14 сакавіка 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Беларусь перадусім

Ёсьць добрая беларуская прымаўка (арыгінал не агучваю), якую ў пераказе можна сфармуляваць так: — “Недасьведчаным палову працы не паказваюць”, — і той, хто працуе, гэта ведае. І ўсё-такі пару слоў сказаць трэба для людзей разумных, бо хлусьня, дэмагогія і дэзынфармацыя, накіраваная на эмацыйна несасьпелае грамадзтва і на ірацыянальную сьвядамасьць спажыўцоў прапаганды, дзейнічае фатальна. І абурацца тут бессэнсоўна. Хто можа — павінен зразумець.

Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Амэрыку і яе законна выбранага амэрыканскім народам прэзыдэнта Дональда Трампа. Ніхто ня мае права зьневажаць асобу і ганьбіць вялікую дэмакратычную краіну, ад якой залежаць лёсы сьвету. Усё, што робіць і што будзе рабіць прэзыдэнт Трамп, ідзе на карысьць Украіны і ўрэшце можа стаць яе паратункам. Нішто ня робіцца адразу, але па-парадку. Калі ёсьць задача і мэта зрабіць пабудову, яна будзе дасягнута, нават калі для прафанаў напачатку — гэта куча бярвеньняў.

Беларусы мусяць сабе ўясьніць, што ў гэтым сусьветным падзеле, які пачаўся, нам трэба ацалець як нацыі і, перш за ўсё, зьберагчы нашу дзяржаву Беларусь. Гэта цяпер ёсьць наш галоўны стратэгічны нацыянальны інтэрас. Другі наш нацыянальны інтэрас — ня даць зацягнуць Беларусь у чужую вайну. І трэцяе — збавіцца ад акупацыйнага лукшысцкага рэжыму і разбуральнага уплыву Расеі.

Калі дзейнічаць разумна, то цяпер адзіная краіна, якая магла б нам, беларусам, дапамагчы ўтрымацца і нават асягнуць будучыню, — гэта Амэрыка і прэзыдэнт Трамп. Нават Лукашэнка тут нешта сваё зразумеў пра палітыку Трампа, але гэтага ніяк не разумее калектыўная грамадзкая “вата” з савецкім складам думаньня (асабліва за мяжой), што ўчапілася за чужую дэмакратыю і чакае, што ёй за гэта дадуць, не паважаючы прэзыдэнта Амэрыкі.

Перавага ў вайне пакуль што на баку Расеі, і зь мірнымі перамовамі будзе праблема. Але ўрэшце перамовы аб міры пачнуцца. Усё паварочваецца так, як казалі разумныя людзі. І цяпер, нават маючы ў грамадзтве калектыўную “вату”, якая нічога ніколі не разумее, беларусам трэба ведаць галоўнае:

Нельга аблайваць і зьневажаць Беларусь, нельга бэсьціць сваю краіну перад чужымі, нельга называць антынародны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі “белорусскім режімом”, бо гэта не беларускі рэжым; нельга называць народ “суагрэсарам”, бо ён не суагрэсар; нельга жадаць зла сваёй акупаванай краіне і заклікаць да санкцый супраць яе эканомікі, гандлю, транспарту, культуры і людзкага жыцьця; нельга заклікаць іншыя краіны кідаць бомбы на беларускія гарады, на Мазыр, на беларускі народ. Нельга быць самазабойцамі і дзікунамі, якія нічога ня ведаюць пра нацыянальныя інтарэсы.

У нашых беларускіх нацыянальных інтарэсах (і, дарэчы, украінскіх), трэба, каб перамовы аб міры (калі яны будуць) адбываліся ў Менску, у Беларусі. У нашых нацыянальных інтарэсах, каб санкцыі супраць Беларуськалія былі зьнятыя ўзамен за вызваленьне тысячаў палітвязьняў, каб была разблакавана чыгунка да беларускага тэрмінала ў Клайпэдзе, каб былі выплачаныя кампэнсацыі за варожую палітыку эканамічнага блакаваньня Беларусі пад выглядам санкцыяў, каб амэрыканскія інвэстыцыі на ўзаемавыгадных умовах пайшлі ў прыбытковую і патрэбную для сьвету калійную вытворчасьць ў Беларусі.

Усё гэта будзе. І будзе добра, калі ўладай і парадкам ў Беларусі будуць распараджацца не прамаскоўскія здраднікі і халуі, не прадажныя балбатуны і палітычныя гандляры, але свае беларускія, разумныя, і нацыянальна здаровыя дэмакратычныя людзі. Будучыня будзе (павінна стаць) толькі такой, беларускай і сваёй, бо іншай будучыні ў гэтых абставінах ня можа быць.

14-03-2025 г.
Зянон Пазьняк

Апошняе

ЗША дазволілі закупкі расейскай нафты, загружанай на судны да 12 сакавіка

Міністэрства фінансаў ЗША выдала спэцыяльную ліцэнзію, якая дазваляе завяршыць...

Міністар адукацыі заявіў пра жаданьне пашыраць і папулярызаваць расейскую мову

Маскве на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі па расейскай мове. «Беларусь у...

Польскі палітычны шторм вакол SAFE і што ён нясе беларусам

Канфлікт вакол праграмы SAFE у Польшчы сапраўды часта называюць...

ЗСУ зьнішчылі ракетамі Storm Shadow завод «Крэмній ЭЛ» у Бранску

Як паведамілі ў Генштабе ЗСУ, у межах сыстэмнага зьніжэньня...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: