30 кастрычніка 1988 году тысячы людзей выйшлі ў Менску, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Савецкія ўлады забаранілі акцыю, а на падыходах да Ўсходніх могілак удзельнікаў ужо чакалі міліцыя і ўнутраныя войскі.
Калі правесьці мітынг каля могілак не дазволілі, людзі рушылі ў Курапаты — месца масавых расстрэлаў, учыненых супрацоўнікамі НКВД. Там адбыўся мітынг-рэквіем, на якім выступілі Зянон Пазьняк, Уладзімер Арлоў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху.
Падчас акцыі публічна ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыя разагнала мітынг, ужыўшы сьлезацечны газ і гумовыя дручкі. Паводле публікацыяў таго часу, былі затрыманыя 72 чалавекі.
Дзяды-1988 сталі адной з ключавых падзеяў беларускага нацыянальнага адраджэньня канца 1980-х гадоў.
Ушанаваньне памяці ахвяраў камуністычнага тэрору перарасло ў масавую грамадзкую акцыю, якая выявіла імкненьне беларусаў вярнуць гістарычную памяць і нацыянальную сымболіку.


