1 чэрвеня 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

Нішчэньне помнікаў беларускага пісьменства X-XVIIIст.

Вытрымкі з кнігі Аўгена Калубовіча “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”.

Аўгена Калубовіч (Каханоўскі) – беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст і гісторык -нарадзіўся ў 1910г. у Рагачоўскім павеце. Праца Калубовіча “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства” – адна з найлепшых і фундаментальных для гісторыі беларускага пісьменства. Прыводзім тут словы Зянона Пазьняка у прадмове да факсімільнага выданьня “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”.

Гэта адна з тых кніжак, якія выварачваюць душу ад крыўды на жорсткасьць гісторыі, прымушаюць моцна біцца сэрца, і попел пакаленьняў стукае ў скронь. Сухой мовай фактаў, скрупулёзна і педантычна паказана, як пасьлядоўна і мэтадычна нішчылі вялікую беларускую кніжную культуру варвары, войны, акупацыі, ворагі і беспамяцтва.

Ніжэй прыводзім некалькі разьдзелаў з кнігі.(Для поўнага чытаньня праца даступна ў сеціве Інтэрнэт).

Сьведчаньні пра гібель помнікаў пісьменства

Які-ж лёс спаткаў помнікі беларускага пісьмeнства X-XVIII ст. ст.? Шмат ix не дайшло да нас з прычынаў натуральнага ізносу.

Шмат ix не дайшло да нас з прычынаў натуральнага ізносу.

Шмат згарэла ў пажарах Вільні (бібліятэка язуіцкай акадэміі й бібліятэкі й архівы япіскапскіх палацаў – у 1610 г. Віцебску (бібліятэкі й архівы Маркавага манастыра й колькіх блізкік прыходаў i прыватных асобаў зь Віцебску, што былi на перахаваньні ў манастыры – у 1685 г., бібліятэка дамініканскага касьцёлу із, зборам к. 600 кніг друку XV-XVIII ст. ст. – у 1869 г., Менску (358 актавых кніг 1641-1761 гг. Галоўнага трыбуналу – у 1762 г.), Наваградку (архіў земскага суда – у 1764 г.) i г. д.

Яшчэ болей ix загінула ад пажараў, зруйнаваньняў і рабункаў у войнах, пераважна із Масковіяй.

Нішчэньне помнікаў пісьменства

Поруч вывазаў, ішло нішчэньне, ад якога найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове – дакуманты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней – былой праваслаўнай i вуніяцкай) літаратуры XVII-XVIII стст.

Шмат ix было спалена ў вагні. У 1814-36 гг. Нясьвіскім замкам і маёмасьцю Радзівілаў кіравала царская апякунчая камісія. «Czasy tego zarządu byly dla archiwum prawdziwa klęska … W spustoszonym zamku palono w piecach papierami archiwalnymi, w końcu zas przewieziono cały archiwum do Wilna … I w owym to czasie poniosło archiwum dotkliwa scraty; wiele zniszczalo, wiele rozeszlo się po swiecie». Калі ў 1836 г. архіў быў вернуты ў Нясьвіж, зь яго ўжо пасьпела «вялікая частка найцікавейшых дакумантаў зьнікнуць … а рэшта была ў поўным бязладзьдзі», – скардзіўся кн. Вільгэльм Радзівіл горадзенскаму губэрнатару.

У 1832 г., на загад із Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок i замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. Із цэркваў i манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансісторыю звозіліся для паленьня выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукава-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкімі выключэньнямі, беззваротна загінулі ў вагні, разам із багаслужбовымі кнігамі, Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2.IV.1834 г. у Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы.

Аб тым, як «уніатскія книги … преднамеренно уничтожались», яшчэ лепей сьведчаць паленьні ix у Жыровічах. Туды ўжо па ліквідацыі ў 1839 г. вуніяцкае царквы яны звозіліся із павуніяцкіх (вуніяцкіх i былых праваслаўных) царкоўных i манастырскіх бібліятэк і, на загад праваслаўнага мітр. Язэпа (Сямашкі), у 1841-44 гг. спальваліся ў манастырскіх печках. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, i частка кніг раскрадалася, у 1844 г. мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц i спаліць ix на вогнішчы адразу. У 1853-55 i 1857 гг. паленьне ix зноў працягвалася. Колькі тут было спалена – невядома: афіцыйна называецца лічба каля 2.000 кніг, аднак сам мітрапаліт зазначае, што спалена ix было болей, чымся афіцыйна паказана.

У 1860-70-ых гг. рабіліся новыя чысткі царкоўных i манастырскіх бібліятэк. У гэтым часе канчальна было зьнішчана ўсё тое, што яшчэ ўцалела ад кніжных скарбаў старажытнага Турава. У 1865 г. выпадкам былі выратаваныя ад аднаго недапаленьня 10 аркушаў Тураўскага эвангельля XI ст., якія былі знойдзены ў скрыні з вугалем. Архэограф В.Лялін прыводзіць факт, як ігумен аднаго з манастыроў Віцебскай эпархіі два тыдні ацяпляў сваю кельлю “старыми бумагами”, пасьля чаго “с облегченной совестью” паведаміў свайму япіскапу, што “во вверенном [яму ] монастыре никаких древних актов нет”.

Каля 1898 г. Смаленскі яп. Пятро (Другаў) сьведама спаліў Царкоўна-архэалягічны музэй у Смаленску, у якім былі старадрукі, рукапісы й дакумэнты.

Іншыя помнікі былі прададзеныя на макулатуру. Беларускі філёзаф i гісторык, манах М.Брадовіч, меў у Кобрыне “вялікую бібліятэку й багаты навуковы архіў”. Па сьмерці вучонага ў 1879 г. бібліятэку ягоную распрадалі, а “яе рэшткі i ўвесь архіў былі здадзены на макулатуру” – “прададзеныя на пуды”, разам з рукапісамі ягоных неапублікаваных “шматлікіх прац” («Гісторыя Полацкага княства» i г.д.). У 1881-83 гг. урадоўцы Віцебскага губэрнскага кіраўніцтва прадалі зь Віцебскіх архіваў у Рыгу каля 3000 пудоў беларускіх актаў XVI-XVIII стст. па 1 рублю 18 капеек за пуд, а за выручаныя грошы былі ўзнагароджаныя чатыры ўрадоўцы гэтага кіраўніцтва.

У сяр. XIX ст. былі выпадкі нішчэньня ў архівах арыгінальных дакумэнтаў i замены ix падробкамі.

Шмат кніжок i дакумэнтаў загінула ад няўважлівага ix перахоўваньня. Калі зь Віцебшчыны й Магілёўшчыны пачалі звозіць у Віцебскі Цэнтральны архіў старадаўныя актавыя кнігі, спасярод ix былі “кнігі (з Полацкіх) да аднэй трэцяй часьці абгарэлыя […] На іншых кнігах відаць, што яны моклі, a ў большасьці – пашкоджаныя ад перахову ў мокрых будынках i ад перавозаў [… ] Многія без пачатку, без канца”… Тое ж самае – у Смаленску, у 1909-1910 гг.; у Аршанскім Куцейнаўскім манастыры, дзе яшчэ ў 1921 г. у вільгаці гнілі старадрукі Куцейнаўскай друкарні XVII ст.. Мажліва нават з мэтаю зьнішчэньня, кнігі Віленскага гарадзкога суда невядома кім былі выдзертыя з вокладак, перамяшаныя паміж сабою й выкінутыя кучаю ў склеп. Ix было там так шмат, што, калі яны былі выпадкова знойдзеныя, ix злажылі ў 145 клункаў па 600-700 аркушаў у кожным.

“Віленскі архэограф А.Жыркевіч, які ў свой час аддаў шмат энэргіі на адшукваньне й скуплю гістарычных дакумэнтаў з прададзеных жыдам урадовых архіваў, адкрыта робіць заяву ў друку аб няўважлівасьці маскоўскіх чыноўнікаў у Беларусі да астаткаў старадаўнасьцяў, якія не знаходзілі нічога лепшага, як толькі нішчэньне гістарычных дакумэнтаў” (А.Шлюбскі).

Паводле справаздачаў газ. «Савецкая Беларусь», за час 1-ае сусьветнае вайны, бальшавіцкае рэвалюцыі й першых гадоў савецкае ўлады ў Беларусі толькі ў аднэй Віцебшчыне зьнішчана 68 розных архіваў. Відаць, найбольш адчувальнай стратай тут былі бібліятэка й архіў графаў Буцянёвых-Храбтовічаў у м. Бешанковічы, зьнішчаных у 1918 г. бальшавіцкім карным атрадам; у архіве былі яшчэ нікім не даследаваныя дакуманты 1622-1750 гг. Храбтовічаў, а таксама Лукамскіх, Агінскіх i Цяпінскіх.

А вось прыклады нішчэньняў ужо ў нашыя дні. У с. Жукаў Барок каля Стоўпцаў у 1720 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага кн. Кароль Станіслаў Радзівіл пабудаваў вуніяцкую царкву. “Яна прастаяла тут усе свае 250 гадоў i толькі нядаўна была зьнесеная […] У царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных [… ] Гэтыя кнігі перавезьлі ў Стоўпцы [… ] У аддзеле культуры Стаўпецкага райвыканкому […] сказал і, што кнігі з Жукаборскай царквы […] спалілі”. Адзін з качагараў гарадзкой лазьні ў Стоўпцах расказваў, што “кніг гэтых (якія “звалілі […] ў качагарку”) была… цэлая гара (“прайсьці не было як”). Усялякія там былі – i друкаваныя, i так, ад рукі пісаныя. Якім было мо па тысячы год – тоўстыя, счарнелыя, крыж залочаны пасярэдзіне […] I – па кнізе, па кнізе – пачалі падпальваць імі печы. Нас тады чатырох было, качагараў. На зьмену палілі. Больш як на месяц хапіла ix на распал…”. “Больш трох стагодзьдзяў стаяла драўляная царква ў в. Насілава Маладзечанскага раёну. Мела яна свае багатыя архівы, бібліятэку, дзе былі ня толькі рэлігійнага зьместу кнігі i дакумэнты, але й сьвецкія. Нехта Раскін аддаў указаньне царкву разбурыць, а ўсё астатняе – згрузіць на падводы, вывезьці i зьнішчыць”.

Нішчэньні не абмінулі й помнікі эпіграфічнага пісьменства. Для прыкладу назавем камні-“пісанікі” XII ст.; у 1818 г. зь ix былі ўзарваныя Барысаў камень каля сяла Кавалі л я Дзісны (у ім быў адбіты верх, пашкоджаны крыж i напіс) i Сьвятаполк-камень (зусім зьнішчаны); у 1880 г. узарваны Барысаў камень каля сяла Высокі Гарадзец ля Лукамля (на ім пашкоджаны напіс, а канец яго стаў нечытэльны); у 1937 г. ён i Рагвалодаў камень 1171 г. каля сяла Дзятлаўка ля был. Друцку былі зусім разьбітыя аманалам i ўжытыя на будаўніцтва шашы Масква – Менск. У 1932 г. бальшавікі разьбілі й таксама ўжылі на будаўніцтва шашы Вула – Бачэйкава Сокараўскі каменны крыж, пастаўлены ў 1569 г. на беразе воз. Пола каля сяла Сокарава (блізка Бешанковічаў) на брацкай магіле 200 беларускіх жаўнераў, што загінулі ў бойцы з маскоўскім войскам Івана Грознага.

Нішчэньню спадарожнічалі зьнікненьні. Часткава мы ўжо закраналі ix у сувязі з доляй гістарычнай калекцыі Эрмітажнага збору й Нясьвіскага архіву ў 1814-36 гт. Дадамо тут іншыя факты.

У 1803 г. зь Віцебску ў Пецярбург былі высланыя 9 каралеўскіх прывілеяў г. Віцебску, якія пазьней невядома куды зьніклі.

Расейскі гісторык i бібліятэкар Полацкай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі К.Гаворскі пры перавозе ў 1856 г. з Полацку ў Віцебск бібліятэкі сэмінарыі (был. бібліятэкі Полацкай вуніяцкай сэмінарыі ў XVII-XVIII стст.) частку кніг як “непатрэбных i перашкаджаўшых справаздачнасьці” пакінуў у Полацку, дзе яны пасьля таго ўсе зьніклі; а зь перавезеных ім у Віцебск зьніклі яшчэ 183 назвы i ўсе рукапісы, а таксама гістарычныя дакумэнты XVI-XVII стст., якія ён у 1858 г. публікаваў у рэдагаванай ім неафіцыйнай частцы «Витебских губернских ведомостей» (у №№3-8, 12-14, 22-28, 35 i 38).

Рукапіс Беларускага летапісу 1570-ых гг. (адзіны дайшоўшы да нас ягоны сьпісак – Быхаўца), перададзены ў 1834 г. уласьнікам рукапісу, абшарнікам двара Магілёўцы Ваўкавыскага пав. А.Быхаўцом, гісторыку Т.Нарбуту ў двор Шаўры Лідзкага пав., у каталёгу бібліятэкі Нарбута, уложаным ім самім у 1851 г., яшчэ значыцца як існуючы; у каталёгу ж, уложаным па арышце й сьмерці гісторыка, у 1864 г. настаўнікам Віленскай расейскай гімназіі М.Сокалавым, яго ўжо няма, i рукапіс летапісу зьнік.

У 1870-ых гг. Віцебскі праваслаўны япіскап патрабаваў ад усіх манастыроў i цэркваў эпархіі перасланьня ў Віцебск помнікаў старога пісьменства. У 1880 г. В.Лялін паведамляў зь Віцебску, што там, у Маркавым манастыры, была паўтарасажнёвая скрыня зь якімісь старадаўнымі рукапісамі, але ў тым жа годзе кудысь зьнікла. З гэтымі фактамі Л.Аляксееў зьвязвае “бясьсьледнае зьнікненьне” прыгадванага намі Архіву старажытных актаў Полацкага княства ў Бельчыцкім манастыры пад Полацкам i “праўдападобна, архіваў іншых манастыроў старажытнае Полаччыны”. Мажліва нават, што ўсе яны трапілі ў лік архіваў, прададзеных у 1881-83 гг. у Рыгу.

У Нясьвіскім архіве Радзівілаў Я.Палькоўскі ў 1881 г. знайшоў інвэнтар друкаў Слуцкай друкарні кн. Людвікі Радзівіл, дачкі патрона пратэстантаў у Беларусі кн. Багуслава. Інвэнтар гэты, уложаны ў 1687 г. “rejestruje (за час ад 1670 г. – Л.К.) 23 pozycje, z których większości nie tylko dziś nie znamy» ale nie możemy zidentyfikować. Z zachowanych i zarejestrowanych przez bibliografie druków możemy jedynie wskazać ok. 11 tytułów”, хоць друкарня ў Слуцку была дзейная яшчэ й пасьля 1687 г. А.Мальдзіс, які ў 1970 г. знайшоў той жа інвэнтар (ці іншы ягоны экзэмпляр) у Львове, пытаецца: “Што хаваецца [… ] за [… ] запісамі” гэтага інвэнтара: «Тэорый рускіх» – экз. 80, «Дзёньнікаў» 2020, «Школак» – 3091, «Працэсаў» – 1006, «Гаспадароў» – 1000, «Формулак» – 414, «Табліц гарызантальных» 100, «Аб злучэньні рэк» – 640, «Хрысьціяньскіх заўваг» 250, «Лемантароў» – 3389? На якой мове ўсё гэта друкавалася? I ці ня тояцца тут невядомыя сёньня творы старой беларускай літаратуры?”

Перад 1893 г. у Менску зьніклі ўсе гістарычныя дакумэнты з архіву Менскай i Тураўскай эпархіі.

Увогуле, паводле сьведчаньняў з 2-ое паловы XIX ст., беларускія кнігі, рукапісы й дакумэнты “ў розныя часы забіраліся рознымі асобамі, які не пакідалі ніякіх сьлядоў прыналежнасьці ix”  тэй бібліятэцы ці архіву, скуль яны ўзятыя, i “якія дакумэнты й кнігі большай часьцю зьнікалі”. I гэта з такіх старых бібліятэк i архіваў, дзе былі рэзыдэнцыі мітрапалітаў i япіскапаў, як Жыровіцкага, Супрасьльскага, Пінскага Ляшчынскага манастыроў, i іншых збораў.

Невядома дагэтуль, калі й пры якіх акалічнасьцях зьніклі шматлікія названыя й неназваныя намі цэлыя старыя беларускія бібліятэкі й архівы, як i пазьнейшыя зборы зь ix, a ў тым – Полацкага Сафійскага сабору, Жыровіцкага базыльянскага манастыра, Слуцкага Траецкага манастыра й г. д. Калі ў вайну 1654-67 гг. маскоўскае войска часова заняло Полацак (17 ліпеня 1654 г.), акупацыйныя ўлады адразу ж пачалі інвэнтарызацыю маёмасьці.

У адным зь іхных інвэнтароў («Сметная книга» Полацку за 1654 г.) пры апісаньні Сафійскага сабору зазначана, што ў ім ёсьць “пять сундуков с русскими и с литовскими и с латынскими с разными книгами”. Мы ня ведаем, ці тут былі ўсе кнігі Сафійскай бібліятэкі, як i ня ведаем усёй гісторыі гэтых “сундуков5′: ці ix не пасьпелі эвакуяваць з Полацку перад прыходам войскаў ворага, ці гэта ўжо трафэі, падрыхтаваныя на вываз у Маскву. Зноў жа “зь Львоўскіх дакумэнтаў (пра Жыровіцкі макастыр. – АЖ.) […] відаць, што яшчэ ў 1886 г. 4867 друкаваных i рукапісных кніг з базыльянскай бібліятэкі знаходзілася ў Жыровічах у вялізных шафах, зацягнутых дротам i забітых дошкамі”, У 1895 г. некаторыя кнігі зь яе трапілі ў Віленскую Публічную бібліятэку, але лёс цэлай бібліятэкі (г. зн. кніг, што тады ж часова былі перавезеныя ў муры Віленскага Траецкага манастыра, i тых, што засталіся ў Жыровічах) – невядомы.

Зьніклі канфіскаваныя ў 1930-ых гг. пры арыштах іхных уласьнікаў у БССР прыватныя зборы рукапісаў i старадрукаў беларускіх навукоўцаў В.Ластоўскага, А.Шлюбскага й М.Пятуховіча ў Менску, а таксама ў часе 2-ой сусьветнай вайны – збор гісторыка беларускае літаратуры Р.Зямкевіча ў Варшаве.

Факты паказваюць, што зьнікалі, як i нішчыліся, кнігі й рукапісы галоўна ў нацыянальнай беларускай мове й ня толькі пісьменьнікаў-пратэстантаў ці вуніятаў, але й праваслаўных. В.Сопікаў у пач. XIX ст. апісаў першую кніжку, выдадзеную па-беларуску ў Нясьвіскай кальвінскай друкарні 20 кастрычніка 1561 г. – С.Будны «О оправдании грешного человека пред Богом». І.Каратаеў ужо ня мог яе знайсьці й інфармуе аб ёй паводле Сопікава, які зь бібліёграфаў адзін “имел в руках эту книгу”. Першую друкаваную па-беларуску кніжку ў Магілёве – праваслаўнае эвангельле 1619 г. – бачыў таксама толькі Сопікаў. Каратаеў i іншыя інфармуюць аб ёй паводле яго. Вуніяцкі катэхізм – «Наука, яко верити маеть каждый» – уложаны й выдадзены ў 1628 г. манахамі Віленскага Траецкага манастыра, апісаў у 1-ай пал. XIX ст. І.Сахараў. Апісаны ім экзэмпляр тады належаў “библиотеке Московского типографского двора”. Hi Каратаеў, ні іншыя бібліёграфы яго ўжо не знайшлі. Праваслаўны «Трэбнік», выдадзены ў 1618 г. “В Вильню, в Друкарни Братской. Працею и старанем иноков” з асобным катэхізмовым разьдзелам «Наука о седми тайнах церковных» (аркушы 1 – 178 першае фаліяцыі), напісаным для “презвитеров”, у 2-ой пал. XIX ст. Каратаеў пры апісаньні трымаў у сваіх руках. Цяпер гэтага выданьня няма: захавалася іншае з таго самага году толькі царкоўнаславянскі тэкст трэбніка, але без катэхізму па-беларуску. Перад 2-ой сусьветнай вайной у вуніяцкім мітрапалічым архіве пры катэдры сьв. Юрага ў Львове захоўваўся «Кодэкс з далучэньнем справаздач аб манастырскім i школьным жыцьці базыльянаў у Жыровічах на Слонімшчыне» (шыфр: Д-9), куды было ўпісана шмат арацыяў студэнтаў Жыровіцкай вуніяцкай калегіі з 1751-52 i 1761 гг. Па вайне архіў гэты забраны ў Цэнтральны Дзяржаўны гістарычны архіў УССР у Львове (ф. №201), але «Кодэксу» з арацыямі тут ужо няма, i г. д.

З помнікаў эпіграфічнага пісьменства найбольшая страта – крыж сьв. Афрасіньні Полацкай, зроблены на яе заказ у 1161 г. полацкім ювэлірам Лазарам Богшам. Пры нявыясьненых акалічнасьцях “крыж зьнік з спэцперахаваньня Магілёўскага гістарычнага музэю пры заняцьці гораду немцамі ў 1941 г.” У 1944 г. хутка па заняцьці Віцебску савецкім войскам, прафэсару мастацтвазнаўства М.Кацару “у Пакроўскай царкве [… ] пашчасьціла ўбачыць (драўляную. – А .К.) скульптуру Апанаса Філіповіча з датаю 1763 г. з надпісам [… ] На жаль, скульптуры гэтае тады не ўдалося з сабою забраць. Праз колькі месяцаў яна зьнікла, хутчэй за ўсё, была спалена”.

Некаторыя зь зьнікшых помнікаў пісьменства могуць быць яшчэ адшуканыя, але бальшыня ix, трэба думаць, была зьнішчаная ў часе сыстэматычных чыстак бібліятэк, архіваў i музэяў. Бібліёграф А.Шлюбскі, на якога мы тут так часта отсылаемся, з гэтае прычыны пісаў: “Усім, хто працаваў над дасьледаваньнем гісторыі беларускага народу й беларускага краю, прыходзілася й прыходзіцца сустракацца з […] нястачай кніжных скарбаў i рукапісаў [… ] якімі ад самых даўных часоў была багата Беларусь [… ] Дасьледчыкі […] сочачы па бібліятэках i архівах вялікіх гарадоў Маскоўшчыны ці за рубяжом, зь вялікімі мукамі знаходзяць патрэбныя ім матэрыялы, а найчасьцей зусім не ўдаецца знайсьці патрэбнага, бо шмат зьнішчана. Гэта сьведчыцца [… ] усімі вучонымі, якія ў сваіх працах дакраналіся Беларусі”.

Выснавы

Сёньня аб помніках беларускага пісьменства X-XVIII стст. можна сказаць, што яны або беззваротна загінулі ці зьнішчаныя (аб некаторых зь ix засталіся адно сьляды ў сьведчаньнях), або яны яшчэ да канца ня выяўленыя (асабліва рукапісныя), або ў царкоўных мовах (царкоўна- славянскай i лацінскай) яшчэ ня вылучаныя зь пісьменства расейскага, польскага й літоўскага.

У вывучэньні ix ужо шмат зроблена. У зробленым – болей дасьледавана выяўленых i вылучаных помнікаў, мала вядзецца пошукаў у выяўленьні й вылучэньні нявыяўленых i нявылучаных.

На наш пагляд, дасюлешні ход вывучэньня ix давёў да мяжы, за якой на чарзе стаяць гэткія патрэбы:

Каталёг помнікаў пісьменства – рукапіснага, друкаванага, эпіграфічнага. Тымчасам хоць бы зводны, на аснове ўсёй папярэдняй бібліяграфічнай працы, куды б былі ўнесеныя помнікі пісьменства мастацкага, навуковага, публіцыстычнага й важнейшыя юрыдычнага.

Рэвізія ўсіх папярэдніх апісаньняў беларускіх рукапісных зборнікаў i друкаваных выданьняў у расейскай, польскай i інш. бібліяграфіях з мэтаю выяўленьня прапушчаных у гэтых апісаньнях шматлікіх твораў арыгінальнага беларускага пісьменства – вершаў, публіцыстычных i навуковых працаў i г. д. Новае, больш уважлівае й поўнае апісаньне ix; а таксама апісаньне выяўленых i зарэгістраваных, але дагэтуль нікім не апісаных помнікаў, галоўна 1653-1795 гг.

Неадкладныя пошукі зьнікшых старых беларускіх бібліятэк, архіваў, збораў i паасобных помнікаў – усяго таго, што яшчэ не загінула й ня зьнішчана, каб вярнуць у беларускае пісьменства ўсё, што яшчэ мажліва, прычым, без дыскрымінацыі неправаслаўных аўтараў i ня толькі ў старабеларускай мове, але й помнікі X-XVIII стст. у царкоўнаславянскай мове (пачатак чаму паклаў В.Ластоўскі) i помнікі XV-XVIII стст. у другой царкоўнай мове – лацінскай (першыя крокі ў чым ужо зрабілі М.Прашковіч, Я. Александрович i Я.Семяжон).

Пільная патрэба публікацыяў хаця б найбольш значных помнікаў, бо дагэтуль ix апублікавана мала. Усе беларускія дасьледчыкі адназгодна заяўляюць пра гэта. Да ўжо прыведзеных далучым галасы У.Пічэты, які ў дачыненьні да юрыдычнага пісьменства зазначыў, што “в общем количество изданных материалов является очень незначительным (падкр. нашае. – Л.К.) по сравнению с теми материалами, которые находятся еще в архивах”. Тое ж сьцьвярджае й М.Улашчык. Шмат горай з помнікамі неюрыдычнага пісьменства. Адзін з публікатараў ix, С.Міско, кажа, што апублікавана ix “толькі маленькая частачка [… ] Тысячы ж каштоўных твораў з розных галін творчасьці (…) сёння ляжаць некранутымі ў архівах Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы й Польшчы [… ] i застаюцца недаступнымі ня толькі для шырокай грамадзкасьці, але й для дасьледчыкаў”.

I, урэшце, далейшыя дасьледаваньні паасобных помнікаў, пісьменьнікаў i жанраў з кожнага гледзішча, a ў тым i з гледзішча гісторыі пісьменства й гісторыі мовы; у апошнім зусім непачатым ёсьць выяўленьне тыповых асаблівасьцяў резных функцыянальных стыляў старабеларускай літаратурнай мовы.

Апошняе

За пратэсты 2020 года СК РБ асудзілі больш за 6000 чалавек

Старшыня лукашысцкага Сьледчага камітэта адчытаўся перад расейцамі ў Піцеры:...

Патранажная служба БДК дамаглася спрашчэньня банкаўскіх працэдур для беларускіх вайскоўцаў.

Дзякуючы падтрымцы грамадзянскага крыла Патранатажнай службы БДК (https://t.me/BDK022), у...

Шалёная русіфікацыя: па-беларуску навучаецца ўсяго 8% беларускіх школьнікаў

За апошнія 10 гадоў колькасьць школьнікаў, якія навучаюцца на...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: