14 лістапада 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады ў перыяд надзвычайных падзей ў Беларусі

Распрацаваньне стратэгіі і дыскусіі датычная яе — рэч неабходная як з тэарэтычнага, так і практычнага пункту гледжаньня. Перш за ўсе гэта спрыяе разьвіцьцю сістэмнага стратэгічнага бачаньня і разуменьня агульнай сітуацыі, што важна для фарміраваньня палітычнага мысьленьня. Па-другое, наяўнасьць стратэгіі сьведчыць пра тое, што апазіцыйныя структуры (палітыкі) сур’езна падыходзяць да аналізу сітуацыі і разгортваньня падзей (хаця б спрабуюць неяк асэнсаваць сітуацыю), а не чакаюць на нейкі цуд. Але нават магчымасьць выкарыстаць вынікі “цуду” патрабуюць хоць нейкага стратэгічнага плану дзеяньня.

Па-трэцьцяе, прыблізны план дзеяньня павінен быць агучаны. Чаму? Таму, што беларуская апазіцыя будзе мець дачыненьне не з вузкай групай людзей, а з цэлай народнай хваляй, шматлікімі сацыяльнымі рухамі, ініцыятывамі якія не будуць нікім каардынавацца (калі няма нейкага плана) ў момант надзвычайных падзей у Беларусі.

Таму важна, каб асноўныя гульцы, як і актыў грамадства ў самой Беларусі, прыблізна ведалі сваё мейсца і ролю ў крытычны момант. Адсюль узьнікае наступнае пытаньне, “ці публікацыя стратэгіі не дасьць магчымасьць праціўніку загадзя падрыхтавацца?”

Падзеі мінулых гадоў добра паказалі, што апарат кіраваньня заўсёды добра падрыхтаваны да магчымых палітычных падзей ў Беларусі, таму Лукашэнка ўсьцяж пры ўладзе, а апазіцыя не. Апазіцыя ніколі не намагалася праводзіць стратэгічнага планаваньня, а ўпіхвала сябе ў рамкі “закону” і чакала на рэакцыю ўлады. Як было зазначана вышэй, агульная стратэгія гэта не план палітычнага/вайсковага перавароту ўнутры краіны, пра які ведаюць толькі 10 чалавек. Дадзеная стратэгія гэта агульнанацыянальны план дзеяньня да якога павінна быць гатовая грамадства і палітычныя суб’екты дэмакратычнай супольнасьці. У нашай сітуацыі лепш каб план быў агучаны і пра яго ведалі ўсе, чым каб яго не было ўвогуле.  Больш таго, есьць канцэптуальная частка стратэгіі і есьць тактычныя, аперацыйныя моманты (праца з людзьмі на мейсцах, інфармацыйнае ўздзеяньне і г.д), якія безумоўна не павінны агучвацца.

Чацьвертае, план закладае ацэнку ўласных рэсурсаў і магчымасьцяў, здольнасьці каардынацыі і ўзаемадзеяньня розных структур, наяўнасьць адпаведных структур кіраваньня, імаверную рэакцыю праціўніка і контрдзеяньні.

(Хачу адразу падкрэсьліць, што дадзены тэкст выключнае мае асабістае бачаньне сітуацыі і дзеяньняў, яно не зьвязана з актыўнасьцямі тых ці іншых палітычных структур).

Ацэнка сітуацыі

Надзвычайныя падзеі — гэта ўмоўна прагназавальныя выдарэньні ў Беларусі, якія з аднаго боку, могуць радыкальным чынам паўплываць на стабільнасьць сістэмы, а з іншага паспрыяць спантаннай актывізацыі грамадства. Пры гэтым кіроўны клас (вышэйшая наменклатура, сілавікі, алігархі) паспрабуе захаваць уладу ў сваіх руках. План дзеяньня кіроўнай эліты і ўрадавых структур па захаваньню ўлады прапісаны ў новым выданьні “канстытуцыі Лукашэнкі”.

Будзем закладаць, што НП створаць спрыяльныя ўмовы для мабілізацыі дэмакратычнага руху і грамадства Беларусі дзеля аказаньня крытычнага ўплыву на сістэму, пры якім магчымы прыход да ўлады прадстаўнікоў апазіцыі. Найбольш выразнымі прыкладамі НП могуць быць: цяжкая хвароба, альбо сьмерць Лукашэнкі, спроба Лукашэнкі перадаць уладу блізкай асобе, агульны сістэмны сацыяльна-эканамічны крызіс, тэхнагенная катастрофа, калапс рэжыму Пуціна.

Падзеі 2020 году вельмі яскрава паказалі, што адсутнасьць базавага разуменьня таго, што трэба рабіць у крызіснай рэвалюцыйнай сітуацыі як з боку “палітычнага кіраўніцтва” (адсутнасьць адзінага палітычнага каманднага цэнтру), так і збоку грамадства (чаканьне загадаў і інструкцый), прывяло да таго, што вялікая пратэстная маса была хутка нейтралізавана і паканана меньшасьцю.

Было відавочна, што ўладныя структуры апрацавалі эфектыўныя псіхалагічныя метады падаўленьня і кіраваньня натоўпам (перанакіраваньне энэргіі пратэсту, руху калоны, яе ўнутранай дэкансалідаці і дэзарыентацыі).

Ва ўмовах адсутнасьці адзінага палітычнага лідэрства, уласных “баявых адзінак”, яснасьці дзеяньняў, задач і мэтаў пратэстоўцаў — перахапіць пратэст не становіць вялікай праблемы. Фактычна ў 2020 годзе не існавала некалькіх базавых пратэстных кампанентаў: 1. Не было філасофіі рэвалюцыі (дамінавала антырэвалюцыйнасьць – “усе па законе”, “не хацім як ва Украіне”); 2. Адсутнасьць легітымнага рэвалюцыйнага кіраўніцтва. Нейтралізацыя Ціханоўскай. Хаос і не разуменьне, што рабіць сярод тых, хто хацеў кіраваць палітычным працэсам — “Каардынацыйная Рада”; 3. Адсутнасьць яснай стратэгіі дзеяньняў і мэтаў пратэсту. Дамінаваў  “падыход чаканьня”.

Як і раней 2006 і 2010 гады, так і ў 2020 годзе дэмакратычная супольнасьць знаходзілася ў палоне “непадрыхтаванай спантаннасьці”, якая заключалася ў наступнай тэзе: “выйдзе 100 тыс., а там паглядзім”. З аднаго боку, такім чынам палітычная адказнасьць перакладаецца на людзей, якія павінны сабрацца ў крытычную масу, якая зрыне рэжым і паставіць апазіцыю кіраваць. З іншага боку, калі не ведаць, што рабіць са 100 тыс., чалавек, якія выйшлі на пратэст, то – гэта і прыводзіць да катастрофы. Што і адбылося ў 2020 годзе.

Арганізацыя і каардынацыя пратэстнымі дзеяньнямі ўскладняецца яшчэ і тым, што за дзесяткі год улады стварылі абшэрную сетку інфарматараў унутры апазіцыі, маюць вялізарны рэсурс для маніпуляцый простымі актывістамі, распрацаваныя механізмы сабатажу, правакацый і прывінцыйных метадаў. У такой сітуацыі ніякія дзеяньні апазіцыі не могуць быць таямніцаў, у адрозьненьні ад уладных структур.

Прыкладаў апераджаючых крокаў улады можа быць шмат: гэта і відые запіс паседжаньня “штабу Ціханоўскай у 2020 годзе, дзе абмяркоўваўся план рэвалюцыйных крокаў. Гэта і вельмі ўданая правакацыя адносна групы Зянковіча — 2021.

Але той жа 2020 год паказаў, што пры слабасьці ўнутранай інтэгральнасьці сістэмы, дэлігітымізацыі рэжыму, інфармацыя пра актыўнасьць і стратэгію ўладаў можа хутка апынуцца ў руках апазіцыі. Адным з яскравых прыкладаў можа быць гераічны ўчынак Дзяніса Ўрада, афіцэру штабу РБ, які перадаў публічнасьці сакрэтны дакумент, перапіску МУС і МО РБ. Больш таго, крытычны момант можа спрыяць таму, што структуры ўлады трацяць магчымасьці ажыцьцяўляць унутраны кантроль над апазіцыяй.

Таму ў падобных сітуацыях: а) важна ведаць, што рабіць з той інфармацыяй, якая ідзе знутры сістэмы; б) не дазволіць сістэме аднавіць кантроль над сваімі рэсурсамі ўнутры апазіцыі. Такое магчыма, калі ёсьць цэнтр кіраваньня і нейкая агульная філасофія пратэсту і дзеяньня, якая падтрымліваецца апазіцыяй і грамадствам.

Канцэпцыя асноўных дзеяньняў у перыяд НАДЗВЫЧАЙНЫХ ПАДЗЕЙ

Стратэгія прадугледжвае арганізаванае супрацьстаяньне дэмакратычнага грамадства кіроўнай аўтарытарнай групе, якая будзе нацэлена на сілавое ўтрыманьне ўлады. Арганізаванае супрацьстаяньне азначае такі ўзровень актывізацыі і мабілізацыі грамадства (уздым, пратэст), які стварае сістэмныя цяжкасьці для рэжыму і забясьпечвае пераход улады ў рукі апазіцыі. Дзеля дасягненьня пастаўленых задач неабходны комплекс дзеяньня ўнутры Беларусі і за яе межамі. Але з большага цяжар дзеяньня кладзецца на плечы тых, хто знаходзіцца ў краіне:

  1. Параліч г. Менску і абласных, раённых цэнтрах шляхам пратэсту і стварэньня стацыянарных плошчаў у цэнтрах гарадоў. Параліч гарадскіх і агульнанацыянальных транспартных камунікацый, спыненьне працы буйных прадпрыемстваў праз агульна-нацыянальны страйк, які забясьпечвае блакаду транспартных камунікацый;
  2. Пераход (!), ізаляцыя/блакада адміністрацыйных будынкаў (тэлебачаньня) у г. Менску і іншых абласных/раенных цэнтрах. Блакада, ці забясьпячэньне кантролю над сымбалямі панаваньня ў краіне. Функцыянаваньне цэнтральнага і абласных пратэстных камітэтаў. Стварэньне выразнай сістэмы двухуладдзя ў краіне.
  3. Ізаляцыя, альбо прыняцьце пад кантроль адзелаў міліцыі, КДБ, вязьніцаў і г.д. Пры гэтым неабходна імкнуцца пазьбягаць маштабнага крывавага супрацьстаяньня. Дасягненьне псіхалагічнай перавагі і ўсебаковага ціску будзе спрыяць мірнаму пераходу ўлады;
  4. Вялікае вяртаньне. Арганізацыя маршу трох (+) калон прадстаўнікой беларускай эміграцыі: Україна, Польшча, Літва;
  5. Нейтралізацыя магчымых уплываў і спробаў усталяваньня свайго кантролю ў Беларусі з боку Расеі;

Рэалізацыя гэтых задач патрабуе маштабнай, сістэмнай падрыхтоўкі і ўзаемадзеяньня розных структур, арганізацый і палітыкаў на падрыхтоўчым этапе. Сістэмную падрыхтоўку павінен ажыцьцяўляць АДЗІНЫ ПАЛІТЫЧНЫ ЦЭНТР.

Трэба разумець, што ўмовы для перамен могуць узьнікнуць як у бліжэйшы час, так і ў перспектыве наступных некалькіх год. Але гэта азначае, што стратэгічная і структурная аснова павінна фарміравацца зараз з улікам аналізу мінулага досьведу. Таксама, трэба ўлічваць, што ўлада будзе імкнуцца любымі спосабамі супрацьстаяць арганізацыі тагока працэсу з боку апазіцыі.

Так ці інакш для дасягненьня якаснай перавагі апазіцыі над уладай у перыяд НП патрэбна наступнае:

Па-першае: функцыянаваньне аўтарытэтнага стратэгічнага палітычнага воргану, які возьме адказанасьць за арганізацыю і рэалізацыю плану па перахопу ўлады ў Беларусі. Зараз апазіцыя перажывае глыбокі крызіс і на дадзены момант няма ніводнай структуры, якая б магла сістэмна рэалізоўваць гэтую (ці іншую) стратэгію. Магчыма публікацыя КАНЦЭПЦЫІ будзе спрыяць фарміраваньню, ці развіцьцю такой структуры;

Па-другое: неабходна наяўнасьць уласнай сеткі актывістаў-прыхільнікаў на прадпрымествах, дзяржаўных установах, а таксама сілавых структурах. Такая сетка магла б забясьпечыць як перадачу інфармацыі, так і рэалізацыі канкрэтных дзеяньняў у перыяд НП. Фактычна закладаецца, што на буйных прадпрыемствах, транспартных арганізацыях, разнастайных установах будуць людзі з актыўнай пазіцыяй, які змогуць кіраваць агульным страйкам, ці блакадамі і г.д. для рэалізацыі плану. Людзі на мейсцах павінны разумець, якая роль і задачы будуць выконваць у крытычны момант. (У 2020-2021 годзе з калегамі распрацаваў і прапанаваў канцэпцыю фарміраваньня і дзеяньня “Суполак” у Беларусі).

Канешне, не магчыма каб такія сеткі зараз фарміраваліся яўна і мелі цэнтральнае спалучэньне. Прыходзіцца спадзявацца на нейкі спантанны працэс і самаарганізацыю падпольных структур. Але агульныя выкладкі па фарміраваньню такіх груп варта мець.

Закладалася, што інфармацыйна-інструктажную ролю возьмуць на сябе структуры працоўных і транспартнікаў, медыкаў і настаўнікаў, якія ўзьніклі пасьля 2020 году. У іх задачу, між іншым, уваходзіла б распрацоўка канцэпцый-дзеяньняў для канкрэтных буйных прадпрыемстваў, забясьпячэньне сталага інфармацыйнага ўплыву на тыя ці іншыя групы працоўных калектываў. Але відавочна, што йх уплыў на сітуацыю ўнутры краіны аслаб. Таксама гэтыя структуры перажываюць унутраны арганізацыйны крызіс. Тое ж самае датычыць сілавікоў.

Фактычна, для рэалізацыі стратэгіі небходна спецыалізацыя арганізацыйна-інфармацыйнай актыўнасьць ў межах адзінага палітычнага цэнтру, якая б была сфарміравана з аўтарытэтных прадстаўнікоў працоўных, прапрымальнікаў, інтэлігэнцыі, сілавікоў, журналістаў г.д. Асновы такой спецыялізацыі былі закладзены ў ідэі Bypol, АПК, ПКК, але не былі ажыцеўлены, а ў выпадку Bypol аказаліся правальнымі і шкоднымі.

Іншай, сур’езнай праблемай стала і тое, што ў выніку падзей 2020 году, непадрыхтаваных і безадказных ініцыятываў: ультыматуму 2020 году, страйку-ультыматуму 2021 году, з беларускіх прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў былі “вычышчаны”, арыштаваны тысячы актывістаў, якія б змаглі сфарміраваць тую ўнутраную сацыяльную інфраструктуру-сетку, так небходную для дзеяньняў ў перыяд крызісу.

Акрамя ліквідацыі актыву, улады забясьпечылі ідэалагічную і інфармацыйную перавагу ў калектывах праз дэвальвацыю аўтарытэту апазіцыйных структур.

Такім чынам дэмакратычнай апазіцыі неабходна: а) аднавіць свой аўтарытэт; б) скаардынаваць дзеяньні спецыялістычных структур; в) аднавіць інфармацыйнае ўзаемадзеяньне з рознымі сацыяльнымі суб’ектамі ў Беларусі; г) спрыяць стварэньню падпрольнай, пратэстнай сеці;

Па-трэцьце: наяўнасць больш-менш каардынаванай сецкі інфармацыйных рэсурсаў, якія б забясьпечвала трансляцыю стратэгіі, плану дзеяньняў, інфармацыйную падтрымку для такіх дзеяньняў. Узаемадзеяньне СМІ і іншых інфармацыйных рэсурсаў, тэлеграм каналаў, блогераў неабходна для ўтрыманьня адзінай ідэалагічнай павесткі і філасофіі стратэгіі, а таксама каб забясьпечвалася адпаведная каардынацыя дзеяньнямі ўнутры краіны. Пры гэтым неабходна ўлічваць адключэньне інтэрнэту ў Беларусі, блакады іншых сродкаў камунікацыі. Таму так неабходна забясьпячэньне папярэдняга інфармаваньня грамадства і пошук іншых каналаў эфектыўнай камунікацыі ў перыяд info-out;

Па-чацьвертае: камунікацыйная стратэгія павінна ўключаць у сябе, іншы важны рэсурс, які ўзьнік пасьля 2020 году, а менавіта Кіберпартызаны. Іх дзеяньні паказалі, што яны могуць нанесьці кібер ўдары як раз па камунікацыйнай інфраструктуры праціўніка, забясьпечыць “рассылку” інструкцый для дзеяньня па розным установам. Кіберпартызаны і інфармацыйная сетка забясьпечыла б рэалізацыю асобных ІПСА ў перыяд НАДЗВЫЧАЙНЫХ ПАДЗЕЙ;

Па-пятае: палітычны цэнтр/кіраўніцтва павінна больш-менш разумець, якім чынам трапіць яно ў Беларусь. Найбольш эфектыўным і практычным дзеяньнем будзе рушаньне на чале шматысячных калон беларусаў праз мяжу краінаў-суседзяў з Беларусьсю. Вялікае вяртаньне. Дзеля рэалізацыі такога дзеяньня небходна папярэдняя дамоўленасьць і падтрымка з боку краін-суседзяў. Інтэнсіўнае, інфармацыйнае ўздзеяньне на беларускіх памежнікаў і службоўцаў, каб тыя не чынілі ніякіх перашкодаў для такога маршу. Асобным пунктам з’яўляецца марш з тэрыторыі Украіны, якмі можа быць ў складзе беларускіх дабраахвотнікаў.

Фактычна рух некалькіх масавых калон будзе мець не толькі сур’езны псіхалагічны эфект, але і практычнае значэньне, напрыклад, для ўзяцьця пад кантроль абласных гарадоў і ўсталяваньня ўласнай адміністрацыі: Берасьце, Гародня, Гомель. Рэальна, пераход кантроля ў некаторых абласных гарадах ў рукі дэмакратынай адміністрацыі ўжо будзе мець надзвычайнае дасягненьне ў фарміраваньні цэнтра ўлады і ціску нават калі ў Менску ўлада ўсьцяж будзе знаходзіцца ў руках пост-лукашэнкаўскай групы. У сваю чаргу, такі сцэнар азначае распрацаваньне канкрэтных тактычных крокаў для кожнага гораду (склад лакальнай адміністрацыі, утрыманьне кантролю і г.д).

Па-шостае: Супрацьдзеяньне расейскай інтрэрвенцыі. Пагроза з боку Расеі будзе заставацца імавернай, пакуль сама Масква будзе забясьпечваць кантроль над уласнай тэрыторыяй і стратэгічнымі рэсурсамі. Па падтрымку з боку Масквы можа зьвярнуцца і новая кіроўная группа. У гэтым выпадку для забясьпячэньня пасьпяховага пераходу ўлады ў рукі дэмакратычнага цэнтру неабходна мець папярэднія вайсковыя гарантыі з боку а) Захаду (NATO); б) Украіны.

У выпадку спробы ўваходу расейскіх войскаў у Беларусь, было б лагічна каб Захад узяў на сябе адказнасьць вайсковага ўздзеяньня на Расею, каб недапусьціць спробаў рэалізацыі вайсковага ўваходу Масквы ў Беларусь. (Так ці інакш, павінна быць зразумелым, якую ролю возьме на сябе Захад у такой крытычнай сітуацыі. Ці дэмакратычны рух можа спадзявацца на рэальную падтрымку яго боку, ці не). Больш практычнай можа быць дапамога з боку Украіны, яка (пры ўзаемадзеяньні з беларускім дэмакратычным цэнтрам) можа нанесьці ўдары па расейскіх вайсковых калонах, ці аб’яектах у Беларусі. У такой сітуацыі важнай з’яўляецца боегатовасць беларускіх вайсковых адзінак, якія б пры падтрымцы ЗСУ маглі ўзяць пад кантроль усходнюю мяжу Беларусі з Расеяй.

Сыходзячы з агульнай сітуацыі і абставін, якія склаліся сёньня ў Беларусі і дэмакратычнай супольнасьці, сыходзячы з аналізу магчымых падзей – так, на маю думку, павінны выглядаць дзеяньні па фарміраваньню стратэгічнага бачаньня і назапашваньня рэсурсаў для рэалізацыі стратэгічнай канцэпцыі на пачатковым этапе. Таксама, аналіз канцэпцыі дазволіць адказаць на асноўнае пытаньне, ці здольная дэмакратычная супольнасьць рэальна падрыхтаваць і здзейсьніць такі план.    

Павел Усаў.

Вартае ўвагі

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Пра злачынства і вызваленьне

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ...

Апошняе

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Пра злачынства і вызваленьне

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ...

Паездка прадстаўнікоў Вольнай Беларусі ва Украіну

Ад 21-га верасьня па 1-ы кастрычнік прадстаўнікі Нацыянальнага-Вызвольнага Руху...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: