10 мая 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

П’еса «Інсургенты» як палітычны і гістарычны маніфест: паўстаньне мёртвых у змаганьні за будучыню

«Інсургенты» — гэта не гістарычная рэканструкцыя і нават не тэатральная метафара. Гэта крык з таго сьвету, дзе забітыя паўстанцы, ахвяры рэпрэсій і змаганьня працягваюць сваю справу — справу за Вольную Беларусь. Гэта голас тых, каго спрабавалі замоўчаць, хто мусіў зьнікнуць у падручніках, у магілах, у прамовах пераможцаў. Праз вобразы паўстанцаў п’еса перакідвае мост паміж мінулым і сучаснасьцю, паміж шыбеніцай 1864 года і катаваньнем у СІЗА-3 у 2025, паміж Вільняй, дзе некалі прагучалі апошнія словы Каліноўскага, і Валадаркай, дзе гінуць новыя змагары. Паміж паўстаньнем і вайной, паміж малітвай і крывёй, паміж надзеяй і зьнявер’ем.

«Інсургенты» гавораць адначасова ад імя мёртвых і жывых, ад імя тых, каго забілі, і тых, хто яшчэ трымаецца. Іх голас гучыць не з мінулага — ён прабівае сьцены сёньняшняга дня. Гэта гісторыя, якая выходзіць з магілы, каб спытаць у нас: вы памятаеце, дзеля чаго мы загінулі? І ці гатовыя вы працягваць тое, што мы пачалі?

У гэтай п’есе няма спробы вярнуцца да мінулага, каб яго ўзгадніць або прааналізаваць. «Інсургенты» дзейнічаюць тут і цяпер. Іх зварот — не толькі мастацкі прыём, а палітычны акт, дзе сам тэкст становіцца формай супраціву. Мы бачым постаці паўстанцаў не як аддаленых гістарычных асоб, а як духоўных спадарожнікаў сёньняшняга беларуса, што жыве ў стане страты — волі, годнасьці, будучыні. Але нават у гэтым стане ён — гатовы змагацца. Гатовы выходзіць, гаварыць, ісьці насуперак страху. Бо сапраўдны інсургент — гэта не той, хто не баіцца, а той, хто не здаецца.

Асаблівай увагі заслугоўвае вобраз Апалёніі ў п’есе «Інсургенты». Гэты вобраз не зьяўляецца абстрактным або гістарычным — ён прама суадносіцца з рэальнымі жанчынамі сучаснай Беларусі, для якіх змаганьне стала асабістай трагедыяй і адначасова шляхам годнасьці. Апалёнія — гэта ўвасабленьне жаночай прысутнасьці ў рэвалюцыі, якая часта замоўчваецца або зводзіцца да ролі тылу. Яна гаворыць голасам маці, жонкі, каханай — але таксама і воіна, якога прымусілі ўзяць на сябе частку змаганьня, бо мужчын побач ужо няма: яны ў турмах, у магілах, на фронце.

Яна — маці, якая страціла дзіця, і ў гэтым нясе ў сабе трагедыю Марыны Лобавай, маці палітвязьня і загінулага добраахвотніка Эдуарда Лобава. Марына, якая змагалася за сына ў турэмных калідорах, якая трымалася, калі сын змагаўся за Украіну, якая пасля яго сьмерці стала жывым сьведчаньнем таго, што значыць не зламацца. Як і Апалёнія, яна не аплаквае, а працягвае змаганьне сына — і гэтым ператварае асабістую страту ў грамадзянскі акт.

Апалёнія — і ў нейкім сэнсе Алена Гергель, жонка Васіля Парфянкова, якая, страціўшы каханага, узяла зброю і працягвае справу за яго. Гэта ўжо не метафара, а рэчаіснасьць: жанчына на вайне, не толькі як медык ці валанцёрка, а як змагарка са зброяй. Алена не гаворыць пра каханьне, яна ім жыве — бо сапраўднае каханьне, сапраўдная любоў сёньня, у кантэксце Беларусі, — гэта не словы, а змаганьне. Таксама і Апалёнія ў п’есе не гаворыць пра ідэалы — яна хоча кахаць, жыць, нараджаць, будаваць — і таму ідзе ў самую гушчу змаганьня.

Усе гэтыя жанчыны — рэальныя і сцэнічныя — сьведчаць: жаночы лёс у беларускай рэвалюцыі — гэта не кулісы. Гэта фронт. І таму вобраз Апалёніі не толькі мастацкі — ён архетыпічны, узведзены ў ранг голасу нацыі, якая перастала быць фігурай маўчаньня. Яна — душа нацыі, што спачатку перажыла траўму, а цяпер ператварае яе ў дзеяньне. І ў гэтым яна стаіць у адным шэрагу з маці Лобава, з жонкай Парфянкова, з усімі жанчынамі, якія не спыніліся. Якія не дазволілі сьмерці перамагчы жыцьцё.

Кастусь Каліноўскі ў п’есе — не бронзавы герой нацыі. Ён зьнявераны, разгублены, у нечым стомлены. Але нават у яго сумневах — не слабасьць, а чалавечнасьць. Ён — той, хто страціў веру, каб нанова яе набыць. Гэта глыбока антыміфалагізаваны вобраз, дзе герой — гэта не той, хто перамагае, а той, хто не адмаўляецца. Праз гэты вобраз раскрываецца сёньняшні стан беларускай нацыі: пасьля псэўдавыбараў, пасьля зьбіцьцяў, пасьля судоў, катаваньняў, забойстваў, пад час вайны — калі змаганьне здаецца марным, а верыць становіцца небясьпечна. Але з гэтага стану народ таксама можа выйсьці — як Каліноўскі ў апошніх словах п’есы.

Кожны вобраз у «Інсургентах» заслугоўвае асобнага слова. Цітус Далеўскі — гэта юнацкі максімалізм, чыстая вера, сіла надзеі, што не згасае нават пасьля сьмерці. Ксёндз Ішора — спакойны маральны камэртон, што шукае Бога не на аблоках, а сярод пакутнікаў. Зыгмунт Серакоўскі — гэта адказнасьць без ілюзій, лідар, які патрабуе планаў, а не слоў. Каліноўскі — глыбока чалавечны герой, які перажывае духоўны крах і нараджаецца нанова з сумневаў. І ўсе разам яны складаюць хор мёртвых, што крычыць да жывых: не спыняйцеся.

У структуры твору выразна чытальныя алюзіі на сучасныя падзеі: палітвязьні, здушаная прага да справядлівасьці, вайна ва Украіне, у якой беларусы ваююць на баку волі. Так паўстае вобраз новых інсургентаў — жывых людзей, што працягваюць справу 1863-га. Такіх, як Эдуард Лобаў, Вітольд Ашурак, Васіль Парфянкоў, Міраслаў Лазоўскі, Іван Марчук, Алесь Пушкін, Данііл Ляшук, Аляксей Вешчавайлаў, Зміцер Рубашэўскі, Алесь Чаркашын, Васіль Грудовік, Павал Суслаў, Мікалай Клімовіч, Канстантын Дзюбайла, Аляксей Скобля, Павал Горбач, Вадзім Шатроў, Ігар Леднік, Марыя Зайцава і многія-многія іншыя. Гэтая сувязь пераплятае мінулае і сёньняшні дзень: сьмерць у п’есе не перарывае ланцуг змаганьня — яна толькі зьмяняе яго форму. У гэтым мастацтве сьмерць страчвае сваю сілу, яна ўжо не апошняе слова, бо сама сцэна становіцца месцам уваскрасеньня.

З гэтай логікі нараджаецца галоўны парадокс «Інсургентаў»: яны — мёртвыя, але больш жывыя, чым многія з нас. Іх рэплікі пранікаюць у сучаснасьць, разбураючы сьцены паміж эпохамі. Яны нясуць не толькі боль, але і адказнасьць. У фінальнай сцэне, калі героі кажуць: «Мы выйдзем», — гэта не проста надзея. Гэта дэкларацыя жыцьця. Гэта запавет тым, хто жыве цяпер, бо сапраўдная воля — гэта не толькі вынік, але і працэс, не толькі мэта, але і рух да яе.

«Інсургенты» — гэта мастацкі дакумэнт супраціву, споведзь народа, які не згаджаецца на забыцьцё. Гэта спэктакль, што адбываецца ў сэрцы кожнага беларуса. Гэта прастора, дзе тэатр ператвараецца ў палітычны акт, а гісторыя — у зброю. І таму гэтая п’еса — не пра мінулае. Яна пра цяпер. Яна пра тое, што сьмерць — гэта не канец. А толькі перапынак. І што змагацца можна нават з таго боку свету. Калі ёсьць каму пачуць.

У гэтай гісторыі нельга не адзначыць заслугу рэжысёра Уладзімера Лісоўскага. Яго праца — гэта тонкая і глыбокая форма прачытаньня, у якой няма дэклярацый, але ёсьць уражлівая сіла сэнсу. Рэжысёр здолеў утрымаць далікатны баланс паміж духоўным і палітычным, паміж болем і надзеяй, паміж траўмай і супрацівам. Ён стварыў не проста спэктакль — ён адкрыў браму, праз якую мёртвыя вяртаюцца, каб падтрымаць жывых. Але гэты мост паміж тым і іншым сьветам не ўзнік з нічога — асновай пастаноўкі стала п’еса «Інсургенты» Зянона Пазняка, напісаная ў 2019 годзе, калі ў Вільні былі знойдзеныя і перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і іншых паўстанцаў 1863 года.

Гэты гістарычны момант — вяртаньне з нябыту, з глебы, з безыменных магілаў — стаў моцным сімвалам: тыя, хто загінуў за Беларусь, зноў зьявіліся ў прасторы нацыянальнай сьвядомасьці. І Зянон Пазняк, паэт, драматург, палітык і заснавальнік нацыянальнай памяці пра Курапаты, у сваёй п’есе пераўтварыў гэтую падзею ў драму духоўнага ўваскрасеньня. Яго «Інсургенты» — гэта заклік з таго боку, які не забывае. А пастаноўка Лісоўскага дае гэтаму закліку голас, цела, сцэну і прастору. Ён не проста перанёс ідэю і слова на сцэну — ён перанёс боль і надзею ў сэрцы тых, хто слухае.

Сёньня, на жаль, гэты спэктакль нельга паказаць у Беларусі. Але акторы і каманда п’есы не здаюцца — яны зьбіраюць сродкі на тое, каб паказаць «Інсургентаў» у іншых гарадах сьвету. Яны едуць туды, дзе беларусы яшчэ могуць глядзець адзін аднаму ў вочы і казаць: мы памятаем, мы жывём, мы працягваем, мы выйдзем.

Пра гэтую п’есу не трэба шмат казаць. Яе трэба пабачыць. Бо яна — як сьведчанне. Як кроў. Як вера. Яна не расказвае, яна абуджае. Яна гучыць, як апошняе слова, што пераходзіць у першы крок.

Мы выйдзем.

Дапамагчы сабраць сродкі на паказ спектаклю ў іншых гарадах вы можаце па спасылцы – https://zrzutka.pl/nnvhzg.

Наталія Крывашэй, дактарантка школы доктарскай, універсытэт у Беластоку.

Сто дзён прэзыдэнта Трампа

Такой пасьлядоўнай, рэфарматарскай, хуткай і выніковай палітыкі і такога...

Зацемкі аб палітыцы Трампа і аб пераменах

Амэрыка На сёньняшні дзень прэзыдэнт Трамп -- гэта рэальны палітычны...

Асьветніцкая канфэрэнцыя ў гонар Дня Волі 2025

Беларусы сабраліся ў Варшаве на асьветніцкую канфэрэнцыю ў гонар...

Беларусь перадусім

Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Амэрыку і яе законна выбранага амэрыканскім народам прэзыдэнта Дональда Трампа. Ніхто ня мае права зьневажаць асобу і ганьбіць вялікую дэмакратычную краіну, ад якой залежаць лёсы сьвету. Усё, што робіць і што будзе рабіць прэзыдэнт Трамп, ідзе на карысьць Украіны і ўрэшце можа стаць яе паратункам. Нішто ня робіцца адразу, але па-парадку. Калі ёсьць задача і мэта зрабіць пабудову, яна будзе дасягнута, нават калі для прафанаў напачатку -- гэта куча бярвеньняў.

Апошняе

Сто дзён прэзыдэнта Трампа

Такой пасьлядоўнай, рэфарматарскай, хуткай і выніковай палітыкі і такога...

Дванаццаты красавік

Матэрыял для развагаў над гераізмам змаганьня і над масавай псіхалогіяй дыктатуры.

Зацемкі аб палітыцы Трампа і аб пераменах

Амэрыка На сёньняшні дзень прэзыдэнт Трамп -- гэта рэальны палітычны...

Асьветніцкая канфэрэнцыя ў гонар Дня Волі 2025

Беларусы сабраліся ў Варшаве на асьветніцкую канфэрэнцыю ў гонар...

Беларусь перадусім

Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Амэрыку і яе законна выбранага амэрыканскім народам прэзыдэнта Дональда Трампа. Ніхто ня мае права зьневажаць асобу і ганьбіць вялікую дэмакратычную краіну, ад якой залежаць лёсы сьвету. Усё, што робіць і што будзе рабіць прэзыдэнт Трамп, ідзе на карысьць Украіны і ўрэшце можа стаць яе паратункам. Нішто ня робіцца адразу, але па-парадку. Калі ёсьць задача і мэта зрабіць пабудову, яна будзе дасягнута, нават калі для прафанаў напачатку -- гэта куча бярвеньняў.

Зянон Пазьняк: аб сутнасьці мірнай палітыкі прэзідэнта Трампа

Нягледзячы ні на што, прэзыдэнт Трамп хоча спыніць ваенныя дзеяньні і пасадзіць прадстаўнікоў Расеі і Украіны за стол перамоваў. Матывы мірнай палітыкі прэзыдэнта Трампа зыходзяць з інтарэсаў Амэрыкі і, што немалаважна, з волі і эга самога спадара Трампа, які паабяцаў мір ва Украіне амэрыканскаму народу ў час выбарчай кампаніі. У Амэрыцы такія абяцаньні выконваюцца і зьвязаныя ня толькі з палітыкай, але і з гонарам прэзыдэнта.

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках:

Папярэдні артыкул