17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці Расеі быў атакованы дронам аўтобус, які перавозіў дзіцячую футбольную каманду з Рэчыцы. Паводле расейскіх уладаў, аўтобус рухаўся па трасе А-240 па маршруце Гомель — Геленджык.
Загінула жанчына, якая суправаджала дзяцей. Паводле розных афіцыйных зьвестак, пацярпелі ад шасьці да васьмі чалавек, сярод іх некалькі дзеці.
Міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў паведаміў, што адзін дарослы і адно дзіця знаходзяцца ў цяжкім стане.
Расея заяўляе, што аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай быў наўмысна атакаваны ўкраінскім дроном.
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны адхіліў абвінавачаньні ў датычнасьці да здарэньня. У афіцыйнай заяве сказана, што ў названы расейскім бокам час Сілы абароны Ўкраіны не выкарыстоўвалі беспілётнікі супраць цэляў у Бранскай вобласьці.
Зянон Пазьняк гэтак пракаментаваў тэракт:
“…напад дрона на беларускі аўтобус зь дзецьмі ў Бранскай вобласьці Расеі, — гэта хутчэй за ўсё ёсьць груба і неахайна зробленая расейская тэрарыстычная правакацыя.
Ужо зразумела, што дрон быў невялікі і удар быў мэтанакіраваны, разьлічаны на мінімум ахвяр. (Такія дроны далёка ня лётаюць. Апэратар сядзеў непадалёк). Тэракт лагічна ўвязваецца з апошнімі падзеямі вакол Беларусі, у тым ліку і з адчайнымі паводзінамі Лукашэнкі, каб не ўпіхнуцца ў расейскую вайну”
“Беларусы вымушаныя вазіць дзяцей у Расею, бо Эўразьвяз пад выглядам пакараньня рэжыму Лукашэнкі заблякаваў усе кантакты, транспартны рух, гандаль і сувязі зь Беларусяй і з Беларускім народам. Беларуская людзі ня могуць паехаць у эўрапейскія краіны (у адпачынак і т.п.) А аплочаная проксі-група ОСЦ пад выглядам “беларускай дэмакратыі” агучвае і ўслаўляе гэту антыбеларускую палітыку.
Як тут паступіць рацыянальна і ў здаровым сэнсе? Мяркую, што па тэракту трэба створыць міжнародную суседзкую крымінальна-юрыдычную экспэртызу, дзе павінны быць экспэрты Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі. Усё, што выдасьць ў гэтай сытуацыі адна Расея, ня будзе мець ніякага даверу і значэньня. Тым больш, на фоне расейскай палітыкі ціску і ўцягненьня Лукашэнкі ў сваю вайну. Міжнародную экспэртызу стварыць можна і неабходна. Асабліва ўлічваючы, што загінуў чалавек і разумеючы палітычны сэнс, дзеля чаго ўсё адбылося” — дадае Зянон Пазьняк.


