Згодна з канцэпцыяй палеархіі Роберта Даля для ўстойлівага функцыяваньня ліберальна-дэмакратычная мадэль мусіць засноўвацца на сукупнасьці базавых інстытутаў агульных для ліберальнай дэмакратыі. Праэкты грамадзянскага ўдзелу ў сваю чаргу зьяўляюцца адной са складавых частак, якая падтрымлівае і садзейнічае функцыянаваньню дэмакратычных інстытутаў і такім чынам і дзяржава, і грамадства зацікаўлена ў іх наяўнасьці і функцыянаваньні.
Аднак ва ўмовах недэмакратычнага асяродзьдзя, калі дзяржава грунтуецца на цьвёрдай вертыкалі ўлады, а не на інстытутах, праекты грамадзянскага ўдзелу могуць быць толькі імітацыйнымі і выключна падтрымліваючымі кіруючы рэжым. Можна прыгадаць лесьвіцу грамадзянскага удзелу Шэры Р. Арнштэйн і асабліва першыя 5 ступеней, якія якраз добра адлюстроўваюць імітацыйнасьць.
Любыя альтэрнатыўныя формы грамадзянскага ўдзелу ў такіх умовах рэжым расцэньвае для сябе як сьмяротную пагрозу. Таксама неабходна ўлічваць, што права і закон у недэмакратычных рэжымах функцыянуюць вельмі выбарачна. У якасьці прыкладаў можна прывесьці сітуацыю зь цяперашняй Беларусі, або Расеі, дзе нават за антываенны малюнак дзіця адпраўляюць у дзіцячы дом, а бацькоў саджаюць і пазбаўляюць бацькоўскіх правоў і адначасова з гэтым выстаўляюць у школьным музэі кувадлу, якую выкарыстоўвалі для пакараньняў баевікі ПВК «Вагнер».
У такіх умовах дыялог з уладамі больш немагчымы, а любыя формы ўдзелу становяцца вельмі небяспечнымі для патэнцыйных удзельнікаў. У Беларусі з 2020 года можна было назіраць мноства перфарматыўных форм як рэальнага, так і віртуальнага грамадзянскага ўдзелу: дваровыя ініцыятывы, дыскусійныя клубы, рухі салідарнасьці і страйкамы, чаты і суполкі ў тэлеграме, фэйсбуку і мноства іншых ініцыятыў. Аднак чым далей, тым глыбей у падпольле даводзіцца сыходзіць удзельнікам, паколькі рэпрэсіўны апарат альбо арыштоўвае і саджае, альбо змушае людзей да іміграцыі.
Улічваючы татальнае беззаконьне і тэрор з боку дзяржавы ў дадзенай сітуацыі бясьпека выходзіць на першы план. І віртуальны і рэальны характар удзелу ў калектыўных ініцыятывах як паказвае практыка нясе вялікія рызыкі (кейс Гайко ў ЧКБ, план «Перамога» і паляваньне на рэйкавых партызан). Таму, на мой погляд, ініцыятыва павінна быць індывідуальнай і абсалютна ананімнай (ніякіх баз дадзеных удзельнікаў, каардынацыйных груп і г.д.). У сітуацыі з рэжымам у Рэспубліцы Беларусь устойлівасць самога рэжыму ў дадзены момант звязана са становішчам Расеі ў вайне. Тэктанічныя змены могуць пачацца пасьля карэннага пералому на карысьць Украіны на франтах, а да гэтага моманту людзям унутры краіны важна, ні прама, ні ўскосна, не саўдзельнічаць у злачынствах рэжыму і пратрымацца да пачатку гэтых змен. Аднак нават у гэтых умовах можна праяўляць ініцыятыву, якая будзе вельмі важнай для наступнага этапу на шляху да зьмены дзяржаўнай мадэлі.
Як я ўжо згадваў раней, у аўтарытарных/таталітарных грамадствах закон і права не працуюць. Таму аднаўленьне законнасьці ў перыяд транзіту мадэлі ўлады будзе мець першаснае значэньне.
Кіраўніцтву закону адказвае толькі такі інтэрвенцыянізм дзяржавы, які ўзмацняе ўсеагульнае права, служыць грамадзянам у рэалізацыі іх запатрабаваньняў, абараняючы іх “жыцьцё, свабоду і стан”, як казаў Джон Лок.
У атмасферы прававога дэфолту і татальнага тэрору, калі аб’ядноўвацца для віртуальнага/рэальнага ўдзелу становіцца занадта небяспечна, людзям застаецца толькі фіксаваць злачынствы рэжыму і яго служачых для наступнай прававой ацэнкі гэтым дзеяньням. І гэта вельмі важна яшчэ і таму, што ў краіне больш не працуюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а пра шматлікія кейсы тэрору грамадства пазнае альбо з дзяржаўных СМІ, дзе сам кейс ужо перакручаны на карысьць стварэньня неабходнай карцінкі (гісторыя Андрэя Зельцэра), альбо праз шмат часу пасля саміх падзеяў (гісторыя затрымання сям’і ў гомельскай вобласці ў студзені 2022 года). Аднак такіх гісторый па ўсёй краіне адбываецца мноства і далёка не заўсёды яны фіксуюцца, паколькі пасля скандалаў з ЧКБ і іншымі гісторыямі, калі за перадачу дадзеных атрымлівалі працяглыя тэрміны зняволеньня, людзям проста страшна давяраць якім бы там ні было структурам за мяжой.
Менавіта таму важна поўная ананімнасьць. Фактычна людзям, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве неабходна проста на ўзроўні свайго раёна/населенага пункта фіксаваць падзеі (дату, месца, час) і па магчымасьці прозьвішчы службовых асоб (супрацоўнікаў міліцыі, амапу, пракурораў, суддзяў і г.д.), якія маюць дачыненьне да рэпрэсіўных дзеяньняў. Гэтыя дадзеныя пажадана захоўваць у зашыфраваным выглядзе і не на працуючых электронных прыладах (на флэшке, але не ў смартфоне, ПК ці лэптопе). І самае галоўнае выконваць лічбавую гігіену: не рабіць рэпостаў, лайкаў, не падпісвацца на каналы і г.д. Максімальна не прыцягваць да сябе ўвагі. Нават невялікія групы ў дадзены момант могуць быць пад пагрозай, паколькі так ці інакш немагчыма пазьбегнуць камунікацыі з выкарыстаньнем сотавай сувязі/інтэрнэту, якія практычна цалкам праслухоўваюцца/праглядаюцца рэжымам. У ідэале аб гэтым не павінен ведаць ніхто, акрамя самога чалавека, які гэтым займаецца.
Але навошта гэта трэба і чаму проста не далучыцца да існуючых ініцыятыў, якія ўжо займаюцца падобнай дзейнасьцю?
Адказ просты – каб не падстаўляць сябе. Так ці інакш для судовага працэсу для аднаўленьня законнасьці адных толькі ўзломаў баз байполам/кіберпартызанамі будзе недастаткова, некаторыя дадзеныя могуць быць зьнішчаны. Будуць неабходны паказаньні сведак. А памяць, і тым больш, калектыўная памяць ня самы надзейны механізм. У якасьці эксперыменту можна на працягу некалькіх тыдняў адзначаць тры, на ваш асабісты погляд, галоўныя навіны, а па сканчэньні месяца паспрабаваць успомніць хаця б адну з навін. А як я ўжо згадваў раней, далёка не ўсе злачынствы сёньня трапляюць у навіны. Менавіта для гэтага і патрэбен такі праект грамадзянскага ўдзелу.
Цяпер мы ня ведаем, як доўга будзе працягвацца вайна і тэрор рэжыму. Магчыма, пройдуць гады, а магчыма некалькі месяцаў. У цяперашніх інфармацыйных хвалях та атмасферы сталага стрэсу шматлікія важныя моманты забываюцца, таму важна, як у свой час гэта рабілі габрэі, фіксаваць усё. Гісторыя мае ўласцівасьць паўтарацца: наш народ ужо перажываў і царскі рэжым у 19 та пачатку 20 стагодзьдзя, і вайсковы камунізм, і сталінскі тэрор – усе гэтыя падзеі аб’ядноўвае поўная беспакаранасьць замоўцаў і выканаўцаў. І вось чарговы раз гісторыя паўтараецца. І таму, каб будучыя пакаленьні зноў не сутыкнуліся з самавольствам беззаконьня, неабходна агульнанацыянальнае асуджэньне вінаватых і пераасэнсаваньне гісторыі апошніх 200 гадоў. Менавіта таму сьведкам важна зафіксаваць кожны элемент гэтага пазла тэрору і даць свае паказаньні на адкрытым працэсе ў будучыні, вярнуўшы тым самым права і законнасьць у нашу краіну.
Projekt dofinansowany przez Fundację Solidarności Międzynarodowej w ramach polskiej współpracy rozwojowej Ministerstwa Spraw Zagranicznych RP.