Урад Сырыі дасягнуў пагадненьня з «Сырыйскімі дэмакратычнымі сіламі» (СДС) — курдскім альянсам нацыянальных апалчэньняў. Курдзкія ўзброеныя фармаваньні і інстытуты паступова будуць уключаныя ў дзяржаўныя структуры.
Пасол ЗША ў Турэччыне і спэцпасланьнік па Сырыі Том Барак назваў пагадненьне «фундамэнтальнай і гістарычнай вяхой на шляху Сырыі да нацыянальнага прымірэньня, адзінства і ўстойлівай стабільнасьці».
Гэтаму папярэднічалі тыдні баёў. Сырыйскім войскам удалося адваяваць шырокія раёны на паўночным усходзе краіны, якія больш за 10 гадоў знаходзіліся пад кантролем «Сырыйскіх дэмакратычных сілаў». Пасьля значных тэрытарыяльных страт альянс пагадзіўся на спыненьне агню, у выніку чаго істотная частка тэрыторыяў перайшла пад кантроль ураду, аднак сутыкненьні працягваліся.
Як і раней падпісанае пагадненьне з 14 пунктаў, новая дамова прадугледжвае адыход сілаў СДС з лініі судакрананьня, уступленьне іхных байцоў у сырыйскую армію і дзяржаўныя структуры, а таксама інтэграцыю адміністрацыйных і грамадзянскіх органаў СДС у дзяржаўную сыстэму.
Як паведамілі ў СДС, з іхных байцоў будуць створаныя тры брыгады, якія ўвойдуць у склад аднаго падразьдзяленьня сырыйскай арміі. У заяве СДС, апублікаванай у X, гаворыцца, што дасягнутая дамоўленасьць наконт грамадзянскіх і адукацыйных правоў курдзкага насельніцтва, а перамешчаным асобам будзе дазволена вярнуцца дадому.
Паводле пагадненьня, Дамаску пераходзяць турмы, а таксама нафтавыя і газавыя радовішчы, якія знаходзіліся пад кантролем СДС. Да гэтага сырыйскія войскі ўжо ўзялі пад кантроль аб’ект «Амар» — найбуйнейшае нафтавае радовішча краіны — пасьля таго як СДС адышлі з гэтых пазыцыяў. Раней армія захапіла стратэгічна важную плаціну Табка на рацэ Эўфрат.
Курды ўнесьлі значны ўклад у разгром «Ісламскай дзяржавы» і пазьней пры падтрымцы ЗША кантралявалі амаль траціну тэрыторыі Сырыі. У сьнежні 2024 году, пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада, якое паклала канец 13-гадовай грамадзянскай вайне, СДС некаторы час захоўвалі кантроль над тэрыторыямі на паўночным усходзе Сырыі.
Прэзыдэнт Сырыі Ахмэд аш-Шараа, былы кіраўнік паўстанцаў, паабяцаў аб’яднаць падзеленую краіну. Яшчэ ў сакавіку 2025 году паміж ягоным урадам і СДС было падпісанае пагадненьне аб інтэграцыі, аднак дамова застопарылася, і бакі абвінавачвалі адно аднаго ў яе зрыве.
Нарэшце, пасьля новай эскаляцыі 18 студзеня гэтага году было заключанае перамір’е, пасьля чаго аш-Шараа заявіў, што спадзяецца, што гэта дазволіць Сырыі «скончыць са станам раздробленасьці і рухацца да адзінства і прагрэсу». Ён выдаў указ аб прызнаньні культурных, моўных і грамадзянскіх правоў курдаў, зрабіўшы курдзкую мову дзяржаўнай, надаўшы грамадзянства курдам без грамадзянства і абвясьціўшы іхны Новы год нацыянальным сьвятам.
Гэта першае афіцыйнае прызнаньне нацыянальных правоў курдаў з моманту здабыцьця Сырыяй незалежнасьці ў 1946 годзе.


