы, хоць дзеля сваіх кацянятаў пары нейкі час трымаюцца побач. І нават калі самец рысі не жыве побач з рысьсю-мамай і малымі рысянятамі, то ўсё адно апякуецца імі.

«Дасьледаваньні Сідаровіча паказваюць, што рысі ня тое каб гадавалі разам дзяцей, але самец усё ж прымае ўдзел у абароне малых, — расказвае Інэса. — Ён можа ня ўвесь час быць побач. Папярэднія дасьледаваньні паказвалі, што самцы пакідалі ежу на тэрыторыі, дзе жывуць самкі з малымі рысянятамі. Забіваюць жывёліну і пакідаюць, каб тыя маглі паесьці. А зараз зьявіліся зьвесткі, што самцы рысяў могуць нават заставацца з малымі, пакуль маці некуды адлучаецца. Сідаровіч з калегамі сёлета ў пачатку чэрвеня паведаміў, што была зафіксаваная такая сытуацыя, калі самец рысі знаходзіўся разам з двума маленькімі рысянятамі да апошняга і ўцёк, толькі калі людзі падышлі на два мэтры. Толькі тады зьбег».

Рысіныя міты і загадкавыя кутасікі

Праз тое, што рысь жыве адасоблена і скрытна, пра гэтага зьвера ўтварылася пэўная колькасьць мітаў. Адзін зь іх расказвае, што рысь палюе, седзячы высока на дрэвах, і можа такім чынам атакаваць нават чалавека, скокнуўшы яму зьверху проста на плечы і ўпіўшыся ў шыю вострымі кіпцюрамі. Экспэртка гаворыць, што гэта пераважна байкі. Рысь не палюе на чалавека, нейкая сутычка можа здарыцца толькі выпадкова, калі зьвера засьпець на гарачым у куратніку, або ён будзе хворы на шаленства. У звычайнай для сябе сытуацыі рысь трымаецца ад людзей далей, чалавек нават можа ніколі не здагадацца, што жыве адносна недалёка ад гэтага зьвера.

«Рысі могуць паляваць, скачучы з дрэваў, але гэта не заўсёды, гэта асобныя выпадкі, — расказвае Інэса Балоціна. — Палююць, седзячы на зямлі ці на невялікім узвышшы. Або чакаюць ля зьвярынай сьцежкі, пакуль па ёй ня пройдзе нехта ім патрэбны. Той самы заяц або казуля з казьлянятамі. Рысі і на мышэй часта палююць, таму ім неабавязкова быць недзе на вышыні. Пагатоў яны ня скачуць на чалавека, гэта такі распаўсюджаны міт».

Галоўны канкурэнт рысі ў дзікай прыродзе — воўк. З ваўкамі рысі часта ўступаюць у канфлікты за тэрыторыю і здабычу. Вядомыя выпадкі, калі ваўкі забівалі рысяў. А бывала і наадварот, калі рысь перамагала ваўка. Зь іншымі беларускімі зьвярамі рысь так моцна не канфліктуе. Вялікіх унікае, а дробныя ці нават роўныя ёй памерам могуць стаць для рысі здабычай і вячэрай.

«Не шануе рысь таксама і лісаў, і янотападобных сабакаў, — расказвае Інэса. — Калі сустрэне, то прыдушыць. Магчыма, нават есьці ня будзе. Але такім чынам рэгулюе іх колькасьць як патэнцыйных канкурэнтаў. Насамрэч рысь, калі параўноўваць зь мядзьведзем ці ваўком, большая мясаедка. Ваўкі і асабліва мядзьведзі ядуць і расьліны. Ягады ядуць. Але наконт рысі такое малавядома. Яна есьць мяса, і досыць сьвежае. Невядома пра выпадкі, калі б рысі елі падлу. Калі яе паспрабаваць прывабіць такім чынам, яна можа прыйсьці, абнюхаць, агледзецца. Але есьці гэтага ня будзе. А ваўкі тыя ж ці мядзьведзі падлу ядуць ахвотна».

Акрамя ўжо згаданых зайцоў, казуляў і мышэй, рысь можа ўпаляваць і птушку. Клясычная страва для яе — цецярук, на якога рысі палююць зімой. У гэтую ж пару году ім прасьцей распраўляцца з казулямі, асабліва ў глыбокім сьнезе, які не дае капытным хутка ўцячы. Рысі ў такіх умовах на сваіх шырокіх лапах спрытнейшыя.

Адна з рысіных асаблівасьцяў і таямніц — кутасікі на вушах. Навукоўцы дагэтуль да канца ня ведаюць, навошта гэтым зьвярам такія ўпрыгажэньні і ці маюць яны нейкую практычную функцыю. У інтэрнэце можна знайсьці вэрсіі аб тым, што кутасікі паляпшаюць рысям слых. Або што зь іх дапамогай гэтыя зьвяры могуць нейкім чынам камунікаваць паміж сабой. Аднак дакладнага адказу пакуль няма.

«Гэтыя кутасікі ў рысяў не заўсёды выразныя, — гаворыць Інэса Балоціна. — Пры сустрэчы са зьверам у лесе іх можна і ня ўбачыць. У прыродзе ня ўсё мае практычнае значэньне. Магчыма, проста выпадковасьць эвалюцыі. Яны ня шкодзяць рысям, але і ня маюць карысьці. Аднак лічыцца, што дадатковыя валаскі на вушах дапамагаюць лепш чуць гукі. Можна жартам выказаць здагадку, што імі рысь кранаецца галінак дрэваў, калі ходзіць па зямлі, і такім чынам ведае, што ў яе над галавой. Але гэта жарт, вядома».

Нягледзячы на чырванакніжны статус і адносную рэдкасьць рысі ў Беларусі, летась пачалі выдаваць ліцэнзіі на паляваньне на яе. Іх колькасьць абмежаваная, выдалі толькі 57 ліцэнзіяў. Праўда, рысь выявілася для беларускіх паляўнічых занадта няўлоўнай. За ўвесь сэзон толькі шасьцёра змаглі забіць гэтага зьвера. Рэшта засталася ні з чым.

«У навуковым пляне такі дазвол на паляваньне мае сэнс толькі тады, калі ўсе забітыя рысі трапяць да навукоўцаў, — гаворыць Інэса Балоціна. — Калі навукоўцы змогуць зрабіць вымярэньні гэтых рысяў, сабраць дадзеныя аб стане іх цела. Чым яны харчаваліся, зрабіць аналізы на хваробы, генэтычныя дасьледаванні і ўсё такое. Толькі так паляваньне мае нейкі сэнс. Агулам нічым рысь не стварала падставаў для адкрыцьця паляваньня на яе ў Беларусі. Ні колькасьцю, ні паводзінамі. Гэта від, які не зьнікае ў краіне, але іх у нас няшмат. Калі паляваць, калі высякаць лясы, то рысь зноў стане вельмі рэдкай. Сёлета паляваньне на рысяў адкрыюць 1 кастрычніка. Паляўнічыя хочуць зьмяніць правілы паляваньня на гэтых зьвяроў, дамагчыся, каб ім дазволілі страляць у рысяў падчас загонаў. Бо пакуль гэта забаронена. Падчас загонаў, спадзяюцца, упаляваць рысь ім будзе лягчэй».

Больш фота па крыніцы: Радыё Свабода

Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў

Падчас утрыманьня ў былым менскім СІЗА №1 на Валадарцы...

Сілавікі затрымалі кампанію беларусаў за пікнік у парку

Пра гэтую гісторыю распавёў адзін з карыстальнікаў Threads. Паводле яго,...

Апошняе

У памяць пра Алеся Пушкіна (1965 – 2023)

11 ліпеня – гадавіна сьмерці беларускага мастака і палітвязьня...

Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў

Падчас утрыманьня ў былым менскім СІЗА №1 на Валадарцы...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: