Расейскія ўдары зьнішчаюць друкарні, склады і кнігі ва Ўкраіне.
23 траўня 2024 году у Харкаве быў атакаваны «Фактор-Друк». Загінулі 7 працаўнікоў, больш за 20 былі параненыя. Згарэла больш за 50 тысяч кніг, пашкоджана друкарскае абсталяваньне. Страты перавысілі €5 млн. «Фактор-Друк» працаваў больш чым для 30 украінскіх выдавецтваў і забясьпечваў каля траціны кнігадрукаваньня Ўкраіны.
2 ліпеня 2026 году расейскі ўдар па цэнтральным складзе BookChef у Кіеве зьнішчыў каля 800 тысяч кніг. Пазьней яшчэ больш за 100 тысяч асобнікаў згарэлі на рэзэрвовым складзе.
19 ліпеня быў зьнішчаны друкарскі комплекс групы «Конві». Згарэлі амаль 250 тысяч падручнікаў і каля 350 тысяч нарыхтовак для будучых выданьняў.
У той жа ночы быў атакаваны склад выдавецтва «Книголав» — згарэла каля 250 тысяч кніг.
1 жніўня 2026 году расейскі дрон атакаваў склад выдавецтва Ranok у Харкаве. Зьнішчана каля 8 мільёнаў кніг — найбольшая страта ўкраінскай кніжнай галіны за час поўнамаштабнай вайны. За апошнія месяцы агульная колькасьць зьнішчаных на складах кніг перавысіла 10 мільёнаў.
Украінскі інстытут кнігі паведамляе, што толькі за ліпень і жнівень кніжная галіна страціла каля 13 мільёнаў асобнікаў. Сярод іх — падручнікі, дзіцячая літаратура і кнігі дзясяткаў выдавецтваў.
Паводле UkraineWorld, ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня прамыя матэрыяльныя і фінансавыя страты ад расейскіх атак панесьлі як мінімум 35 украінскіх выдавецтваў.
Украінскі Форум выдаўцоў назваў гэтыя атакі «книгоцидом» і заявіў, што зьнішчэньне ўкраінскай кніжнай інфраструктуры зьяўляецца часткай расейскай культурнай палітыкі вайны.
Падобная атака на нацыянальную культуру, толькі іншымі мэтадамі, адбываецца і ў Беларусі. Прарасейскі рэжым ліквідуе выдавецтвы, абвяшчае іх «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», праводзіць ператрусы і затрыманьні. У апошнія гады пад рэпрэсіі трапілі выдавецтвы «Тэхналёгія», Gutenberg Publisher, «Kamunikat.org», Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing. Выдаўцы і распаўсюднікі кніг затрымліваюцца, а самі выданьні забараняюцца як «экстрэмісцкія матэрыялы».
Усё гэта сістэмная вайна Расеі супраць беларускай і ўкраінскай нацыянальных культур.


