13 студзеня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Пра злачынства і вызваленьне

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ важны для ацэнкі працэсаў (каму тое цікава) допіс “Пра палітыку і палітвязьняў”. Калі я вярнуўся ў Варшаву, аказалася, што “вядомая публіка” ўзбудзілася і ўвесь час, пакуль я быў за мяжой, на мяне рэгулярна гадзіла. Звыклая зьява, трывае ўжо трэць стагоддзя. Такая палітыка.

Але нядаўна ўзьнікла новая зьява — людзі (ня ўсе, вядома) амаль перасталі чытаць (нават паўтары старонкі). Пра прычыны не гаворым, але паколькі не чытаюць шмат хто, то думаю, што варта скарочана (і зручна для чытаньня) працытаваць з артыкула самога сябе (змушаны занятак, але ж трэба). І так:

Цытата 1: “… У 2020 годзе у час выбараў прэзыдэнта Беларусі Крэмль, ФСБ і іхны “кашалёк” Газпрам адпрацавалі спробу зьмяніць Лукашэнку на іншага больш залежнага стаўленьніка ў сувязі з падрыхтоўкай да вайны і планаваньнем акупацыі Украіны. (Масква хацела мець цалкам разьвязаныя рукі ў Беларусі.)”

Цытата 2: “… У выніку стаўленьніка Масквы дырэктара Белгазпрамбанку В. Бабарыку і яго памагатых Лукашэнка замкнуў у турму. Супраць беларускага народа (пры дапамозе Расеі) рэжым распачаў масавыя рэпрэсіі. А сам Лукашэнка трапіў у поўную залежнасьць ад Пуціна і ад палітыкі Расеі”.

Цытата 3: “… Важная задача для нацыянальна-вызвольных сілаў — дамагчыся, каб рэжым спыніў рэпрэсіі і выпусьціў палітзьняволеных”.

Цытата 4: “… І тут узьнікае парадаксальнае пытаньне. Калі вораг беларускага народа ёсьць Лукашэнка, які пасадзіў у турму тысячы беларусаў і адначасна кінуў за краты ворага дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі Бабарыку (з падзельнікамі), то як вызваляць усіх палітвязьняў?”

Цытата 5: “… Але адкажу адразу. Мусіць быць прыярытэт праву. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Такі парадак.”

Цытата 6: “… Дэкляраваньне ў выбарчай палітычнай кампаніі намераў аб ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі шляхам далучэньня яе да іншай імпэрскай краіны (што засьведчыў В. Бабарыка) — гэта ёсьць грубым парушэньнем Канстытуцыі (нават лукашысцкай) і падлягае пакараньню па закону. Як быць?”

Цытата 7: “… Пытаньне аб адказнасьці газпрамаўскіх асобаў існуе, але яно залежыць ад фармальных абставінаў. Яно можа выглядаць юрыдычна нікчэмным і страціць працэсуальнае значэньне, калі, напрыклад, пасьля вайны (якая скончыцца не на карысьць Масквы) Расея перастане існаваць як імпэрыя, разваліцца, ці зыйдзе ў палітычны маргінэс і т. п.”

Цытата 8: “… Але, калі, напрыклад, мір Маскоўшчыны з Украінай будзе заключаны на манер міру 2015 года і Расея застанецца палітычнай імпэрскай сілай як партнёр Кітаю, Захаду ды Нямеччыны, тады можна сказаць дакладна, што сцэнар 2020-га года зноў паўторыцца пры ўдзеле Масквы, Газпрама, Брусэльскай Эўропы …”

Цытата 9: “… Змагаймася за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, бо асуджаныя яны не па праву, не па закону, а па палітычных інтарэсах узурпатара. Ведаем шмат, але вольная Беларусь будзе будавацца на праве і справядлівасьці. Каб гэтага сапраўды дасягнуць, трэба ажыцьцявіць галоўнае: маскоўскі мордэр павінен быць разбураны.”

Тое, што адзначана і працытавана, — важна. Але пра гэта — цішыня.

Лаянку “вядомая публіка” (асабліва «дэмсмі») ўзьнялі з-за штучна і з палітычным ухілам раздзьмутай асобы – маладой жанчыны (Марыі Калесьнікавай), якая была ў групе В. Бабарыкі, адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаньнямі. Пасьля грамадзкіх пратэстаў яе загрэблі ў лукашысцкую турму, дзе яна давала з-за кратаў інтэрв’ю замежным СМІ, распавядала, як займаецца там фітнэсам, як рыхтуе сабе любімую каву, закусвае бананам і т. п. білеберду (іншых вязьняў у гэты час жорстка катавалі).

Замежныя СМІ і так званыя “дэмсмі” пачалі ў гэты час яе ўзьвялічваць, уздымаць, пісаць пра яе розныя фантазіі, штампаваць партрэцікі, плакацікі, называць палітыкам, “лідэрам дэмакратыі”, нацыянальным дзеячом, ставіць поруч з Каліноўскім (!!!), а журналіст Гардон (пра што я адзначыў) нават публічна “адчыніў таямніцу”, што Маша будзе прэзыдэнтам Беларусі.

Назіраючы гэты непрыстойны вэрхал, для мяне было зразумела, што “нехта” рыхтуе дзяўчыну для чарговай палітычнай падставы (тыпу падставы з Ціханоўскай). Праца “схаваных сіл” груба выяўлялася. У выніку лёс гэтай лёгкадумнай асобы стаў наканаваны і дрэнны. Ніхто з тых інфантыльных “невероятных” энтузіястаў рэальна не разумеў, што такое Лукашэнка. Пускаючы лухту пра “дэмакратычную лідара Машу”, яны толькі падзадорвалі нездаровыя комплексы дыктатара. Неўзабаве жанчына зьнікла з турэмнага далягляду, пра “фітнэс і каву” ўсе забыліся і даўно ніхто ня ведае, што зь ёй і дзе яна. Ходзяць чуткі, што стан яе здароўя кепскі, магчыма так і ёсьць, але дакладна не вядома. Тым часам “фэйкавае” словаблудзтва пра “змагарку Машу” працягваецца.

Што тут самае брыдкае і абуральнае. Гэтая асоба (Калесьнікава) была ў групе Бабарыкі, якога Масква праз Газпрам скарыстала (і гэта мяккае азначэньне, я думаю ён сам пайшоў пад Маскву), скарыстала дзеля сваіх геапалітычных планаў – анэксіі Беларусі і падрыхтоўкі нападу на Украіну. Ніякага дачыненьня да беларускага нацыянальнага дэмакратычнага вызвольнага руху група ня мела. Ім (Бабарыку і ўсёй групе) не абходзіў нацыянальны лёс Беларусі. Яны ўдзельнічалі ў чужой антыбеларускай гульні. Бабарыка казаў пра уваход Беларусі ў склад Расеі і што Каліноўскі ня беларус. Калесьнікава па недалёкасьці ўяўленьняў хваліла заслугі Лукашэнкі і зычыла яму добрай дзяржаўнай пэнсіі. Па сваёй палітычнай абмежаванасьці яны спадзяваліся на Пуціна і, відаць, ніхто не ўяўляў, што сядуць ў лукашысцкую турму. І вось пасадзілі, потым іх сталі прэсаваць як усіх беларусаў.

І тады пачалося гэтае кашчунства. Русіфікаваная беларусы за мяжой (шукальнікі «страны для жызьні»), «дэмсмі» ды грамадзка-палітычныя актывісты на Захадзе (дарэчы, пад уплывам расейскай агентуры) сталі ствараць з Бабарыкі і Калесьнікавай беларускіх герояў, выпісваць ім розныя прэміі, рабіць зь іх галоўных вязьняў, патрабаваць найперш іхняга вызваленьня, казаць пра пакуты і прыкрываць гэтымі пакутамі іхнюю антынацыянальную, варожую для Беларусі ролю, якую яны выконвалі, сталі ляпіць зь іх ледзь не нацыянальных дзеячоў.

Аднак засланіць пакутамі і турмой прарасейскіх калабарантаў і пераназваць іх у нацыянальных змагароў (зыходзячы з кан’юнктуры вайны) не атрымаецца. Рэчы павінны называцца сваімі імёнамі. Бабарыка і ягоная супольніца выступалі як палітычныя ворагі Беларусі, Турма іх не апраўдае і нічога ня сьпіша. Беларускія змагары сядзяць за вольную Беларусь, а дырэктар Белгазпрамбанка Бабарыка і ягоная памагатая Калесьнікава сядзяць за ўдзел у крамлёўскай афёры па замене Лукашэнкі дзеля падрыхтоўкі агрэсіі на Украіну. Раўняе іх толькі тое, што гэтак жа, як і вязьні-беларусы, яны сядзяць па палітычных матывах.

Зыходзячы з духу права, пры любым палітычным раскладзе і Калесьнікаву, і яе боса Бабарыку трэба вызваліць з турмы разам з усімі палітзьняволенымі (цытаты 5 і 9), забясьпечыць медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю. Потым правесьці люстрацыю, а В. Бабарыку, магчыма, яшчэ і судзіць па сутнасьці антыканстытуцыйнага злачынства супраць незалежнасьці Беларусі. (Гэта будзе залежыць ад палітычнай сітуацыі ў Расеі. У артыкуле растлумачана).

Новыя савецкія людзі (што сфармаваліся пры лукашызме) з прычыны неразуменьня нацыянальных інтарэсаў, ня могуць усьвядоміць, што ў Беларусі ўжо 30 гадоў доўжыцца маскоўская гібрыдная вайна на зьнішчэньне беларускай нацыі і цягнецца беларуская барацьба за нацыянальнае выжываньне пад варожай унутранай акупацыяй. У гэтай вайне для беларусаў — галоўнае захаваць дзяржаву, ня ўлезьці ў чужую расейскую вайну пад маскалём і зьберагчы народ. Чалавек ёсьць галоўная каштоўнасьць. Таму вызваляць трэба ўсіх палітычна асуджаных і рэпрэсаваных беларусаў, і вызваляць усімі спосабамі. Гэта ня вязьні. Гэта закладнікі. Яны палонныя. Тут прыдатны і абмен, і “гандаль”, і дамоўленасьці, і антытэрарыстычная палітыка.

Толькі трэба памятаць, што калі на вайне пашкадуеш ворага, ты будзеш ім жа забіты. Калі б у 2020 годзе крамлёўска-газпрамаўскі плян адбыўся б і на пасад Беларусі ўсеўся б газпрамаўскі банкір Бабарыка са сваімі фэсбістамі і актывісткамі, то Беларусі як дзяржавы ўжо не існавала б, а беларускія мужчыны гінулі б у маскоўскім войску на палях Украіны, страляючы ў братоў-украінцаў і змагаючыся за “нацыянальнага героя” Пуціна; рэшта “сьвядомых” сядзела б у турме гэтак жа, як і цяпер.

Мы беларусы высакародныя і вялікадушныя, мы жывём па законах і па справядлівасьці, ня лезем у ботах на лавачкі і ў душу, гатовыя падняць ляжачага. Але мы зусім не забыліся пра прадажнае антыбеларускае драньства спадароў Бабарыкаў, Цапкалаў і іхных жаночых “штабоў” у белых лентачках і белых апасках за “мудрага Пуціна”, з шлёпанцам замест Пагоні і крыкамі “Стоп таракан” замест “Жыве Беларусь!” Час зьмяняецца. Гісторыя застаецца.

Жыве Беларусь! Слава Айчыне!

5 кастрычнік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

Апошняе

85 гадоў таму нарадзіўся Ўладзімер Мулявін

12 студзеня 1941 году нарадзіўся Ўладзімер Мулявін.  Уладзімер Мулявін унёс...

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

❄️ Другі «Хаўер»: цыклён «Уллі» засыпае Беларусь сьнегам

Беларусь сутыкнулася з наступствамі магутнага цыклёну «Уллі», які ўжо...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: