Ворагі нацыі толькі што (ліпень 2026г.) выдалі чарговую прыдуманую падставу для рэпрэсіяў супраць беларусаў. У “экстрэмісты” залічылі беларускіх ваяроў-дабраахвотнікаў падразьдзелу “1514”, якія ваююць супраць расейскіх агрэсараў-тэрарыстаў ва Украіне (гэта каб нішчыць і тэрарызаваць ваярскія сем’і і сваякоў у Беларусі).
Таксама аб’явілі “экстрэмісцкай” народную праграму “Вольная Беларусь”. (Шчыра кажучы, невядома навошта; мяркую, што ў бліжэйшы час аб’явяць “экстрэмісцкай” нават Біблію”). “Будзем выкараняць да канца”, кажуць пра беларускую культуру ворагі нацыі.
У сувязі з гэтымі чарговымі замахамі рэжыму супраць беларусаў, адзначу некалькі палажэньняў у духу праграмы “Вольная Беларусь”. (Што станецца са спраўцамі рэжыму, пакуль пакідаем у дужках. Будзе створаны Народны трыбунал і прызначаны спэцыяльны пракурор па злачынствах генацыду.)
Што датычыць нашых дабраахвотнікаў-ваяроў ва Украіне, то ўсе яны, а таксама беларускія партызаны, змагары на чыгунцы, будуць залічаны ў ветэраны вызвольнай вайны ва Украіне, статус якіх будзе адлюстраваны ў заканадаўстве.
Згодна заканадаўства, усе дабраахвотнікі (незалежна ад узросту) будуць атрымліваць пажыцьцёва пэнсію ветэранаў-дабраахвотнікаў вызвольнай вайны ва Украіне. Гэтая пэнсія будзе прыраўняна да пэнсіі членаў ураду і дэпутатаў парляманту.
Усе ваяры (асабліва параненыя) будуць мець права на пастаянную медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю за кошт дзяржавы. Пакалечаныя будуць яшчэ мець выплаты па інваліднасьці.
Прозьвішчы ўсіх ваяроў будуць унесеныя ў ганаровую кнігу ваеннай памяці і ў энцыкляпэдычныя матар’ялы. Сямейнікі ваяроў, пацярпелыя ад рэпрэсій за дабраахвотнікаў, атрымаюць вяртаньне адабранай маёмасьці, матар’яльную кампэнсацыю і медыцынскую рэабілітацыю.
Беларусы, якія загінулі ва Украіне на вайне супраць расейскіх агрэсараў будуць унесены ў мэмарыяльны нацыянальны сьпіс загінулых герояў за волю Украіны і Беларусі. Сем’ям загінулых (бацькам, дзецям, сужэнцам) будзе выплачана разавая дзяржаўная кампэнсацыя ў колькасьці ад 200 да 300 тысячаў даляраў (у пералік на рублі).
Пастаяннае медыцынскае лячэньне і рэабілітацыю за кошт дзяржавы атрымаюць усе рэпрэсаваныя палітзьняволеныя, якім тое будзе неабходна. Палітзьняволеным і беларусам, выгнаным за межы краіны, будзе гарантавана вяртаньне адабранай маёмасьці і кампэнсацыя за яе зьнішчэньне.
Хто гэта усё можа забясьпечыць? Рэальна пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму такое можа забясьпечыць урад і парлямант, створаны на ідэях, прынцыпах і напрацоўках “Вольнай Беларусі”, альбо тыя беларусы і палітычныя сілы, якія будуць дзейнічаць у рэчышчы гэтых справядлівых палітычных народных інтарэсаў.
Сродкі. Сродкі на падтрымку заслужаных і пацярпелых беларусаў, пра што вышэй была размова, рэальна магчымыя на пачатку з бюджэту дзяржавы. Цягам часу ў Беларусь будуць вернутыя мільярды даляраў, адабраных у народа злачыннымі кіраўнікамі антынароднага рэжыму. Вядома, дзе і ў якіх краінах схаваныя гэтыя сродкі. Вядома, як іх можна вярнуць народу. Яны будуць вернутыя і пойдуць на карысьць ўсім беларусам і найперш тым, якія ваявалі, змагаліся і якія пацярпелі ад рэпрэсій злачыннага рэжыму і ад злачыннай прамаскоўскай палітыкі.
Зянон Пазьняк
палітычны лідар НВР “Вольная Беларусь”
17 ліпень 2026 г.


