21 лістапада 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: БЕЛАРУСАФОБШЧЫНА І “ДЭМСМІ”

15 лютага гэтага года намі (аўтарам гэтых радкоў і сп. Паўлам Усавым) быў надрукаваны ў сацсетках і ва ўсіх інтэрнэт-рэсурсах НВР “Вольная Беларусь” важны ліст-заява аб дыскрымінацыі беларусаў, аб антыбеларускай прапагандзе і антыбеларускай палітыцы ў Летуве супраць беларускіх уцекачоў ад рэпрэсіяў Лукашэнкі. Інфармацыя надзвычайная. Яна, аднак, цалкам была праігнаравана ўсімі так званымі “дэмсмі” (Інтэрнэт-партал “Свабода”, “Хартыя-97”, “Белсат”, “Эўрарадыё”, “Наша Ніва” ў Беларусі і інш.). Такая пазыцыя таксама зьява характэрная.

Праз тры тыдні, 4-га сакавіка, мы паўтарылі гэтую важную інфармацыю, у тым ліку па-ангельску. У адказ — ізноў маўчаньне, па сутнасьці, шкоднай праблемы. Але ўскосна на гэты раз адзначыўся інтэрнэт-партал “Свабода” (і паўтарыла “Наша ніва” ў Сеціве). Адтуль вылучылі свайго лепшага журналіста, які ўзяў відэа-інтэрв’ю ў нейкага летувісцкага блогера, адзначанага антыбеларускімі нападкамі. Блогер (не хачу нават называць такое імя) абазваў мяне “фашыстам”.

На гэтым — канец расповяду. Далей можна было ня слухаць. Нельга ўспрымаць сур’ёзна такіх асобаў і зьвяртаць на іх увагу. Тут магла б быць толькі адна парада, каб асоба, якая дапусьцілася зьнявагі, мусіла скласьці мне публічнае прабачэньне. Але тое не для такіх.

Заўвага (што датычыць прабачэньня) адносіцца і да партала “Свабода”. Замест таго, каб па сутнасьці паднятага мной і спадаром Усавым пытаньня зьвярнуцца да ворганаў улады Летувы – да Сэйма ды Міністэрства замежных спраў, — партал “Свабода” правакацыйна выцягнуў на паверхню маргінальную заведама антыбеларускую і некампетэнтную асобу, якая дапусьцілася абразьлівай лексікі.

Вымушаны нагадаць спадарству са “Свабоды”, што я зьяўляюся адным з тых беларускіх палітыкаў, якія ў пачатку 90-х рэальна спрычыніліся да абароны свабоды і незалежнасьці Летувы, праводзячы салідарную з Саюдзісам палітыку. Калі б вясной 1990 года, калі Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР (29 сакавіка) пры інсьпірацыі Масквы запатрабаваў ад Літоўскай ССР вярнуць Беларусі Вільню і Віленскі край, калі б тады БНФ пад маім кіраўніцтвам і дэпутаты Вярхоўнага Савета ад БНФ падтрымалі гэтую авантуру (а моглі б падтрымаць, калі б там былі людзі ўзроўню цяперашніх летувісцкіх блогераў і міністраў), то сітуацыя ўзьнікла б зусім не такая, як сталася. Удакладняю: сітуацыя была б дрэннай тады для ўсіх — для Беларусі і для Летувы. І падзякуем Богу, што вырашалі яе тады Зянон Пазьняк і Вітаўтас Ляндзбэргіс, а не цяперашнія міністры з узроўнем блогераў.

Па просьбе спадара Вітаўтаса Ляндзбэргіса, у Вільню прыехала тады дэлегацыя БНФ і Вярхоўнага Савета, і разам з дэпутатамі Сэйма і Саюдзісам уладзілі пытаньне ды запісалі гэта ў Мэмарандуме. (Усё надрукавана. Можна нават відэа паглядзець. ( https://youtube.com/watch?v=VrasFwPW26U ) І гэта далёка не адзінкавы прыклад падтрымкі Беларускім Народным Фронтам агульнай нашай беларускай і летувісцкай свабоды.

Дзеяньні рускай агентуры ў Летуве, антыбеларуская рыторыка міністраў ды блогераў, ды Прэзыдэнта Наўседы поўным ходам спрыяюць пуцінскай палітыцы захопу Прыбалтыкі. Замест таго, каб падтрымліваць беларускіх уцекачоў ад рэжыму, іх зьневажаюць, не паважаюць іхную краіну.

Распальваньне міжнацыянальнай нянавісьці расейскай агентурай у дачыненьні да беларусаў ідзе сістэмна і прафэсійна. Мабілізаваныя сюды ня толькі блогеры, але й палітыкі. Зьдзіўляе, што, практычна, сярод гэтай даволі штучнай прапагандысцкай агрэсіі супраць беларусаў амаль не чутно голасу асуджэньня такіх паводзінаў. Безадказнае захаваньне стварае ворагаў зь беларусаў там, дзе іх няма, не было і не магло быць, бо беларускія ўцекачы — гэта саюзьнікі вольнай Летувы. Іх якраз і трэба падтрымліваць, як гэта разумна робіцца цяпер у Польшчы. Калі б пуціністам, напрыклад, удалося паўтарыць сітуацыю зь Віленшчынай, як у 1990 годзе (а яна можа паўтарыцца), што тады рабіць нам, беларускім палітыкам-дэмакратам, гледзячы на блогерскае неразумнае захаваньне палітыкаў у Летуве? Яны ж ужо зрабілі нас ворагамі.

І цяпер наступнае. Панове-антаганісты, кантора гэбэ і журналісты (там і тут). Забудзьце слова “фашызм” у вашай лексіцы. Не ганьбуйцеся. Вы ніколі не закапаеце мяне і майго імя, нават калі б на мяне абвалілася ўся маскоўская імпэрыя, разам зь яе былымі краінамі. Кайцеся, пакуль ёсьць час.  

8 сакавіка 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Вартае ўвагі

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Апошняе

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: