Апошнім часам расейцы і прарасейскі лукашысцкі рэжым ў інфармацыйнай вайне супраць беларусаў ўсё больш выкарыстоўваюць мэтад дэзінфармацыйнага ахайваньня і адміністрацыйнага вынішчэньня імёнаў вялікіх людзей нацыі. Мэтадалёгія 1930-х гадоў. Знакавыя людзі творчай клясыкі, гісторыі і сучаснасьці аб’яўляюцца “экстрэмістамі”, “тэрарыстамі” (у 1930-х — “ворагі народа”), творы і здабыткі іх забараняюць і зьнішчаюць, памяць ахайваюць.
Такая мэтодыка другаснага генацыду ў культуры разам з адміністрацыйнай забаронай ужываецца “канторай” найперш дзеля ўплыву на маладое пакаленьне (якое ня памятае 90-х гадоў).
Мэтады “энтузіястаў” ў эміграцыі такія самыя, толькі з дэманстрацыяй крытыкі рэжыму. За мяжой гэтым займаецца такі Аляксандар Чайчыц. Гэта “не зусім беларус” з Масквы, выхадзец з партыйна-намэнклятурнага расейскага асяроддзя. У Беларускую эміграцыю ён увайшоў даволі пасьпяхова, апынуўся ў Радзе БНР і нават у яе Прэзыдыюме. Але паводзіў сябе неасьцярожна, быў заўважаны і выдалены з Рады (што, дарэчы, вельмі рэдкая зьява для Рады БНР).
Дзеяньнем у адказ стала сістэмнае публічнае ахайваньне Старшыні Рады БНР спадарыні Івонкі Сурвілы. Наступны крок — ахайваньне ўсёй знакамітай ваеннай і паваеннай беларускай эміграцыі. Далей Аляксандар Чайчыц выступіў з ахайваньнем імя Васіля Быкава (дарэчы выраблена, з капаньнем у інтыме).
Апошняе агрэсіўнае хамства “канторы” супраць Быкава было зафіксавана 30 гадоў таму. Тады ў намэнклятурным друку выступіла такая вядомая сярод сваіх манкурцкая асоба нехта Уладзімер Сеўрук (быў намесьнікам загадчыка Аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПСС). Гэты Сеўрук абазваў Бакава “літаратурным паліцаем” (тады ў “канторы” такое было ў модзе, наконт мяне, напрыклад, “раскапалі”, што я быў “нямецкім паліцаем”).
Лукашысцкі рэжым ненавідзеў Быкава ўвесь час (прысьпешыў яго сьмерць), але адкрыта брахаць на класіка ў друку не рашыўся. Разумелі, што эфэкт можа быць адваротны. Асабліва калі расьпішуцца асобы тыпу Азаронка, Тура, Маркава ці іншых “сьпецоў”.
Тут (за мяжой) гэтую справу вольна выканаў Чайчыц. Прытым сістэмна, склаў ужо некалькі допісаў супраць Быкава.
На гэтым “праца”, відаць, ня спыніцца. За мяжой бар’ераў не існуе. На чарзе Народны Фронт, Дэпутацкая Апазіцыя БНФ, Незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, Полк Каліноўскага і інш. (Супраць мяне ён яшчэ пісаў няшмат, папрасіўся сфатаграфавацца). Такіх як Аляксандар Чайчыц цяпер ў эміграцыі хапае. Асабліва сярод “дэмсмі”. Тут ім вальней, чым у Беларусі. Можна насіць назву “апазыцыі”, інтэлектуала, беларуса і гадзіць на лепшых беларусаў беспакарана і сьмела. Свабода.
Прапаганда тут не забаронена. Шмат дазволена. Але беларусам трэба ведаць пра асобаў, якіх нельга пускаць ў дом, нават ў прыхожую, нават на парог, у прыстойнае таварыства. Сеўрукам лепш быць асобна, а беларусам — асобна, бо ёсьць межы, якія не парушаюцца.
14 верасень 2024 г.
Зянон Пазьняк