Калі 26 красавіка 1986 г. адбылася вялікая катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, беларускае насельніцтва ня толькі не атрымала ніякіх тлумачэньняў, каб ратавацца ад накапленьня радыёнукліідаў, а наадварот, камуністычныя ўлады супакойвалі беларусаў і хлусілі, што ніякай бяды няма. Больш таго, камуністычны ўрад Беларусі адмовіўся ад велізарнай міжнароднай дапамогі (МАГАТЭ) для ратаваньня жыцьцяў людзей і па халуйску рапартаваў Маскве, што “мы справімся са сваімі праблемамі самы”. Так дапамога МАГАТЭ для беларусаў засталася ў Расеі.
Тады Народны Фронт патаемна распаўсюджваў сярод насельніцтва дзясяткі тысяч улётак пра небясьпеку Чарнобыля і меры перасьцярогі, пра якія павінны былі ведаць людзі.
У 1989 годзе 26 красавіка, у трэцюю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, Народнаму Фронту не дазволілі правесьці акцыю пратэста. І тады Фронт заклікаў людзей на плошчу перад Домам ураду на “хвіліну смутку і маўчаньня”. Тысячы беларусаў моўчкі стаялі на плошчы Незалежнасьці ў Менску (тады пл. Леніна), трымаючы запаленыя сьвечкі і плакаты з надпісамі пацярпелых раёнаў Беларусі ў поўнай цішыні. Кожныя 10 секунд званіў спэцыяльна зроблены фронтаўцамі Чарнобыльскі звон.
Каб абараніць беларусаў з забруджаных раёнаў ад вынікаў Чарнобыля, якія прадаўжалі жыць у радыяцыйнай зоне і ня мелі ніякай дапамогі, 30-га верасьня 1989 года Беларускі Народны Фронт абвясьціў шырокую акцыю пратэста – гучны звон бяды на Беларусі — Чарнобыльскі Шлях.
На заклік Фронта адгукнулася ўся Беларусь. Людзі ехалі на рэйсавых аўтобусах (асабліва з пацярпелых раёнаў), цягніках, прыватных аўтамабілях. Але аўтобусы, аўтамабілі, ды і ўвесь транспарт улады перапынялі на дарогах і не пускалі ў Менск. Толькі некаторым беларусам удалося прабрацца скрозь камуністычныя кардоны. І тым ня менш сабраляся 30 тысяч пратэстоўцаў. Калі б не кардоны было б у пяць разаў болей.
Мы ішлі велізарнай калонай ад гадзіньнікавага завода да плошчы Незалежнасьці (тады пл. Леніна). На мітынгу палымяна і бясстрашна выступалі вучоныя, пісьменьнікі, лекары, грамадзкія дзеячы — Зянон Пазьняк, Алесь Адамовіч, акадэмік Веліхаў з Масквы і інш. Асабліва мне запомніліся выступы беларускіх жанчын, якія эмацыйна, са сьлязьмі расказвалі пра тое, як камуністычная ўлада кінула іх і іхных хворых дзяцей на волю лёсу.
А потым мы пачулі званы. Яны запаўнялі сабой усю плошчу і ўваходзілі ў нашыя душы і сэрцы, каб памяталі навечна: бом-бом-бом…
Гэта была ўражлівая дэманстрацыя і магутны мітынг. Плошча была напоўнена людзьмі. Хоць ішоў дождж, ніхто не адыходзіў, стаялі пад дажджом. Уражвала і тое, што (як заўсёды, дарэчы) нічога на плошчы не было зламана, пашкоджана ці папсавана (ні трава, ні дэкаратыўныя кусты, ні транспаранты, ні іншае ўпрыгожваньне плошчы. Культура і парадак у Беларусі – традыцыйныя. Ганьбіць і ганіць сваё, сваю сталіцу нікому не прыходзіла ў галаву. Але ня выключаныя былі і правакацыі, таму Фронт заранёў арганізаваў моцную дружыну.
Гэта было ўпершыню – Чарнобыльскі Шлях. Раней пра катастрофу афіцыйна не гаварылася, на гэтую тэму камуністы наклалі моцнае табу, а ўсе СМІ – пад кантролем КПСС.
Арганізоўваў і аздабляў чарнобыльскія акцыі Беларускі Народны Фронт. І заўсёды ў нас была дружына з самых адказных і сумленных сяброў нашага Руху, якія ўважліва сачылі за парадкам і за тым, каб не было ніякіх правакацыяў. Улады баяліся народнага гневу, таму кожны год стараліся рабіць усялякія перашкоды ў нашых грамадзкіх мерапрыемствах, якія будзілі ў беларусаў пратэстныя настроі.
Пасьля Чарнобыльскага Шляху Беларускі народны Фронт арганізаваў у Менску Міжнародную Асамблею “Чарнобыльскі Шлях”. Асамблея адбылася 25 лістапада 1989 года ў будынку Чырвонага Касьцёла. Прысутнічалі дэлегацыі Украіны, Малдовы, Латвіі, Летувы, Эстоніі, мноства сьведкаў радыяцыйных злачынстваў з Чарнобыльскай зоны, прысутнічалі вучоныя Акадэміі Навук, знакамітыя людзі: Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, акадэмік Ліштван, доктар Нікітчанка, доктар Канопля, Доктар Пятраеў і шмат іншых. Быў ствараны грамадзкі Чарнобыльскі Трыбунал, які выслухаў сьведак чарнобыльскага злачынства і прыняў важныя дакуманты, якія потым аказаліся карыснымі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ў дзейнасьці дэпутацкай Апазыцыі БНФ.
Пасьля таго, як фронтаўскі Камітэт “Дзеці Чарнобыля” пад кіраўніцтвам Генадзя Грушавога адышоў ад агульнай фронтаўскай дзейнасьці і стаў самастойнай арганізацыяй, Беларускі Народны Фронт утварыў другі фронтаўскі Камітэт “Дзеці Чарнобыля — БНФ”, у якім ахвярна працавалі беларусы.
Мы пачыналі з арганізацыі аздараўленчага беларускамоўнага летніка. Сабралі дзяцей і паставілі задачу — ахінуць нашых беларускіх дзяцей цеплынёй і ўвагай, каб яны пражылі ў атмасфэры беларускай культуры, мастацтва, нашай гісторыі, беларускай традыцыі, у вандроўках па нашай Лагойшчыне.
Са старшынёй Фронта мы абмяркоўвалі канцэпцыю нашага Чарнобыльскага Камітэту і праблему Чарнобыльскай бяды разглядалі ў 2 аспэктах: фізычнага і духоўнага Чарнобылю.
Сваю задачу мы акрэсьлілі так: не падмяняць лекараў і не займацца выключна аздараўленьнем хворых дзяцей за мяжой (гэтак рабіў Грушавы), а ратаваць беларускіх дзяцей яшчэ і духоўна.
Каб выпрацаваць нашу фронтаўскую чарнобыльскую канцэпцыю, нам трэба было пазнаёміцца з праблемамі хворых дзяцей, зьвязаных з Чарнобылем, і тады шукаць свае шляхі ў гэтай працы.
Зянон Пазьняк параіў мне (як старшыні Камітэту) зьвярнуцца да лекараў, якія займаліся гэтымі пытаньнямі прафэсійна. Ён і сам сустракаўся з кіраўнікамі і і лекарамі інстытута па гэтай праблеме.
Так пачалося наша знаёмства з нацыянальнай бядой, зь вялікім пластом дзцячых праблем забруджаных раёнаў, а потым яно перарасло ў цеснае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім НДІ Радыцыйнай медыцыны ў Менску, дзе працавалі выключныя спэцыялісты.
Лекары гэтай навукова-мэдычнай установы выязджалі ў забруджаныя раёны Беларусі і рабілі шырокае абсьледваньне здароўя дзяцей, лячылі, рабілі навуковыя высновы, якіх ня мела ні адна краіна сьвету.
Потым наша супрацоўніцтва пашырылася. Мы пазнаёміліся з працай многіх медыкаў Беларусі:
— Цэнтарам шчытападобнай залозы пры клінічным Шпіталі №1;
— Анкалягчным цэнтрам пад кіраўніцтвам Вольгі Алейнікавай;
— Цэнтрам па лячэньні шчытападобнай залозы ў Аксакаўшчыне;
— Аддзяленьні дзіцячай паталогіі 3-га шпіталя Менска і іншых.
Мы высьвятлялі, якія праблемы існуюць у гэтых медустановах, каб лячыць дзяцей, і праз нашых сяброў за мяжой арганізоўвалі дапамогу (медапаратамі, мэдыкаментозную падтрымку).
Гэтаксама мы наведвалі дзіцячыя Дамы ў Салігорску, Менску, Дулебах, сьцыялізіраваны Цэнтар дзіці №1 у 4-м клінічным шпіталі.
Нас вельмі ўразіў Менскі Дом дзіцяці па вуліцы Разінскай, у якім знаходзіліся дзеці-немаўляты ад некалькіх месяцаў жыцьця — усе чарнобыльскія калекі, інваліды з нараджэньня. Там мы ўбачылі дзяўчынку з ластамі замест ножак; дзяўчынку, што нарадзілася без слыхавога апарату, хлопчык з адной ручкай і малымі ножкамі. І яшчэ шмат бяды і гора…
Мы знаёмілі людзей за мяжой з праблемамі хворых дзяцей Чарнобыля. Гэта сябры з Нямеччыны, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, беларускай эміграцыі ЗША і інш. Яны высылалі нам медыцынскую дапамогу мэтава: лекі, медыцынскую апаратуру, дзіцячае харчаваньне, вітаміны.
Наш вялікі сябра Вернер Лангенбан з Нямеччыны ня толькі сам шмат дапамагаў беларускім дзіцячым шпіталям, але і арганізаваў у сябе на радзіме Чарнобыльскі Фонд – па ўсёй краіне зьбіраў грошы для дапамогі.
Увесь цывілізаваны сьвет адгукнуўся на нашу бяду. Беларускіх дзяцей запрашалі на аздараўленьне. Толькі страшны прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі моцна перашкаджаў нам і стараўся хоць як-небудзь перашкодзіць у нашай працы. Так аднаго разу на наш фронтаўскі Камітэт ішоў вялікі канвой з Аўстрыі з медыцынскай дапамогай, якая была абяцана канкрэтным медустановам, дзе яе чакалі. У якасьці атрымальніка ў дакумантах было зарэгістравана маё прозьвішча як прадстаўніка БНФ, але ўлады патаемна ськіравалі гэтую дапамогу іншаму атрымальніку — да кіраўніцы іншага фонду Т. Белаокай. Яна спакойна атрымала гэты канвой, хоць у дакумантах стаяў Народны Фронт і маё імя. Так гэтую дапамогу не атрымалі тыя лекары, што яе чакалі, а спонсар, даведаўшыся, пакрыўдзіўся і болей дапамогай не займаўся. Непрыхільная ўлада дробна перашкаджала і так было ўвесь час.
Міжнародны аўтарытэт БНФ узрастаў. Праз нашу арганізацыю беларускіх дзяцей запрашалі на аздараўленьне ў розныя краіны. Таму мы дамовіліся з Інстытутам Радыяцыйнай медыцыны, што сьпіскі дзяцей на аздараўленьне з розных пацярпелых раёнаў складаюць лекары. Усё астатняе (візы, транспарт на прывоз дзяцей з раёнаў да цягніка, білеты, суправаджэньне і інш.) мы бяром на сябе.
Калі беларускія дзеці выязджалі ў Італію, італьянцы там наладзілі абсьледваньне нашых дзяцей і кожны раз прасілі прывозіць іх з розных пацярпелях раёнаў. Мяне зацікавіла гэта дасьледваньне, і я прапанавала абмеркаваць яго з італьянцамі. Адбылася сустрэча з прадстаўнікамі МАГАТЭ, дзе я прапанавала італьянскім дасьледчыкам цеснае супрацоўніцтва і нашым Інстытутам Радыяцыйнай медыцыны. Я разумела, што вынікі дасьледваньня за мяжой не павінны быць “схаваныя” ад беларускіх вучоных. Спачатку яны ўспрынялі прапанову станоўча, але потым не захацелі дзяліцца нашай медыцынскай інтэлектуальнай уласнасьцю. (Вось такая шчырасьць таго МАГАТЭ.)
Мы шмат езьдзіла па гарушчых раёнах Беларусі і бачылі шмат гора. Людзям у забруджаных раёнах не хапала элементарнага: лекаў, “чыстага” харчаваньня, лячэньня. І беларусы ціха паміралі. Так і сказаў бацька адной сям’і з-пад Хойнікаў: “Атруцілі нас, вось і паміраем мы на сваёй зямельцы.”
Усё ўбачанае лішні раз сьведчыла: для сапраўднага ратаваньня беларускай нацыі патрэбен быў нацыянальны парлямант і нацыянальны ўрад, каб па-дзяржаўнаму вырашаць праблему. Якраз гэтага Беларусь і ня мела…
Потым настаў рэжым Лукашэнкі. Ён паступова “ўбіраўся ў пер’е” і зусім не клапаціўся пра дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі. Нам дапамагалі зусім чужыя і невядомыя людзі, як маглі.
Аднаго разу са мной зьвязаўся адзін наш пчалавод-прадпрыймальнік і прапанаваў бочку мёду для хворых дзетак. Мы дамовіліся, што ён прывязе тую бочку ў НДІ Радыяцыйнай медыцыны, дзе праходзілі абсьледваньне хворыя дзеці, і арганізавалі раздачу гэтага добрага пачастунка. Дзеці, іхныя бацькі і лекары былі зьдзіўленыя і вельмі задаволеныя такім нечаканым сурпрызам.
У 1995-м я прыехала ў Мытны камітэт (па вул. Славінскага) “растаможваць” чарговы канвой зь лекамі, які ішоў праз нашу арганізацыю. Працэдура была знаёмая, і я разьлічвала прайсьці яе хутка, каб пасьпець адвезьці туды, дзе яе чакалі. Але на гэты раз я пачула ад мытнікаў:
— Па новаму распаражэньню (інструкцыі рэжыму Лукашэнкі) за “растаможку” трэба плаціць. Калі ў вас няма грошай, хай аплоцяць у наш бюджэт тыя з Аўстрыі, што прыслалі, у іх грошай шмат, – пачулі мы. — Ёсьць грошы на такія дарагія падарункі – знойдуцца на “растаможку”.
Гэтым разам я разьлічылася з Мытным камітэтам сваёй зарплатай, але было відавочна, што рэжым ня дасьць нам прадаўжаць гэтую працу і знойдзе ні адну прычыну, каб зьнішчыць вялікую бескарысную дапамогу для беларусаў.
Час ідзе. І, як бачым, прамаскоўскі рэжым прыдумвае ўсё новыя і новыя “мэтады” зьнішчэньня беларускай нацыі. Пра Чарнобыльскую катастрофу ўжо амаль не ўспамінаецца, вынішчэньне Беларусі ідзе ўсё па новых і новых накірунках. І нам, беларусам, каб выжыць – трэба змагацца за сваіх людзей, за сваё, народнае, нацыянальнае. На перашкодзе гэтаму – прамаскоўскі рэжым улады. Што ж рабіць нам сёньня, калі мы аказаліся ў выгнаньні?
Пра гэта думае і змагаецца наш Нацыянальна-Вызвольны рух “Вольная Беларусь”. І што б кепскае ні нёс сёньня рэжым, нельга сядзець, склаўшы рукі. Мы павінны ўжо цяпер гатавацца да будучыні, думаць аб ёй, шукаць дарог да яе. Мы, народ, спазнаем нашу сілу і моц, калі разам будзем ісьці да адной мэты – устаць да вялікай культурнай працы дзеля вызваленьня з путаў беднасьці, цемры, паняверкі, каб адчуць кожнай клетачкай нашай душы вялікі гонар, годнасьць і ўпэўненасьць у нашай праўдзе. Цяжкая гэта праца. Вымагае сілы. Але – бярэмся за працу! Успамінаем нашу вяліікую мову, вучым яе (хто ня ведае), гаворым на ёй, паглыбляемся ў веданьне нашай гісторыі, культуры, літаратуры, каб адчуць яе веліч. Гэта напоўніць нашыя сэрцы вялікай любоўю да Бацькаўшчыны, за якую, калі спатрэбіцца, ня страшна аддаць і жыцьцё, бо калі любоў да Беларусі перапоўніць нашыя сэрцы – вырастуць крылы! Як пісаў наш вялікі паэт:
«Пара ў рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.»
29 чэрвень 2025 г.
Галіна Пазьняк, настаўніца, філолаг.
Канфэрэнцыя “Беларусь: выжываньне і адраджэньне нацыі”