23 лістапада 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Зянону Пазьняку ‒ 80! Цікавыя факты з біяграфіі

24.04.24 г. спаўняецца 80 год легендарнаму беларускаму палітыку, сапраўднаму нацыянальнаму лідэру Зянону Пазьняку.

Палітык працягвае весьці актыўную палітычную дзейнасьць і барацьбу, здольны здзіўляць нечаканымі і нестандартнымі палітычнымі крокамі, а таксама ўражвае сваемі вострымі аналітычнымі здольнасьцямі і прагнозамі, якія з дакладнасьцю збываюцца.

WARTA сабрала для вас цікавыя факты з біяграфіі дзеяча.

Змест:
Нарадзіўся ў беларускім мястэчку Суботнікі
Да школы ня ведаў расейскай мовы
Дзеда расстралялі расейцы, бацька і дзядзька загінулі на вайне
Маці
У шэсьць гадоў ледзь не патануў у Гаўі
У юнацтве мроіў выправіць памылкі гісторыі
Уратаваў стары Менск і Купалаўскі тэатр ад разбурэньня
Голад
Вёў антысавецкую барацьбу і друкаваў самвыдат, зазнаў рэпрэсіі
Зазнаў перасьлед, двойчы выключалі з інстытуту
Сябраваў з Уладзімерм Караткевічам
Адкрыў сьвету страшную праўду пра расейскі генацыд у Беларусі
«Трасянка»
Беларускі Народны Фронт і незалежная Беларусь
Чарнобыль
Напісаў пра імперскую хваробу Расеі ў 1994 годзе
Папярэджваў пра небясьпеку прэзідэнцтва і Лукашэнкі
Падтрымаў змаганьне чачэнцаў за незалежнасьць
Вымушаная эміграцыя
Прапаганда
Жонка
Фатограф, паэт, пісьменьнік
За апошнія 30 год выдаў больш за 40 кніг
Падтрымаў народныя выступы ў 2020 годзе
Лідэр Руху Вольная Беларусь

Нарадзіўся ў беларускім мястэчку Суботнікі

Нарадзіўся Зянон Пазьняк 24 красавіка 1944 году ў беларускім мястэчку Суботнікі на Віленшчыне.

Дарога на Суботнікі. Фота Зянона Пазьняка

Да школы ня ведалі расейскай мовы

Зянону Пазьняку пашанцавала належыць да тых беларусаў, якія ня ведалі «двуязычия» і з маленства размаўлялі толькі па-беларуску.

Як узгадваў сам Пазьняк, расейшчыну ўпершыню пачуў у другім класе школы. Тады настаўніца расейскай мовы пачала ўпершыню прывучаць дзяцей да расейскіх дыктантаў: «Выпал снежок. Дети выбежали на перемену. — Ребята! — сказал Вова. — Давайте сваляем бабу! Ребята дружно начали валять бабу». Пасьля апошніх словаў увесь клас заціх, а потым выбухнуў рогатам: беларускамоўныя дзеці гэтак зрэагавалі на расейскую прапанову «павалять бабу».

Адметна, што яшчэ школьнікам Пазьняк змагаўся з русіфікацыяй. І нават сшыткі па рускай мове прынцыпова падпісваў па-беларуску.

Сшытак 10-ці класьніка Зянона Пазьняка і выпраўленьні расейскай настаўніцы

У школе ж, яшчэ 4-класьнікам, Пазьняк зазнаў і першыя рэпрэсіі па палітычных матывах: яго на два тыдні выключылі са школы за спрэчкі з настаўнікамі на «забароненыя» тэмы.

Дзеда расстралялі расейцы, бацька і дзядзька загінулі на вайне

Дзедам Зянона Пазьняка быў вядомы беларускі нацыянальны дзяяч Заходняй Беларусі Янка Пазьняк – лідэр Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, асьветнік, палітык, рэдактар і выдавец шматлікіх часопісаў: «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Хрысьціянская думка».

Ян Пазьняк з жонкай і дачкой, за працай над «Беларускай крыніцай»

У кастрычніку 1939 году Ян Пазьняк быў арыштаваны расейскім НКВД і вывезены з Вільні ў Ігумен, а пасьля ў Менск. Дакладна вядома, што Ян Пазьняк быў расстраляны. Але невядомая ні дакладная дата сьмерці, ні дакладнае месца расстрэлу.

У 1988 годзе падчас раскопак месца масавых расстрэлаў у Курапатах Зянон Пазьняк меў надзею адшукаць парэшткі дзеда: «У 1988 годзе, падчас археалягічных раскопак Курапатаў, у мяне тлела надзея, што я знайду там яго парэшткі. Такія цуды бываюць. У адным з дасьледаваных мной пахаваньняў у Курапатах было настраляна з людзей інтэлігентных і гарадзкіх, у несавецкім адзеньні. Быў выяўлены нават чэрап, з акулярамі, як у майго дзеда на фатаграфіі. Але ідэнтыфікаваць нічога не ўдалося».

На вайне з іншымі захопнікамі – нямецкімі – загінулі дзядзька і бацька Зянона Пазьняка, якога ён ніколі не бачыў. Разам з тым, вобраз і ідэал бацькі панаваў у хаце, дзе рос палітык.

Маці

Ганна Яўхімаўна Пазьняк выхоўвала сына адна. Як узгадваў сам Пазьняк, сваё жыцьцё яна цалкам прысьвяціла выхаваньню сына. З ёй яны былі вельмі блізкія духоўна ўсё жыцьцё.

Ганна Яўхімаўна Пазьняк

Малавядомы факт, што падчас вайны яе, ужо цяжарную Зянонам, ледзь не забілі польскія нацыяналісты, прыставіўшы пісталет да жывата:

«…прышлі забіваць. Увайшло трох. Двох незнаёмых гаварылі па-польску, а трэці ў кажушку (нейкі мясцовы лапаць, „ дзямук”, як мама казала) маўчаў і ўсё твар засланяў каўняром, каб не пазналі. Маці паставілі да сьцяны. Яна была на пятым месяцы цяжарнасьці мной. Незнаёмец паставіў ёй пісталет у жывот і ўсё крычаў казьліным голасам:

– Гдзе ойцец? Гдзе ойцец, пся крэв!? Мув! Забіе це!

Маці мне расказвала, што яна ўвесь час думала пра мяне, малілася і не спалохалася. Верыла, што Бог пачуе і яе са мной не заб’юць. Экзэкутары пастралялі ў столь і пайшлі. Так я з маці застаўся жыць і неўзабаве нарадзіўся. А гэта вось выпадак, калі адчуваньне сваіх аказалася мацнейшым ад таго, хто што пра сябе думаў» (з успамінаў Зянона Пазьняка).

Аднойчы яны з маці патрапілі пад моцную залеву па дарозе ў суседняе мястэчка ды мусілі павяртацца:

«Прыйшлі, калі ўжо запаліліся першыя зоркі. Пераапрануліся ў сухое і падпалілі ў печы. Печка гудзела. Полымя ахінала чугунок, дзе кіпела вада і варылася бульба. А маці і кажа: „Як добра, мой сын, мець свой родны дом, як добра!”»

У шэсьць гадоў ледзь не патануў у Гаўі

Маста праз раку Гаўю ў Суботніках тады не было (яго ўзарвалі бальшавікі падчас вайны) і мясцовая рабятня пераплывала раку. Усе перабраліся на другі бераг, а шасьцігадовы Зянон яшчэ не ўмеў добра плаваць:

«Кінуўся я ў вір – і адразу на дно. Кручуся, тузаюся, а цячэньне мяне нясе далей. Прайшло столькі гадоў, а помню ярка і выразна гэты жоўты пясочак на дне, асьветлены сонцам, і блікі. Я дакладна ўсьведамляў, што таплюся і гэта сьмерць. Усьведамленьне цяжка перадаць словамі (калі ўспомню – адчуваю і цяпер). Мне пачало патрэсківаць у вушах, грудзі сьціснула (бо паветра, якога я набраў, скончылася). Страху не было, але нейкае глыбокае адчуваньне жалю. Памятаю апошнюю думку, якая ў мяне зьявілася і сфармулявалася ў словах: „ Як жа мама мая будзе плакаць, я ж у яе адзіны сын”. У вачах пацямнела, я адчыніў рот і ўжо захлынуўся».

Выратавацца тады атрымалася літаральна цудам, адштурхнуўшыся ад дна.

“Летні разьліў Гаўі”. Фота Зянона Пазьняка. 1959 г.

У юнацтве мроіў выправіць памылкі гісторыі

У юнацтве Пазьняк марыў выправіць гістарычныя памылкі нашых продаў:

«Альгерд, думаю. Гэта ж які рыцар! Бухнулі перад ім маскоўцы на калені – ён і дараваў. А ў іх гэтая прывычка яшчэ ад манголаў засталася. Жыць хацелася, дык жонкамі адкупляліся, а тады перад ханскім канём ракам на калені стаць, каб хан паступіўся і на каня сеў.

„ Памятайце, – кажа Альгерд, – што маё кап’ё было пад маскоўскай сьцяной.”

Ага, надта ім трэба было памятаць. Яны думалі, што абхітрылі рыцара, што „ он де прост, как дерево, а наш брат хитер”. Рыцарства, – думаю сабе, – гэта абавязкі роўных. Золата перад сьвіньнямі ня кідаюць. Варварам не даруюць, бо яны таго дараваньня не разумеюць. Маскву трэба было спаліць і ўсіх пасадзіць на кол. Ня мелі б праблем» (Зянон Пазьняк, «Тэрра Дэй»).

Зянон Пазьняк. Аўтапартрэт. 1964 г.

Уратаваў стары Менск і Купалаўскі тэатр ад разбурэньня

У 60-я гады савецкія ўлады пачалі татальнае разбурэньне гістарычнага Менску, якое цягнецца і дагэтуль.

Куточкі старога гораду атрымалася ўратаваць дзякуючы ў вялікай ступені намаганьням Зянона Пазьняка, а таксама Лявона Баразны:

«Я падлічыў, што на абарону старога Менска ад разбурэньня мне наканавана было патраціць 25 гадоў грамадзкага змаганьня, аж да 1990 года, калі ўвесь час прышлося аддаць на палітычную барацьбу. Шмат што неверагодным чынам удалося ўратаваць, і нават аднавіць (частку Траецкага прадмесьця, Верхні горад, Кальварыйскую браму і касьцёл, касьцёл на Залатой горцы і інш.).

У 1969 годзе мне зь Лявонам Баразной і пры дапамозе Генадзя Бураўкіна (тады ўласны карэспандэнт „Праўды”) удалося на тры гады прыпыніць машэраўскі разбуральны сьверб. (Надрукавалі артыкул у „Правде” у абарону Нямігі. Супраць воргана ЦК КПСС „Правды” 1-ы сакратар рэспубліканскага ЦК пайсьці ня мог.) Да разбурэньня Машэраў вярнуўся ў 1972 годзе. У гэтым жа годзе кагэбістамі (тут жа ў старым горадзе) быў забіты мой сябра Лявон Баразна, і пачалося паляваньне на «нацыяналістаў». Так што змаганьне за Менск (за захаваньне яго гістарычна-архітэктурнай спадчыны) – гэта была арэна вялікай вайны, якая працягваецца па сёньняшні дзень» (Зянон Пазьняк, «Добрая фатаграфія»).

У 1985 годзе выйшла з друку гістарычна-папулярная кніга Зянона Пазьняка пра стары Менск «Рэха даўняга часу», вялізным накладам у 11 000 экзэмпляраў. У кнізе былі зьмешчаныя старыя фатаздымкі Менску, зробленыя Зянонам Пазьняком, а таксама гістарычныя матэрыялы і факты. На здымках можна пабачыць Менск, якога ўжо няма: напрыклад, гістарычную вуліцу Няміга са старой забудовай.

Зьнішчаная сёньня Няміга захавалася на фотаздымку Зянона Пазьняка

У 1986 годзе праводзіў раскопкі разбуранага саветамі касьцёла і кляштара Дамініканцаў у Менску, дзе выявіў магілу ахвяраў масавага расейскага генацыду сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя: «Мне давялося рабіць самыя цяжкія археалягічныя дасьледаваньні ў маім жыцьці – раскопкі падмуркаў касьцёла й кляштара Дамініканцаў у Менску. Цяжкія ня ў тым сэнсе, што было ўскрыта 1000 кв.м плошчы за сэзон і прыйшлося працаваць часам па 18 гадзін у суткі, цяжкія тым, што помнік быў нібы “ўтоплены” ў чалавечых касьцях, пахаваньнях і брацкіх магілах сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя. Гэта быў час страшнай вайны, час жахлівага вынішчэньня, калі было забіта, загінула, вымерла ад эпідэміяў больш за палову (51 адсотак) насельніцтва Беларусі. Тады наш народ перамог, адстаяў сваю незалежнасьць, але сілы яго ўжо былі падарваныя. Больш жахлівай пары ня ведала наша гісторыя аж да першай паловы XX ст., да часоў сталіншчыны, і, о няшчасьце, яно прыйшло якраз тады, калі мы толькі-толькі пачалі станавіцца на ногі, калі перад нашай нацыянальнай будучыняй яшчэ толькі трымцела сьвітаньне… Вось яно, наша сьвітаньне, у раскапаных магілах у Курапатах глядзіць на мяне пустымі вачніцамі, зь якіх, нібы сьлёзы, высыпаецца, сыплецца жоўты пясок».

Раскопкі Дамініканскага кляштару і касьцёлу

Падмурак Дамініканскага касьцёлу, дарэчы, быў тады закансерваваны Зянонам Пазьняком, і дагэтуль чакае свайго часу ў Менску ля Палаца Рэспублікі. У вольнай Беларусі на гэтым падмурку можна будзе правесьці рэканструкцыю.

Сучасны выгляд месца, дзе закансерваваныя падмуркі Дамініканскага касьцёлу. У 2023 годзе ахоўная шыльда была зьнішчаная

Голад

У 1964 годзе маладому Зянону Пазьняку давялося спазнаць сапраўдны голад пасьля таго, як яго выключылі з універсітэту па палітычных матывах: «Ні грошай, ні працы, ні прапіскі, ні жыльля. (Без прапіскі на працу ня бралі. Уся праца была савецкая, г. зн. пад кантролем камуны-гэбэ. Прыватная ўласнасьць была забаронена.)». Запазычыць жа грошы ў сяброў-студэнтаў, якія самі жылі бедна, не было магчымасьці.

Становішча было на столькі катастрафічным, што малады хлопец ледзь трымаўся на нагах ад голаду.

«Неўзабаве я знайшоў працу, дзе ў мяне нават не спыталі пра прапіску, задаволіўшыся старым студэнцкім білетам, тэрмін важнасьці якога яшчэ ня скончыўся. Гэта праца рабочага сцэны за 50 рублёў у Вялікім тэатры опэры і балета (мінімальная савецкая зарплата, ўстаноўленая законам, была тым часам 70 рублёў; пражыць за яе было немагчыма). Праца ў першую зьмену была даволі цяжкай. Асабліва цяжка было ад слабасьці, бо я амаль ня еў, а грошы змагу атрымаць толькі праз паўмесяца».

Вёў антысавецкую барацьбу і друкаваў самвыдат, зазнаў рэпрэсіі

У савецкія часы Зянон Пазьняк быў актыўным удзельнікам антысавецкага нацыянальнага падпольля.

У 1974 годзе (у 30 год) стварыў і надрукаваў грунтоўную працу «Становішча ў Беларусі» пад псеўданімам «Генрых Ракутовіч» (усяго дзяяч мае больш за 12 псеўданімаў). Гэта была ўсеабдымная грунтоўная праца аб усіх аспектах расейскай акупацыі Беларусі і палітыцы расейскага генацыду.

Праца на дзіва актуальная і сёньня, роўна праз 50 год ад моманту друку:

«Мы жывем на сваёй зямлі, як на парахавой бочцы, ядзернай бочцы. Яна ашчэрылася чужымі ракетамі, пакрылася гарнізонамі, глухімі заборамі і калючым дротам. Нашы ўсе без выключэньня гарады, мястэчкі перапоўненыя ваеннымі (як правіла, не беларусамі)»

«Становішча ў Беларусі», 1974 год («Генрых Ракутовіч»)

«Усё сапраўды беларускае зараз пераследуецца, аплёўваецца, вычвараецца, забараняецца; выкарыстоўваюцца паклёпніцкія вымыслы і інсінуацыі; беларуская мова выгнана амаль адусюль, з усіх дзяржаўных, урадавых, навучальных, навуковых і інш. устаноў…

У выступах і дакладах вы пачуеце бясконцыя юбілейныя возгласы і запэўніваньні на расейскай мове аб любові да “родной Белоруссіі”, “Белорусь”, “Белоруссія-партізанка”, “Хатынь”, “многострадальный белорусскій народ” (канешне ж, разам з “велікім русскім народом”) і г.д. і т.п.»

«Становішча ў Беларусі», 1974 год («Генрых Ракутовіч»)

«Мы павінны пахаваць назаўсёды гэтую ласкутна-каланіяльную імпэрыю, гэтую імпэрскую ідэалогію і імпэрыялістычную ідэю ва ўсіх яе праявах, будзь то СССР, РСФСР, “интернационалистский” камунізм, самадзяржаўе ці “демократическая Россия”.

Гэта наша агульная самая галоўная аб’ектыўная неабходнасьць. Гэта адзіная зарука нашай свабоды, нашай дэмакратыі, нашага незалежнага нацыянальнага існаваньня і чалавечага жыцьця» («Становішча ў Беларусі», 1974 год, «Генрых Ракутовіч»).

Гэтую працу меркавалася перадаць за мяжу, каб сьвет даведаўся праўду аб акупацыі Беларусі. Ці трэба казаць, што ў савецкі час за падобныя выказваньні цалкам рэальна пагражаў расстрэл, таму ўся «аперацыя» выконвалася ў максімальнай кансьпірацыі, але, на жаль, рэалізаваць яе гэтак і не атрымалася.

Зазнаў перасьлед, двойчы выключалі з інстытуту

За сваю палітычную дзейнасьць Зянон Пазьняк неаднаразова трапляў пад рэпрэсіі, пачынаючы са школы, а ў дваццаць год быў выключаны з інстытуту:

«Двойчы выключалі з інстытута. Першы раз у 1964 годзе падстроілі камуністы, партбюро і т.п., другі раз — КДБ. Было гэта ў 1967 годзе, калі я здаў усе экзамены за апошні курс, засталася толькі абарона дыплома.

Наступныя рэпрэсіі адбыліся ў 1975 годзе. Таксама апынуўся без працы, без сродкаў да існаваньня. Тут было ўсё жорстка і доўга — і допыты ў КДБ, і цкаваньне, і г.д. Загналі ў шпіталь, атрымаў хваробу сэрца і выбіраўся зь яе гадамі. Асноўная прычына — у дысертацыі прысьвяціў шмат месца дасьледваньню творчасьці Францішка Аляхновіча, дзейнасьці Каруся Каганца, Леапольда Родзевіча, братоў Луцкевічаў, Беларускай Сацыялістычнай Грамады, «Нашай нівы» і «Беларуса» і ўвогуле ўсяму таму пласту беларускай культуры, пра які тады было забаронена нават успамінаць» (Зянон Пазьняк, «Сапраўднае аблічча»).

Зянон Пазьняк у маладосьці

Сябраваў з Уладзімерм Караткевічам

Зянон Пазьняк асабіста быў знаёмы з Уладзімерам Караткевічам і ездзіў у экспедыцыі па Беларусі са знакамітым пісьменьнікам.

Дарэчы, у апісаньні Караткевічам адной з такіх экспедыцый на параходзе ёсьць сяброўская ўзгадка «Зянона»: «Востры водар лазы і над Туравам, дзе нас, урэшце, дагнаў з рэшткамі апаратуры наш мастацтвазнаўца, сябар Зянон уласнай персонай. А мы ж толькі радаваліся пры думцы аб тым, як некалькі начэй ён будзе спаць на паліцы і куды ён пры гэтым падзене свае цыбатыя ногі…. Спакавалі рукзакі. Зянон узлез на сваю паліцу, звесіўшы з яе ногі: ні даць ні ўзяць — макароны на лыжцы». Таксама з тэксту вынікае, што падчас агляду гістарычных руінаў ледзь не адбылося здарэньне: «…як улезлі ў маленькую сігнатурку на даху (Зянон з Валянцінам ледзь не скончылі там сваіх брэнных жыццяў, бо падламаўся прыступак лесвіцы), то ад відовішча займае дух»

(Уладзімер Караткевіч, «Званы ў прадоньнях азёр», 1969 г.)

У іх узаемадачыненьнях ёсьць адзін знакавы для Беларусі эпізод: справа ў тым, што менавіта Зянон Пазьняк адшукаў у архівах культавы фотаздымак Кастуся Каліноўскага, вядомы сёньня кожнаму беларусу.

Копію гэтага фотаздымку Зянон Пазьняк прэзентаваў у якасьці падарунка на 35-ці годдзе Караткевічу, падпісаўшы яго так: «Няхай тваё жыцьцё будзе вартым ягонай сьмерці». Уладзімер Сямёнавіч быў моцна ўражаны такім каштоўным падарункам.

Зянон Пазьняк і Уладзімер Караткевіч падчас экспедыцыі па Беларусі

Культавы здымак Кастуся Каліноўскага, знойдзены і скапіраваны ў архіве Зянонам Пазьняком

Адкрыў сьвету страшную праўду пра расейскі генацыд у Беларусі

Менавіта Зянон Пазьняк раскрыў сьвету праўду пра масавыя расстрэлы ў Курапатах і іншых месцах.

Пазьняк даведаўся пра расстрэлы ў Курапатах яшчэ ў 70-х гадах. Але тады праўду агучыць было немагчыма, бо махровы савецкі рэжым проста зьнішчыў бы ўсё дазваньня. Таму Пазьняк захоўваў таямніцу шмат год, пры гэтым зьбіраючы матэрыялы і запісваючы расповяды яшчэ жывых сьведкаў расстрэлаў.
Унікальны момант для раскрыцьця праўды настаў у канцы 80-х гадоў, калі Савецкі саюз знаходзіўся ў глыбокім палітычным ды эканамічным крызісе, і ўлады абвесьцілі «перабудову».

На раскопках у Курапатах

3 чэрвеня 1988 году ў газеце «Літаратура і Мастацтва» выйшаў сенсацыйны артыкул аўтарства Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці». Цэнзура не прапускала артыкул да друку, але быў выкарыстаны ўдалы палітычны момант, і рэдакцыя здолела аддрукаваць тыраж. Прадмову да артыкулу напісаў Васіль Быкаў.

Артыкул выклікаў эфект разарваўшайся бомбы ва ўсім СССР. Тэкст перадрукоўвалі, пашыралі, перадавалі з рук у рукі, літаральна, зачытвалі да дзір.

Упершыню ўвесь сьвет даведаўся аб маштабах расейскага генацыду ў Беларусі.

Адкрыцьцё праўды пра Курапаты ўскалынула беларускае грамадства. І ўжо праз некалькі месяцаў адбылася першая масавая акцыя на Дзяды. Тады беларусы прайшлі шэсьцем да Курапатаў, супраць дэманстрантаў быў упершыню ужыты газ. Пасярод поля адбыўся імправізаваны мітынг, на якім выступіў Зянон Пазьняк. І тады ж упершыню на масавай акцыі быў узьняты Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Можна з упэўненасьцю сказаць, што адкрыцьцё Курапатаў стала каталізатарам стварэньня народнага руху за незалежнасьць Беларусі – Беларускага Народнага Фронту.

30 кастрычніка 1988 году. Першыя масавыя Дзяды. Прамаўляе Зянон Пазьняк

30 кастрычніка 1988 году. Першыя масавыя Дзяды. Узьняты гістарычны Бел-Чырвона-Белы сьцяг

Дарэчы, само слова «Курапаты» было прыдуманае Зянонам Пазьняком. Раней гэтае месца называлася Брод. Зянон Пазьняк шукаў новую назву і пачуў, як мясцовыя хлопчыкі казалі пра гэты лес: «Хадзілі туды ў курапаткі». Было вырашана назваць урочышча Курапатамі. Гэта дазволіла спыніць на караню ўсе «гістарычныя» маніпуляцыі і містыфікацыі ўладаў, бо раней такой назвы проста не існавала. Як і прадказвалася, праз пэўны час у афіцыйным друку пачалі «сьведчыць ветэраны», што бачылі, як немцы вазілі людзей на расстрэл у месца, дзе быў указальнік «на Курапаты». Гэта было відавочнай для ўсіх хлусьнёй.

«Трасянка»

Дарэчы, вядомае кожнаму слова «трасянка» патрапіла ў шырокі ўжытак таксама ад Зянона Пазьняка: «…мне прыходзілася пісаць пра разбуральныя вынікі прымусовага двухмоўя на Беларусі («Радуга», 1988, №4). Тады беларуска-рускі „піджын” я назваў беларускім словам „трасянка”, ня думаючы, што гэты тэрмін прыжывецца потым ў паняцьцях пра мову».

Беларускі Народны Фронт і незалежная Беларусь

Менавіта Зянон Пазьняк з’яўляецца ініцыятарам стварэньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту – нацыянальнай палітычнай сілы, якая прывяла Беларусь да незалежнасьці.

Адбылося гэта на сходзе «Мартыралёга» 19 кастрычніка 1988 годзе ў Чырвоным касьцёле. Тады Васіль Быкаў рашуча ўзяў мікрафон і прапанаваў кандыдатуру Зянона Пазьняка на ролю старшыні: «Гэты чалавек павінен быць пазбаўлены таго вялізнага недахопу, які ёсьць ва ўсіх нас, які выхаваны ўсімі папярэднімі гадамі, – ён павінен быць пазбаўлены страху. Найперш страху перад начальствам. І такім чалавекам (я думаю, што вы мяне падтрымаеце) я назаву Зянона Станіслававіча Пазьняка».

Васіль Быкаў рашуча бярэ мікрафон і прапануе кандыдатуру Зянона Пазьняка, 19 кастрычніка 1988 г.

Стасункі з геніяльным пісьменьнікам у Зянона Пазьняка заўсёды былі выключнымі: яны падтрымлівалі адзін аднаго, шанавалі і вельмі паважалі.

«Падобна, час Пазьняка яшчэ не настаў, хоць можа падацца, што ён мінуў. Ня кожная нацыя мае такіх лідэраў, хоць, як вядома, лёс іх заўсёды трагічны. Што ж да Беларусі, дык увесь яе гістарычны лёс трагічны, і ў гэтым сэнсе мне бачыцца пэўная адэкватнасьць лёсаў краіны і Зянона Пазьняка» – казаў Васіль Быкаў у адным з інтэрвью ў 2001 г.

Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў, 1993-1994 гг.

Зянон Пазьняк адным з першых абвесьціў курс на Незалежнасьць Беларусі. У канцы 80-х падобныя заявы ўспрымаліся даволі скептычна нават у коле нацыянальна-арыентаванай інтэлігенцыі. Але прайшло 3 гады, і 25 жніўня 1991 году Беларусь абвесьціла незалежнасьць. Гэта адбылося дзякуючы змаганьню Беларускага Народнага Фронту і асабіста Зянону Пазьняку. Гэтаксама былі вернутыя гістарычныя сымбалі беларусаў – гэрб Пагоня і Бел-Чырвона-Белы сьцяг.

Чарнобыль

Зянон Пазьняк пашыраў у сьвеце праўду і яшчэ пра адно савецка-расейскае злачынства: Чарнобыль. Палітык прыклаў вялікія намаганьні для раскрыцьця праўды пра тую катастрофу, аказаньня дапамогі і рэабілітацыі беларусаў.

Напісаў пра імперскую хваробу Расеі ў 1994 годзе

Зянон Пазьняк адным з першых папярэдзіў грамадскасьць пра небясьпеку расейскага імперыялізму. У 1994 годзе выйшаў яго артыкул «О русском империализме и его опасности». Тады людзі ўсё яшчэ жылі ў ілюзіях «дэмакратычнай» ельцынскай Расеі. Артыкул выклікаў масавае абурэньне і крытыку. Сёньня ж ён з дакладнасьцю збываецца:

«Имперское государство с имперским общественным сознанием, имперской экстенсивной политикой, с многонациональной структурой не может быть демократическим. Это аксиома, о которой приходится напоминать. Не будет демократической России, пока будет эта старая Россия. Демократия и империализм несовместимы. Это антиподы. Существование этого государства драматично для самого же российского общества прежде всего тем, что в нем в силу его имперского содержания не сформировались полноценная европейская русская нация и полноценное европейское национальное сознание. Это лоскутный народ без очерченной национальной территории, перемешанный с финно-угорскими, тюркскими, монгольскими и другими анклавами, распыленный в сибирских и азиатских колониях. Доминирующее его сознание не национальное, а имперское по сути. На имперском сознании построена идеология и основана ментальность подавляющего большинства русских. Если национальное сознание и деятельность нации направлены на внутреннее творческое саморазвитие общества, на вычленение и отделение от чуждого, то имперское сознание и деятельность направлены на экстенсивное развитие, на внешнее расширение, на поглощение и разрушение чуждого. Это сознание деструктивно. Оно конечно и стоит в стороне (в отклонении) от беспрерывного магистрального и эволюционного пути развития культуры. Империя, паразитируя на национальных (народных, этнических) культурах, разрушает их, порождая химеры. Империя есть всемирное зло».

Папярэджваў пра небясьпеку прэзідэнцтва і Лукашэнкі

«У другі тур прайшлі А. Лукашэнка і В. Кебіч. Гэтыя кандыдаты належаць да аднаго палітычнага асяроддзя. Іх яднае нянавісць да беларускага нацыянальнага адраджэньня, да незалежнага дзяржаўнага станаўленьня нашай нацыі, да рынкавага рэфарматарства, да беларускай культуры, да эўрапейскага шляху раьвіцьця Беларусі. Іх разьядноўвае барацьба за ўладу. Гэта барацьба падобных. Змагаючыся, яны апэлююць да народа. Мае аднадумцы і я заклікаем не галасаваць на выбарах за гэтых кандыдатаў. Выбар аднаго зь іх (ня важна каго) стане працягам ганебных памылак і грамадзкага няшчасьця, прадаўжэньнем народнага самагубства. Галасаваньне за гэтых людзей увогуле траціць сэнс, бо выбару няма. Выбары Прэзыдэнта ў час эканамічнага і грамадзка-палітычнага крызісу, у абстаноўцы разгулу сацыяльнай дэмагогіі, манаполіі на інфармацыю небясьпечныя для краіны. Пра гэта сьведчыць вопыт Нямеччыны, Расеі і іншых дзяржаваў. Пра гэта я ня раз папярэджваў» (Зянон Пазьняк, 29 чэрвеня 1994 г.).

Падтрымаў змаганьне чачэнцаў за незалежнасьць

У 1996 годзе падчас Чарнобыльскага шляху ў Менску Зянон Пазьняк публічна падтрымаў змаганьне чачэнцаў за незалежнасьць ад Расеі і абвесьціў хвіліну маўчаньня ў памяць па забітым лідэры чачэнцаў Джахары Дудаеве.

Вымушаная эміграцыя

Пасьля ўсталяваньня ў Беларусі прарасейскай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, спецслужбы ўзялі курс на фізічную ліквідацыю лідараў апазыцыі. Першай ахвярай павінен быў стаць Зянон Пазьняк – як галоўны вораг і апанент антынароднага рэжыму. У 1996 годзе Пазьняк быў вымушаны эміграваць. Палітык літаральна прырываўся падпольнымі шляхамі з акружэньня спецслужбаў, якія сачылі за ім 24 гадзіны ў суткі. У замежжы палітык разгарнуў шырокую прабеларускую дзейнасьць і працягнуў змаганьне за вызваленьне Беларусі ад рэжыму ўнутранай акупацыі.

Зянон Пазьняк на Чарнобыльскім шляху 1996 году, пасьля якога ён з’ехаў з краіны

«Калі я ехаў у эміграцыю ў канцы сакавіка 96-га, калі мне паведамілі, што квартал акружаны і гэтак далей, я гэта зразумеў і падняўся наверх толькі ўзяць дакумэнты — пашпарт і што трэба. Як стаяў з голымі рукамі — так і паехаў. Я і ў замежжа прыехаў з голымі рукамі, праз Расею ва Украіну. І ўжо за мяжой, прыехаўшы на эміграцыю, я голыя рукі сунуў у кішэні. І ў кішэні аказаўся фотаапарат Olympus, кампактная камэра. Вось гэтая камэра са мной падарожнічае як мой сябра, і больш за ўсё яна і наздымала. Так што ў эміграцыю я паехаў не адзін, а паехаў з камэрай Olympus» (з інтэрвью Радыё Свабодзе, 2010 г.).

Прапаганда

Вельмі адметнай з’явай стала прапаганда, накіраваная супраць Зянона Пазьняка. Фактычна, гэтая з’ява не спыняецца з канца 80-х гадоў ні на хвіліну да сёньня.

Часам, даходзіла да абсурду: Пазьняка, які нарадзіўся ў 1944 годзе, абвінавачвалі ў тым, што падчас вайны ён быў паліцаем і расстрэльваў савецкіх партызан. Альбо што ён быў сынам паліцая (а бацька ж загінуў на вайне). На адной з сустрэч правакатар пад гогат прысутных патрабаваў: «Пусть расскажет, чем занимался в 1941 году в то время, когда немецкие танки рвались к Москве?».

Альбо на адных мітынгах хадзілі правакатары і казалі, што «Позняк анцісеміт», а на іншых – што ён «агент яўрэйскай мафіі і сіяніст» і г.д.

Бясконцай плыньню ішлі «абурэньні» ад «ветэранаў», вось адно з іх: «Господин Позняк, будущий царь белорусский, не занимайся ерундой! Не рвись к власти, ишь, захотел быть царем у нас. Мы будем жить. Иди в Литву и целуйся там. Хочешь попасть в историю, а может, и похорониться у Кремлёвской стены. Захотел крови, зверь. Мои все предки воевали за родину, прапрадед, прадед, дед, отец и мать, а ты все хочешь забрать к себе» («Развагі», 2007 г.).

Сёньня ж ад правакатараў можна пачуць чарговыя новыя прапагандысцкія штампы і метадычкі: «У Позняка все агенты!», «да что он сделал для Беларуси!», «он же напугал всех своей радикальной белорусизацией в 94-м» і г.д. і г.д.

Жонка

Жонка Зянона Пазьняка – Галіна Пазьняк – беларуская палітычная і грамадская дзяячка, асьветніца, сябра БНФ і Вольнай Беларусі. Доўгія гады побач у радасьці і горы, ёсьць натхненьнем і сапраўдным каханьнем палітыка.

Зянон і Галіна Пазьняк

Фатограф, паэт, пісьменьнік

Акрамя палітычнай дзейнасьці Зянон Пазьняк яшчэ і вельмі прадуктыўны творца, талент якога выяўляецца ў разнастайных формах: фатаграфіі, паэзіі, прозе.

Песьня на словы Зянона Пазьняка

Можна б было…
Можна б было
Зусім па-іншаму жыць,
Калі б любоў ды воля,
Калі б свой народ,
Калі б свая мова,
Калі б Беларусь
Была Беларусяй.
Зянон Пазьняк, 12. 01. 2013

За апошнія 30 год выдаў больш за 40 кніг

Сярод усіх беларускіх палітыкаў, якіх ведае беларуская гісторыя, Зянон Пазьняк, хіба, адзіны, хто мае такую шырокую асабістую бібліяграфію. Толькі за апошнія 30 год ім былі выдадзеныя больш за 40 найменьняў кніг. (https://www.bns-volnayabelarus.org/post/knihi-zianona-pazniaka)

Гэта магутная інтэлектуальная праца, якая нікога не пакідае абыякавым.

Падтрымаў народныя выступы ў 2020 годзе

Лідэр Руху Вольная Беларусь

Сёньня Зянон Пазьняк працягвае актыўную палітычную дзейнасьць і з’яўляецца лідарам Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь».


Шчыра віншуем з юбілеем! Зычым хуткага павяртаньня на Беларусь і доўгіх шчасьлівых год у вольнай і незалежнай Айчыне!

Якая прыгожая Зямля!
І жыць – добра!
Зянон Пазьняк, 15. ХІ. 2010

Чытайце таксама

Вартае ўвагі

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Апошняе

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: