20 мая 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

З якой мэтай Іран падпальвае Цэнтральную Азію

Іран спрабуе падпаліць Цэнтральную Азію ў разліку на пераключэньне ўвагі сусьветнай грамадскасьці з рэгіёну Блізкага Усходу і перанакіраваньне вектара пагрозы Тэгерану ў іншы бок. Для гэтага ўвесь час варушацца вуглі падспудна цьмеючых афганскай і таджыка-кіргізскай войнаў.

Візіт міністра абароны Ірана ў Таджыкістан ў другой палове кастрычніка неабходна разглядаць менавіта ў гэтым ключы. Па афіцыйнай версіі галоўны сілавік Тэгерана прыбыў Душанбэ каб дамовіцца аб паглыбленні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва (у рамках якога ў Таджыкістане ўжо працуе, – з мая 2022 года, – напрыклад, завод па зборцы іранскіх беспілотнікаў Ababil-2). Расейская «Независимая газета» піша пра гэта так: «На пытаньне «НГ» аб тым, супраць каго Таджыкістан узбройваецца, улічваючы наяўнасьць у рэспубліцы 201-й расейскай вайсковай базы, суразмоўца заявіў, што не выключае канфліктаў на кіргізска-таджыкскай мяжы. Акрамя таго, суседняя Кіргізія ўмацоўвае сваё войска пры падтрымцы Турцыі». І сапраўды, у сярэдзіне верасьня стала вядома, што Кіргізія неўзабаве можа прад’явіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Таджыкістану на падставе нейкіх “знойдзеных дакументаў”. Пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржкамітэта нацыянальнай бясьпекі РК Камчыбек Ташыеў (пасля чаго пасол Кіргізіі Эрлан Абдылдаеў быў спецыяльна запрошаны ў МЗС Таджыкістана).

Незадоўга да гэтага Расію наведаў кіраўнік Фронту нацыянальнага супраціву Аўганістана Ахмад Масуд, лідэр сіл, якія супраціўляюцца рэжыму талібаў. Па агучанай «Радыё Азодзі» вэрсіі, Масуд спрабуе прыцягнуць увагу да афганскай сітуацыі і пераканаць Маскву падтрымаць яго, у т.л. таму, што ён фактычна страціў падтрымку ўсіх зьнешніх сіл, акрамя Таджыкістана (аднак і Душанбэ ў апошні час імкнецца не ісці на адкрытае супрацьстаянне з талібамі у тым ліку з-за таго, што салдаты расійскай 201-й базы, дыслакаванай у Таджыкістане, у асноўным з’ехалі ваяваць ва Украіну). Сітуацыя выглядае тым больш небяспечнай, што, паводле звестак “Незалежнай газеты“, талібы назапашваюць сілы ў прыгранічных раёнах, і ўжо восенню можа ўспыхнуць новы канфлікт, пагасіць які Расея будзе не ў стане з-за “занятасьці” Украінай.

У маі гэтага года іранцы ўжо распалілі афганскіх талібаў, перыядычна ўступаючы з імі ў адкрытыя боесутыкненьні. У раёне паветаў Дост-Мухамад (у іранскай правінцыі Сістан і Белуджыстан) і Канг (у афганскім Німрозе) абодва бакі актыўна выкарыстоўвалі стралковую зброю і мінамёты, а іранцы нават ўдарылі па пазіцыях талібаў з ствольнай артылерыі. Абодва бакі пацьвердзілі сьмерць і раненьні сваіх вайскоўцаў. Тэгеран сьцвярджае, што прычына канфлікту з афганцамі водныя рэсурсы – размеркаваньня сьцёку ракі Гільменд. Нібыта Кабул парушае дамову ад 1973 года, у якой пазначана, колькі вады павінен атрымліваць Іран, а таксама захаваньне доступу для маніторынгу ўзроўню вады.

Насамрэч усё значна складаней. Для Ірана і яго шыіцкіх васалаў зараз вельмі выгадная любая ваенная турбулентнасьць далей ад іх тэрыторый. Падпальваючы цэнтральнаазіяцкі рэгіён, іранцы пашыраюць “усходнюю зону турбулентнасці” ў сфэры ўплыву Кітая і Расіі (і т.зв. АДКБ), тым самым ускладняючы геапалітычную сітуацыю ў важным для Масквы і Пекіна рэгіёне. Чым больш паспяхова ўдасца ўцягнуць іх у супрацьстаяньне з талібамі, тым лепш для рэжыму аятол будзе складацца знешнепалітычная абстаноўка ў т.л. у кантэксце таго, што адбываецца сёньня на Блізкім Усходзе.

Зацікаўленыя ў гэтым сілы ёсьць і сярод рэжыму талібаў у Аўганістане. Ім трэба тэрмінова ўтылізаваць дзясяткі тысяч нядаўніх баевікоў, якія катэгарычна не здольныя да мірнага жыцця. Палітычнага выніку ў вайне супраць мусульман Цэнтральнай Азіі быць не можа, захоп тэрыторый для Афганістана неактуальны. Затое спаліць небяспечны і гаручы ўнутраны «матэрыял» вельмі трэба: у краіне, якая ваюе без перапынку ўжо амаль паўстагоддзя, нарадзілася два пакаленьні, якія не ўмеюць нічога, акрамя як ваяваць.

Сітуацыю ўскладняюць і ўлады Пакістана, якія пачалі ў кастрычніку тэрмінова выганяць з тэрыторыі краіны больш за 1,7 мільёна афганскіх “нелегальных” мігрантаў (па дадзеных BBC яны павінны пакінуць краіну да 1 лістапада). Нагодай сталі серыі нападаў уздоўж мяжы дзвюх краін, у якіх Ісламабад абвінавачвае баевікоў Афганістана, што прывяло да эскалацыі напружанасці. Пакістанцы зацікаўлены выціснуць і пераключыць агрэсію афганцаў на паўночны напрамак (супраць Расеі), а не ўсходні (супраць Кітая), паколькі арыентуюцца на Пекін. А Маскву лічаць ворагам мусульман яшчэ з часоў уварвання ў Афганістан 1979 года (як і Тэгеран, які таксама актыўна падтрымаў тады афганскіх маджахедаў).

У пачатку чэрвеня ў медыя ўкінулі інфармацыю аб сустрэчы ў Тэгеране прадстаўнікоў першых асоб іранскага і афганскага рэжымаў. Мэта ўкіду – загадзя перакласці адказнасць на… амерыканцаў. Нібыта падчас сустрэчы першы віцэ-прэм’ер урада Талібана мула Абдул Гані Барадар прызнаўся прэзідэнту Ірана Ібрахіму Раісі, што да ўзброенага канфлікту ў рэгіёне з удзелам Тэгерана талібскі рэжым Афганістана актыўна падштурхоўваюць прадстаўнікі ЗША.

Аднак справа зусім не ў амерыканцах. У свой час перад Іранам, пасля перамогі ў Тэгеране рэвалюцыі 1979 года, паўстала такая ж самая праблема, што стаіць сёння перад барадатымі талібскімі «студэнтамі», якія ўзялі Кабул – што рабіць з рэвалюцыйнымі масамі моладзі, якія спазналі любаты свабоды і анархіі. Тады аяталы адправілі іх у біярэактар вайны з Іракам, дзе большая іх частка і згарэла, пасля чаго партрэты пакутнікаў развесілі па ўсіх гарадах і вёсках. Таму вонкавы вораг/ворагі – вельмі зручны аб’ект для нацкоўвання ўнутрыпалітычнага ціску. Ды і ў Іране падтрымка падобнага роду «добраахвотнікамі» войн з вонкавым ворагам таксама вельмі дарэчы, бо ўнутраная незадаволенасць зрывае вечка катла – што дэманструюць унутраныя пратэсты, якія не згасаюць цалкам ужо некалькі гадоў.

Менавіта таму ў сярэдзіне кастрычніка афіцыйны Твітар Іранскай рэспублікі апублікаваў дзіўны толькі на першы погляд твіт, на які афіцыйная міжнародная радыёвяшчальная сетка Ірана адгукнулася фразай: “Перамога Божая блізкая”.

Адразу пасьля гэтага Іран адкрыў спецыяльны вэб-сайт, праз які ў краіне пачаўся набор добраахвотнікаў для войнаў з Ізраілем і іншымі ворагамі рэжыму аятол. Крыху больш чым за суткі на гэтым афіцыйным анлайн-рэсурсе для «адпраўкі на барацьбу з сіянісцкім рэжымам» аказалася зарэгістравана (падалі заяўкі) каля 5 (пяці) мільёнаў чалавек. (Як сказана на самім рэсурсе: “Каб падтрымаць законную абарону палестынскай нацыі, націсніце кнопку вышэй і заявіце аб сваёй гатоўнасьці быць адпраўленым у рэгіёны”).

Таксама стала вядома, што ўсе групоўкі Ірака, якія падтрымліваюцца Іранам, цяпер аб’яднаныя ў адну вялікую групоўку пад назвай «Ісламскі супраціў у Іраку» (скрын ніжэй). Пасля чаго да 20 кастрычніка гэтая групоўка ўсяго толькі за 72 гадзіны зьдзейсніла 8 ракетных і беспілотных атак на войскі ЗША ў Сірыі і Іраку.

Усё гэта сьведчыць аб наступным. Падпальваючы Цэнтральную Азію і Блізкі Усход рэжым аятал спрабуе тым самым усталяваць у сьвеце новы месіянскі рэжым – Ісламскай рэспублікі Іран. “Ісламскі джыхад”, Хезбалла і падобныя ім тэрарыстычныя структуры, накшталт ХАМАС і іншых падобнага роду арганізацый – гэта інструментар азначанага месіянства, які ісламісты шыіцкага кшталту (г.зн. аднаго з адгалінаванняў-сект у ісламе) спрабуюць супрацьпаставіць месіянізму амерыканскаму (якi таксама ва многам бярэ вытокi у адгалінаваннях-сектах, але на гэты раз хрысціянскіх і юдаісцкіх –старазапаветна-баптысцкага кшталту).

Месіянізм сённяшняга Ірана і яго проксі ў мусульманскім сьвеце даволі просты – забіць усіх ворагаў ісламу шыіцкага ўзору. Прычым дзеля гэтай “святой справы” можна падарваць не толькі Цэнтральную Азію і Блізкаўсходні рэгіён, але і ўсю планету ў цэлым. Гэта свайго роду месіянізм глабальнага суіцыду і ахвярнасці шахідаў-асасінаў, якія з’явіліся ў свой час якраз у нетрах шыіцкіх сект на тэрыторыі Персіі-Ірана. Гэтую эсхаталогію ўсеагульнай сьмерці (якая знаходзіць сваю падтрымку і ў некаторых ідэолагаў пуцінскага рэжыму і сучаснай Расеі – накшталт Аляксандра Дугіна i нават у публічных прамовах самаго Пуцiна*) ужо можна разглядаць як месіянскі выклік не толькі Ізраілю, Цэнтральнай Азіі, Амерыцы, Захаду, але і ўсяму цяперашняму сьветаўладкаванню ў цэлым.

* Яскравы прыклад: “Мы попадем в рай, а они — просто сдохнут”. Что Путин рассказал на “Валдае” https://ria.ru/20181018/1530999011.html


Projekt dofinansowany przez Fundację Solidarności Międzynarodowej w ramach polskiej współpracy rozwojowej Ministerstwa Spraw Zagranicznych RP.

Вартае ўвагі

18 траўня — Дзень памяці ахвяраў дэпартацыі крымскататарскага народу

У 1944 годзе згодна з сакрэтнай пастановай Дзяржаўнага камітэта...

Вынікі санкцый: Беларуськалій згубіў палову рынку. У выйгрышы – Расея і Канада

Дзякуючы заходнім санкцыям супраць акупаванай Беларусі, Расея павялічыла сваю рыначную долю калію і атрымала дадатковыя 1,2 млрд даляраў на вайну.

У Нямеччыне 9 траўня будуць караць грамадзян за георгіеўскія стужкі

Расейцы ў гістэрыцы. З нагоды адзначэньня заканчэньня Другой сусьветнай вайны...

Апошняе

Траурны мітынг памяці генацыду карэннага насельніцтва Крыма ў Варшаве (фота)

18 траўня, у 80-ю гадавіну дэпартацыі карэннага насельніцтва Крыма,...

18 траўня — Дзень памяці ахвяраў дэпартацыі крымскататарскага народу

У 1944 годзе згодна з сакрэтнай пастановай Дзяржаўнага камітэта...

16 траўня 2023 году ў баі ў Бахмуце (Украіна) загінуў Міраслаў Лазоўскі

Беларускаму добраахвотніку з пазыўным "Мыш" было тады 49 гадоў. Міраслаў...

Вынікі санкцый: Беларуськалій згубіў палову рынку. У выйгрышы – Расея і Канада

Дзякуючы заходнім санкцыям супраць акупаванай Беларусі, Расея павялічыла сваю рыначную долю калію і атрымала дадатковыя 1,2 млрд даляраў на вайну.

Да пытаньня аб атаках на грамадзка-эканамічную інфраструктуру Беларусі

Цяпер кожны беларус, у грудзях якога б“ецца беларускае сэрца,...

У Нямеччыне 9 траўня будуць караць грамадзян за георгіеўскія стужкі

Расейцы ў гістэрыцы. З нагоды адзначэньня заканчэньня Другой сусьветнай вайны...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: