Таксама Сікорскі заявіў, што вызваленьне Анджэя Пачобута стала магчымым дзякуючы рашэньню Дональда Трампа, піша rmf24.pl.
«Радуймася. Мы яго маем. Пасьля 1860 дзён у турме з узмоцненым рэжымам наш гераічны суайчыньнік, мучанік справы свабоды Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы цэлы і здаровы. Гэта выдатны дзень і прыклад выдатнага польска-амэрыканскага саюзу. Без рашэньня Дональда Трампа гэты дзень быў бы немагчымы», — сказаў Сікорскі падчас прэсавай канфэрэнцыі.
Кіраўнік польскай дыпляматыі выказаў надзею, што вызваленьне Пачобута прывядзе да новага этапу ў польска-беларускіх адносінах, але, як ён падкрэсьліў, ініцыятыва знаходзіцца на баку Аляксандра Лукашэнкі.
«Я не хачу даваць абяцаньняў без падставаў, бо такі “фальшывы сьвітанак” ужо бываў раней», — заявіў ён, дадаўшы, што ў мінулым былі пэрыяды «адлігі», калі ў Беларусі не было палітычных зьняволеных.
Сікорскі адзначыў, што Пачобут, якога на мяжы зь Беларусьсю сустракаў прэм’ер Туск, «зараз згаладнелы і зьнясілены», бо правёў пяць гадоў у вельмі жорсткіх умовах. Паводле яго, ён зьяўляецца «сымбалем супраціву ў Беларусі» і быў зьняволены выключна за тое, што казаў праўду.
Ён таксама нагадаў, што Польшча была вымушаная будаваць умацаваньні на мяжы зь Беларусьсю праз апэрацыі па перакідваньні мігрантаў, якія праводзіў рэжым Лукашэнкі.
«Мы заўсёды гатовыя адказваць на пазытыўныя жэсты, але Беларусь павінна спачатку захацець стаць часткай эўрапейскай сям’і народаў», — сказаў Сікорскі.
Спэцыяльны пасланьнік па справах Беларусі Джон Коул дадаў, што праца над вызваленьнем Анджэя Пачобута доўжылася амаль год.
«Мы нястомна працавалі амаль год, каб дамагчыся вызваленьня тых, каго ўтрымлівалі ў Беларусі», — адзначыў ён.
Паводле яго, прэзыдэнт Трамп неаднаразова падкрэсьліваў падчас сустрэчаў, наколькі добрыя адносіны ЗША маюць з Польшчай, і казаў, што гэтую справу неабходна давесьці да канца.


