4 жніўня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Інфантына – Усё?

Менш чым за тыдзень FIFA пасьпела прапанаваць прадаць частку чэмпіянату сьвету прыватным інвэстарам, атрымаць у адказ пагрозу байкоту ад UEFA, скасаваць плян — і ўсё роўна пачуць, што эўрапейцы больш не давяраюць Інфантыну.

28 ліпеня FIFA абвясьціла стварэньне новай структуры — FIFA Forward Enterprise (FFE), якая мусіла кіраваць чэмпіянатам сьвету і іншымі турнірамі. Арганізацыя ацэньвалася ў $20 млрд, FIFA плянавала захаваць кантрольны пакет, а мінарытарныя долі прадаць вонкавым інвэстарам, каб прыцягнуць да $4,2 млрд. Вядучым інвэстарам меў стаць фонд Thrive Eternal, заснаваны Джошуа Кушнэрам — братам Джарэда Кушнэра, зяця Дональда Трампа.

Інфантына прадставіў ідэю як спосаб паскорыць разьвіцьцё футболу ва ўсім сьвеце: «Футбол — самы папулярны від спорту ў сьвеце. Частка гульні ператварыла гэтую папулярнасьць у ўражлівую камэрцыйную каштоўнасьць — і мы вітаем гэты посьпех… Наша задача — зрабіць так, каб разам з гэтым рос і ўвесь астатні футбол».

UEFA адрэагавала першай і рэзка: «Гэта пераходзіць мяжу, якую кіруючыя інстытуты футболу ня павінны перасякаць ніколі. UEFA ставіцца да гэтага вельмі сур’ёзна. Як і павінна любая нацыянальная фэдэрацыя… Ніхто з нас не ўладальнік футболу. Гэта не FIFA вырашаць, прадаваць яго ці не». Да крытыкі далучыўся і новы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бёрнэм: «Футбол не належыць інвэстарам. Ён належыць тым, хто запаўняе трыбуны… Чэмпіянат сьвету — не прадукт. Гэта найвялікшае спаборніцтва ў сусьветным спорце, і ён ніколі ня быў чыімсьці, каб яго прадаваць».

Рэакцыя астатніх канфэдэрацый аказалася значна менш аднадушнай. CONCACAF (Канфедэрацыя футболу Паўночнай, Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басейну) плян адхіліла, але без пагрозы байкоту — заявіўшы рэзка: «Гэта сымптом кіраўніцтва, якое перастала ставіць футбол на першае месца… гэта чарговы крок у ланцугу падобных дзеяньняў».

AFC (Азіяцкая футбольная канфэдэрацыя) выказала «сур’ёзную занепакоенасьць» (гы-гы-гы) — прэзыдэнт канфэдэрацыі шэйх Салман бін Эбрагім Аль Халіфа заявіў: «Будучыня сусьветнага футболу мусіць вызначацца праз нармальныя кансультацыі, калектыўны дыялёг і павагу да існуючых структур кіраваньня гульнёй», — і асобна запатрабавала перагляду мэханізму прыняцьця рашэньняў у самой FIFA, адзначыўшы, што гэта не першы выпадак, калі плян прапаноўваецца без папярэдніх кансультацый з сябрамі.

CONMEBOL (Паўднёваамэрыканская футбольная канфэдэрацыя) занялі самую асьцярожную пазыцыю — не адхілілі плян, а запусьцілі кансультацыі з нацыянальнымі фэдэрацыямі і запыталі ў FIFA дадатковую інфармацыю па структуры і наступствах схемы. CAF (Афрыканская футбольная канфэдэрацыя) увогуле не выказаліся ні за, ні супраць, адклаўшы абмеркаваньне на наступны тыдзень. Рэзка і інстытуцыйна — галасаваньнем і пагрозай байкоту — адрэагавала толькі Эўропа.

30 ліпеня UEFA сабралася на надзвычайнае паседжаньне — і гэта было не проста заява кіраўніцтва. Усе 55 нацыянальных фэдэрацый арганізацыі аднагалосна прагаласавалі за адмову ад пляну FIFA і гатовасьць байкатаваць яе турніры — чэмпіянаты сьвету, мужчынскі і жаночы, а таксама клюбны чэмпіянат сьвету — калі плян ня будзе цалкам адкліканы з юрыдычна абавязваючымі гарантыямі, што FIFA больш ніколі не адкрые свае турніры для прыватных інвэстараў. Улічваючы, што на эўрапейскія зборныя прыпала шэсьць з апошніх васьмі тытулаў чэмпіёна сьвету, пагроза была не сымбалічнай.

31 ліпеня Інфантына плян скасаваў. AFC і CONCACAF скасаваньне віталі.

Але на гэтым усё не скончылася. Унутры самой FIFA ідэю ўспрынялі не менш балюча: дарадца Інфантыны Карлас Кардэйра падаў у адстаўку ў знак пратэсту яшчэ на стадыі абмеркаваньня, а апэрацыйны дырэктар арганізацыі публічна заявіў, што прэзыдэнт «падмануў» супрацоўнікаў наконт сапраўдных маштабаў пляну.

1 жніўня UEFA апублікавала заяву, у якой прама сказала: нават скасаваньне пляну не аднаўляе даверу. Арганізацыя назвала ўсю схему «убогай, кулуарнай, непразрыстай здзелкай» і напомніла словы самога Інфантыны з ягонай перадвыбарчай прамовы 2016 году — тады ён абяцаў: «Грошы FIFA — гэта вашыя грошы. Гэта ня грошы прэзыдэнта FIFA. Гэта грошы нацыянальных асацыяцый, і яны мусяць служыць разьвіцьцю футболу, а не чамусьці іншаму». На думку UEFA, абодва гэтыя абяцаньні — і пра празрыстасьць, і пра грошы — апынуліся парушаныя: «Цяперашняе кіраўніцтва FIFA страціла давер ня толькі UEFA, але і многіх іншых сяброў футбольнай сям’і». Рэзэрвы арганізацыі, для параўнаньня, перавышаюць $5 млрд — і, як адзначае UEFA, гэтыя грошы прастойваюць, замест таго каб ісьці на разьвіцьцё футболу на месцах.

Гэтую заяву варта чытаць у больш шырокім кантэксьце: плян FFE — не першая і не адзіная прычына засумнявацца ў тым, як уладкаваная ўлада ў FIFA пры Інфантыне. У 2016-м ён прыйшоў да ўлады на фоне адхіленьня ад футболу свайго галоўнага канкурэнта Мішэля Плаціні — таго самага, хто ў чэрвені гэтага году падаў у Францыі крымінальны іск супраць Інфантыны, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі кампаніі фальшывых абвінавачаньняў, якая нібыта і не дапусьціла Плаціні да прэзыдэнцтва. Справа пакуль не разгледжаная, але сам Плаціні на той момант тройчы быў апраўданы швайцарскім судом па справе, з-за якой яго адхілілі ў 2015-м. Ужо праз год пасьля абраньня Інфантыны, у 2017-м, са сваіх пасадаў былі зьнятыя адразу два чалавекі, якія адказвалі ў FIFA за незалежны кантроль над этыкай, — Карнэль Борбэй і Ханс-Ёахім Экерт, — пасьля таго як Борбэй пачаў вывучаць скаргі, якія тычыліся ўжо самога Інфантыны. Абодва публічна назвалі сваё адхіленьне «палітычным». Тады ж пазбавіўся пасады і кіраўнік камітэту па кіраваньні Мігел Мадуру, які незадоўга да гэтага прызнаў невыязным у Савет FIFA расійскага намесьніка міністра спорту Віталя Мутко (аўтара бессьмяротнага: Лет Ми Спик Фром Май Харт) — за паўгода да чэмпіянату сьвету ў Расеі. Мадуру пазьней апісаў FIFA як арганізацыю з «сыстэмнай праблемай»: палітычны картэль пры поўнай адсутнасьці незалежнага нагляду.

Асобна швайцарская пракуратура з 2020 па 2023 год расьсьледавала недакумэнтаваныя сустрэчы Інфантыны з генэральным пракурорам Швайцарыі Міхаэлем Лаўбэрам — у пэрыяд, калі ягонае ведамства якраз займалася справамі FIFA. Справа закрытая без абвінавачаньняў, але сам факт сустрэч без пратаколаў ніколі ня быў абвергнуты. Незалежныя назіральнікі — у прыватнасьці, некамэрцыйная арганізацыя FairSquare — апісваюць сыстэму, якая склалася вакол Інфантыны, тэрмінам «легальнае хабарніцтва»: фармальныя выплаты сябрам Савета FIFA і гарантаванае фінансаваньне фэдэрацый ствараюць лаяльнасьць без простага крыміналу, але і без рэальнай падсправаздачнасьці.

Фармальна плян FFE зьнік. Але крызіс даверу да Інфантыны толькі агаліўся — і, мяркуючы па тоне апошняй заявы UEFA, патрабаваньне знайсьці і пакараць тых, хто стаяў за схемай, там маюць намер давесьці да канца.

Крыніца: JMSPORTS

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПАМЯЦЬ ЖЫВЫХ

Украінцы шануюць памяць сваіх загінулых ваяроў. На Сьцяне памяці...

Мая Кляшторная (1937–2026)

Мая Кляшторная (1937–2026) — архітэктар, грамадзкі дзеяч й захавальніца...

Больш за палову палякаў выступаюць супраць уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз — апытаньне

Большасьць грамадзян Польшчы выступае супраць уступленьня Ўкраіны ў Эўрапейскі...

Апошняе

Латвія мае адчыніць мяжу зь Беларусьсю

Урад Латвіі адкінуў пастанову аб закрыцьці мяжы. Аднова працы...

Удар па эканамічных артэрыях агрэсара: Украіна зьнішчае інфраструктуру ворага

Украінскія сілы абароны нанесьлі дакладныя й трапныя ўдары па...

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПАМЯЦЬ ЖЫВЫХ

Украінцы шануюць памяць сваіх загінулых ваяроў. На Сьцяне памяці...

Мая Кляшторная (1937–2026)

Мая Кляшторная (1937–2026) — архітэктар, грамадзкі дзеяч й захавальніца...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: