Журналіст «Свабоды» Дзьмітры Гурневіч падзяліўся сваім захапленьнем ад працы беларускіх гісторыкаў і папулярызатараў, якія, нягледзячы на «эру тык-токаў і ютуба», запусьцілі гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта». «Для Цябе, Беларусь», — такі там пасыл ад аўтараў.
Вось ёсьць жа ў кагосьці імпэт. Група беларускіх гісторыкаў і папулярызатараў нашай мінуўшчыны запусьціла гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта». У эру тык-токаў і ютуба нам прапануюць ізноў чытаць. І гэта цікава. Тым больш што там — сэнсацыя на сэнсацыі. Я пра такое і не чуў. Сайт працуе на беларускай і расейскай мовах. Там ужо каля 20 артыкулаў, і штотыдзень зьявіцца некалькі новых. Там файныя тэмы і сюжэты, многія зь якіх для мяне з абсалютна новымі цікавымі паваротамі.
Напрыклад, «Цень Вітаўта. Гэта яна “падчышчала” за вялікім князем» — пра дыпляматку, візіянэрку, харызматычную асобу Ганну Кейстутавіч, жонку князя Вітаўта. Сучасьнікі Ганны сьцьвярджалі, што яна была адной з найпрыгажэйшых жанчын ва Ўсходняй Эўропе. І надта дзелавой і эфэктыўнай.
Як пачыналі беларускія анархісты. Былі часы, калі Беларусь вяла рэй у анархісцкім руху Ўсходняй Эўропы. Горад Горадня і Беласток, які тады адміністрацыйна ўваходзіў у Гарадзенскую губэрню, — гэтыя два гарады былі наймацнейшымі цэнтрамі анархізму ў Расейскай імпэрыі.
Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайлы, Жыгімонта, Казіміра.
Ці ведаеце, што каралям Кароны і вялікім князям ВКЛ катэгарычна было забаронена спажываць дыні? А рыбны рэцэпт ад нясьвіскіх Радзівілаў стаў папулярнай стравай імпэрскай кухні Аўстра-Вугоршчыны?
Чым беларусы зьдзіўлялі сьвет у ХІХ стагодзьдзі. Пра гісторыю ўдзелу беларусаў у сусьветных выставачных форумах. Ці шмат хто ведае, што ў Лёндане срэбным мэдалём была ўзнагароджаная аўсянка, якая выраблялася ў Ляўках Горацкага павету? Беларускую тытунёвую прадукцыю адзначылі срэбнымі мэдалямі на міжнародных выставах у Амстэрдаме (1883), Новым Арлеане (1885), на сусьветнай выставе 1889 году ў Парыжы і залатым мэдалём на міжнароднай выставе ў Турыне ў 1911 годзе.
Разьдзел «Постаці». І там ізноў неспадзяванка. Францішак Папроцкі — першы галоўны рэдактар першай рэгулярнай газэты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Нарадзіўся ў Беларусі 10 чэрвеня 1723 году, імаверна, на Меншчыне.
Шыкоўна, што ва ўсёй гэтай цемры людзям хочацца рабіць. «Для Цябе, Беларусь», — такі там пасыл ад аўтараў. Дзякуй, добрыя людзі! Я заліп — заліпайце і вы.


