Украінцы шануюць памяць сваіх загінулых ваяроў. На Сьцяне памяці ў Кіеве дзясяткі тысячаў фатаграфіяў тых, хто аддаў жыцьцё за вольную Украіну. Загінулыя героі глядзяць на нас тысячамі адчыненых вачэй, нібы з таго сьвету, і гэта сьціскае сэрца.
У канцы сьцяны пад Бел-Чырвона-Белымі сьцяжкамі ёсьць некалькі фатаграфіяў загінулых беларусаў. Беларускай сьцяны памяці яшчэ не існуе (загінула шмат). Ёсьць два пахаваньні побач з магіламі ўкраінцаў на могілках у Кіеве.
Тут пахаваны ваяр пад пазыўным “Мінск“. У часе бою ён выратаваў жыцьцё іншаму беларускаму ваяру пад пазыўным “Ювелір“. Проста засланіў моцна параненага “Ювеліра” сваім целам. Кулі прабілі “Менску” артэрую, і ён сканаў ад хуткай страты крыві. “Ювелір” выжыў, перанёс 90 апэрацыяў па ўратаваньню раздробленага бядра, ходзіць на мыліцах увесь ў мэталёвых хірургічных шрубах, клямарах і закрутах, радуецца жыцьцю і шануе памяць свайго загінулага выратавальніка.
Тут жа побач магіла беларускай дзяўчыны па прозьвішчу Зайцава. Над магілай “Мінска” яна сказала, што хацела б быць пахаванай каля яго. Неўзабаве яна загінула, і сталася, як казала.
Ёсьць ўражлівы мэмарыял каля сяла Машчун, дзе сярод загінулых герой Украіны беларус Аляксей Скобля (“Тур”). Вось што пішуць украінцы пра гэтае месца.
Аляксея Скоблю параніла ў часе бою. Маскалі напіралі. Іх было шмат. Украінцам трэба было адыходзіць на запасныя пазыцыі. І тады Аляксей вырашыў застацца і прыкрываць адыход пабрацімаў. Ваяры адышлі жывымі. Аляксей прыкрываў да апошняга і быў забіты ворагамі. Са 118 абаронцаў Машчуна жывымі засталіся 57.
У мэмарыяле ёсьць асобнае пахаваньне і памятны знак Аляксею Скоблю і той акоп, у якім ён абараняў адыход ваяроў і ў якім загінуў.
Па мэмарыяльным увекавечваньні памяці Аляксея салідарную ініцыятыву праявіла Алена Жаркевіч — знаная валанцёрка — і “Беларуска-Украінскі валанцёрскі цэнтр “Сустрэча”, у якім яна дзейнічае.
Наперадзе ў беларусаў (ва ўсіх беларусаў) вялікі мэмарыяльны абавязак — Сьцяна памяці загінулых ваяроў-беларусаў. Гэта трэба тым, што загінулі, і тым, што жывуць.
Зянон Пазьняк
2 жнівень 2026 г.


