11 снежня 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Павал Усаў пра нацыянальны дух і ролю элітаў у яго адраджэньні

Нацыянальны дух і матэрыя

Дыскусія, датычная супярэчнасьці нацыянальнага духу і матэрыі працягвае быць актуальнай. Нават нацыянальна арыентаваныя чытачы ўпэўненыя ў тым, што тыя палітычныя сілы, якія ў Беларусі будуць ў першаю чаргу ставіць Адраджэньне, а потым — матэрыяльны дабрабыт, то яны прайграюць.
Гэта складанае і супярэчлівае пытаньне. Хаця. Што такое нацыянальнае Адраджэньне?

У сукупнасьці яно азначае:

  1. Вяртаньне поўніцы нацыянальнага суверэнітэту (выхаду з усіх дамоваў з Расеяй і аднаўленьне мяжы на Усходзе);
  2. Дэсаветызацыю і дэрусіфікацыю;
  3. Люстрацыю і пакараньне ўсіх тых, хто спрычыніўся да палітычнага гвалту з 1995 па 202…
  4. Вяртаньне нацыянальных і дзяржаўных сымбаляў;
  5. Вяртаньне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай мовы, што між іншым азначае (нават па лукашэнкаўскай) канстытуцыі адукацыю і справаводства на беларускай мове. Гэта азначае, што любы дзяржслужачы, настаўнік, палітык, дырэктар школы ці шпіталю павінен валодаць беларускай мовай на такім самым узроўні, як расейскай. Нават дзяржаўнае двумоў’е, зафіксаванае ў “канстытуцыях” не вызваляе грамадзянаў Беларусі ад абавязку ВЕДАЦЬ беларускую мову і валодаць ею! На жаль, двумоў’е выкарыстоўваецца як права не ведаць роднай мовы.

З гэтага, ад чаго на этапе сістэмнага адраджэьня і дэмакратызацыі мы павінны адмовіцца, каб насельніцтва Беларусі дэмакратызацыю падтрымала?
Закладаем, што рэформы (эканамічныя і палітычныя) могуць прывесьці да пагаршэньня сітуацыі (банкроцтваў прадпрыемстваў, безпрацоў’я, інфляцыі), паніжэньня ўзроўню дабрабыту. Асабліва, калі прыдзецца разарваць адносіны з Расеяй.
Што атрымоўваецца?

  1. Нельга ставіць пытаньне разрыву з Расеяй? Захаваем зь ею эканамічны=стратэгічны саюз? Бо як жа мы рэфармуем гаспадарку без расейскіх крэдытаў;
  2. Пачакаем зь вяртаньнем нацыянальнай сымболікі? Бо гэта не будзе прыярытэтам, трэба спачатку стабілізаваць краіну;
  3. Люстрацыя? Да вы што? У перыяд крызісу і нестабільнасьці? Патрэбны ж будуць сілавікі, каб краіна не апынулася ў хаосе, калі пачнецца люстрацыя, то гэта выклічыць незадаволенасьць у сілавікоў, яны пачнуць сабатаваць загады сістэмы, асабліва калі яшчэ прымусіць іх хадзіць пад новымі сымбалямі. Варта пачакаць?
  4. Канстытуцыя? Ну і куды ж там дэмакратычныя зьмены, новыя выбары? Небясьпечна. Асабліва, калі абмежаваць паўнамоцніцтвы прэзідэнта. Адкуль мы ведаем, што народ гатовы да дэмакратыі і свабоды. Дай яму гэта і мы апынемся ў 90-х? Так што моцная цэнтральная ўлада будзе патрэбна на пераходным этапе.
  5. А пра мову? А пра мову я ўжо і не кажу.

І вось пытаньне, калі вымераць нацыянальны і палітычны дух матэрыяльнымі каштоўнасьцямі, то ўмоўна які павінен быць сярэдні заробак беларуса, (ці колькі лядовен і тэлевізараў) павінен мець беларус каб стаць дэмакратам і размаўляць па-беларуску?

А з іншага боку, калі гэты дабрабыт запэўнівае расейска-арыентаваны аўтарытарызм, то навошта насельніцтву ўвогуле нешта мяняць, дзеля таго каб на чарговых “дэмакратычных” выбарах выбраць новы расейска-арыентаваны аўтарытарызм?

Я думаю, што дух немагчыма вымерыць лядоўнямі ці машынамі. Нацыянальны Дух можа адрадзіцца толькі ў свабодзе, а свабода ў Нацыянальным Духу.

дух немагчыма вымерыць лядоўнямі ці машынамі. Нацыянальны Дух можа адрадзіцца толькі ў свабодзе, а свабода ў Нацыянальным Духу

У сваю чаргу, я мяркую, што сітуацыя ў перыяд постлукашызму будзе альбо значна горшай, чым ў 90-я, альбо значна лепш. Беларусь і беларусы больш за 30 год функцыянавалі ў сістэме кодаў дзяржаўнай незалежнасьці, але да канца не асэнсавалі яе каштоўнасьці. Пераход жа новага гістарычнага этапу можа адбывацца хутчэй і прасьцей. Тое, што варта рабіць зараз – гэта кансалідаваць, разьвіваць узбагачаць нацыянальнае мысьленьне.

Гістарычная місія і анты-элітарнасьць

Кожны народ і супольнасьць патрабуюць сваёй чаркі і шкваркі. Хлеба і відовішч. Нічога не зьмянілася з часоў Рыму, ці афінскай дэмакратыі. Заўседы і ўсюды былі эліты і масы. Багатая афінская культура не ўратавала Афіны ад заняпаду, як рымскай Рым.
Ці разумеючы гістарычны закон нараджэньня і ўпадку народаў мы павінны адмовіцца ад уласных высілкаў развіваць сваю цывілізацыю? Ці чалавек, які ведае што раней, ці пазьней памрэ павінен адмовіцца ад жыцьця, ад самаадукацыі, амбіцый, кватэры, дзяцей і г.д.?
Не гледзячы на прадумоўлены фізычны канец, мы імкнемся да максімалізацыі жыцьця, да дасягненьня мэтаў. Ці не гэта павінна нас падштурхоўваць у пабудаваньні ўласнай беларускай цывілізацыі, беларускага духу?

Я думаю, што не правільна супрацьпастаўляць дух матэрыі і наадварот, ці казаць, што будзе мова, не будзе ежы. Калі б людзі засяроджваліся выключна на матэрыяльных аспектах жыцьця, яны б не выйшлі з пячор. Не будавалі б прыгожых храмаў і пірамід, бо гэта з пункту гледжаньня ” чаркі і шкваркі” абсалютна не мае сэнсу.

Давайце паглядзім на нашае грамадства, не гледзячы ні на што, тыя бацькі якія жывуць чаркай і шкваркай, тым ня менш хочуць каб іх дзеці ўмелі чытаць і пісаць, былі адукаванымі і запатрабаванымі ў грамадстве. За пэўным выключэньнем. Больш таго, калі некаторым прадстаўнікам беларускага народу ўсе роўна, што і як, галоўнае, каб была чарка і шкварка, то ці гэта не спрашчае задачу? Бо такім людзям усе роўна, ці гэта “чарка і шкварка”, ці “стопка і сало”? Галоўнае, каб было, а калі так, то прымуць яны “чарку і шкварку”?
Ці ўсе ж “гэтае матэрыяльнае” мае нейкае іншае вымярэньне і некаторым беларусам патрэбна менавіта, “стопка і сало”, а таксама прынцыпова важным будзе чым накрыты стол, абрусам, ці скатертью”?

Калі мы кажам пра грамадства, то яно будзе жыць і развівацца, пакуль эліты ў стане прадукаваць цывілізацыйны кантэнт.
Праблема беларускага грамадства не ў тым, што яно хоча чаркі і шкваркі, а ў тым, што мысьленьне тых, хто лічыць сябе элітамі было і часам застаецца на такім самым узроўні “чаркі і шкваркі”. Беларускія эліты, як ядро цывілізацыі, да канца не сфарміраваліся, а калі пачалі нараджацца не хацелі прымаць на сябе цывілізацыйнай адказнасьці, місіі фарміраваць нацыянальную сьвядомасьць, нацыянальны кантэнт. Яны заставаліся і ўсьцяж застаюца на ўзроўні пэрэфэрыйнай, правінцыянальнай эліты з арыентацыяй на Расею, бо так было прасьцей. Не будаваць свой дом, а пачакаць, калі нехта прыйдзе і нешта дасьць у цывілізацыйным сэнсе.

Беларускі народ, як любы народ, мае ўнутраную сілу і патэнцыял. Усе мы з народу: і вы і я. Усе мы — народ, усе мы сфарміраваліся ў жыцьцёвай прасторы беларускага народу. Калі б у гэтай прасторы не было творчага нацыянальнага духу, то не было б Купалы, Караткевіча, Быкава. Я б не пісаў свае тэксты зараз па беларуску. Нашай мовай прамаўляе дух народу, ягоная памяць, праз нас ён жыве і абуджаецца.

Нашай мовай прамаўляе дух народу, ягоная памяць, праз нас ён жыве і абуджаецца


Адначасова народ як дзіце. Ён у адным і тым жа моманьце жыве, нараджаецца і перараджаецца, старэе і аднаўляецца. Народ гэта адначасова tabula rasa і пасівеўшы мудрэц. Ён ніколі не ёсьць адным і тым жа. І ён фарміруецца на падставе таго, што даюць яму эліты і як даюць. Ад элітаў залежыць, як скарыстаць з мудрасьці і досьведу народу і як перадаць гэтую мудрасьць і цывілізацыйнае багацьце нараджаючымуся народу.

Гэта як сям’я. Дзеці – народ, эліты –бацькі.Будуць бацькі якія не любяць і не шануюць сваіх дзяцец, пояць півам, кормяць цукеркамі, вучаць дурасьці, то якімі будуць дзеці? Адказ хіба відавочны.

Калі эліты ўвесь час кажуць, што народ дурны, прамаскоўскі, нічога яму не патрэбна акрамя чаркі і шкваркі і акрамя Лукашэнкі з расейскай мовай, што народ не гатовы, не сасьпеў, то ен такі і будзе і наўрад ці зьменіцца.
Як у бацькоў, так і ў эліт есьць місія: даць ад сябе ўсе (веды, досьвед, думкі), зрабіць усё, каб ганарыцца народам, каб яго ўзбагаціць, каб ён быў лепшы, каб меў, дзякуючы нашай дзейнасьці той капітал духу, які б мог выкарыстаць праз гады ў сваім новым гістарычным аднаўленьні, перараджэньні.

Як у бацькоў, так і ў эліт есьць місія

І гэта наш абавязак, як элітаў: вучыць народ пісаць, чытаць, размаўляць, думаць. Гэта наша цывілізацыйная місія, і гэтую цывілізацыйную місію элітам трэба асэнсаваць, калі яны хочуць быць беларускімі элітамі.

Асноўная праблема беларускага народу ў тым, што эліта, людзі якія маюць быць элітай, культурна і духоўна некансалідаваная. Не адзіныя ў сваім мысьленьні. Адна частка імкнецца даць народу максімальныя нацыянальныя веды, кажа пра тое, што мова, культура, адукацыя, памяць – вельмі важна, а іншая ў той жа самы час кажа – не! Гэта зусім не важна, ды і ўвогуле гэта не патрэбна, гэта нічога не дасьць, дастаткова чаркі і шкваркі.
Такі падыход – цывілізацыйная безадказнасьць, антыэліьарнасьць.

Ізноў, паралель з бацькамі. Як па вашаму, што абярэ дзіце кнігу, ці гульні на айфоне? Калі адзін з бацькоў будзе імкнуцца да таго, каб дзіцё чытала кнігі, а іншы будзе саваць яму айфон (каб той адчапіўся), то што па выніку будзе?

Таму для пераменаў і для адраджэньня, выхаваньня супольнасьці неабходна кансалідаваная, нацыянальна арыентаваная пазіцыя культурнай, палітычнай, творчай і навуковай элітаў. Мы есьць нацыя і мы бярэм адказнасьць за нашую нацыю. Беларуская нерэжымная эліта складае некалькі тысяч чалавек: палітыкі, журналісты, пісьменьнікі, праграмісты, навукоўцы, спартоўцы. Дастаткова зрабіць невялічкі высілак і зрабіць з сябе частку нацыянальнай эліты, каб распачаць працэс народнага перараджэньня.

Наступным крокам ёсьць фарміраваньне ўзважанага падыходу і мэтадаў выхаваньня і адраджэньня агульнадзяржаўнага. Але гэта зрабіць будзе значна прасьцей, калі есьць нацыянальная, кансалідаваная эліта і калі эліта мае і ясна асэнсоўвае сваю гістарычную, цывілізацыйную місію.

Вартае ўвагі

Апошняе

Магілы выбітных беларусаў на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Дзяды 2024

Разам з Зянонам Пазьняком наведваем магілы выбітных беларусаў на...

Зянон Пазьняк пра Станіслава Булак-Балаховіча і Слуцкіх паўстанцаў

Разам з Зянонам Пазьняком узгадваем легендарнага беларускага генарала Станіслава...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: