29 красавіка 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

“Пражская вясна” і Беларусь як ахвяра ядзернай сьмерці

Ч Э Х А С Л А В А К І Я

Сёлета ў жніўні споўнілася  55 гадоў,  калі завяршылася адметная  падзея ва Усходняй Эўропе, што атрымала рамантычную назву “Пражская вясна”, але насамрэч сталася трагічнай старонкаю гісторыі. “Пражская вясна” – гэта кароткі перыяд , калі ў колішняй Чэхаславакіі  ў 1968 годзе была зробленая спроба ўстанавіць у краіне дэмакратыю і свабоду. Аднак, Чэхаславакія на той час  была часткаю блёку ўсходнеэўрапейскіх краінаў, які быў створаны па вайне Савецкім Саюзам. Так званы Варшаўскі блёк знаходзіўся пад татальным савецкім кантролем, менавіта ён ствараў буфер паміж СССР і Захадам. Саветы выкарыстоўвалі тэрыторыі краінаў-сатэлітаў дзеля вайсковых мэтаў у сваім супроцьстаяньні з дэмакратычным Заходнім сьветам.

24 сьнежня 1967 году першым сакратаром Камуністычнай партыі Чэхаславакіі  быў абраны славак Аляксандр Дубчэк, які стаў праводзіць палітыку лібералізацыі. Ён прызначыў рэфарматараў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Была істотна аслабленая цэнзура, пачалося стварэньне шматпартыйнай сістэмы, дэкляравалася зьніжэньне дзяржаўнага кантроля над вытворчасьцю, было заяўлена аб імкненьні забясьпечыць свабоду слова, сходаў, перамяшчэньня, устанавіць кантроль над дзейнасьцю ворганаў бясьпекі. Афіцыйна было абвешчана пра рэабілітацыю ахвяраў палітычных рэпрэсій. У чэхаславацкім грамадзтве абуджалася грамадзка-палітычнае жыцьцё, вясновы, адраджэнскі настрой панаваў па цэлай краіне.

Палітычныя рэформы Дубчэка і ягоных паплечнікаў, якія імкнуліся стварыць “сацыялізм з чалавечым тварам”, не мелі на мэце поўны адыход ад ранейшай палітычнай лініі. Аднак, савецкім кіраўніцтвам яны трактаваліся, як рэальная небясьпека партыйна-адміністратыўнай савецкай сістэме, а таксама як пагроза існаваньню Варшаўскага блёку. Улады СССР вырашылі брутальна перапыніць гэтыя ліберальныя працэсы, якія маглі стаць прыкладам для іншых краінаў. Была падрыхтаваная адмысловая вайсковая апэрацыя пад кодавай назваю “Дунай”. Войскі краінаў Варшаўскага блёку ў ноч з 20 на 21 жніўня 1968 году масіраванай армадаю перакрочылі граніцы Чэхаславакіі і сталі браць тэрыторыю пад свой кантроль. У аперацыі было задзейнічана 300 тыс. вайскоўцаў і каля 7 тыс. танкаў. Тысячная танкава армада прайшла праз Прагу “як нож праз масла”. Так літаральна сказаў мне аднойчы  адзін з высокапастаўленых асобаў у беларускіх сілавых структурах, які  браў непасрэдны ўдзел у гэтай інвазіі.

Насельніцтва краіны, якое ўжо адчула прывабнасьць свабоды, аказвала месцамі гераічны супраціў, але сілы былі няроўнымі. Танкі бязлітасна дратавалі ўсё, што пападалася на іх шляху, у тым ліку і людзей.

Такая жорсткасьць расправы нанесла глыбокую рану насельніцтву краіны. Пачуцьцё нянавісьці да ўсяго савецкага выяўлялася яшчэ шмат гадоў. Мне давялося адчуць гэта ў рэальнасьці. Напрыканцы 1982 году я прыехала ў Прагу, каб забраць у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, дзе я працавала, асабісты архіў вядомага беларускага сьпевака Міхася Забэйды. Арганізаваць такую паездку на той час было складанай справаю. Мяне ўключылі ў склад дэлегацыі ад дзяржаўных архіваў СССР для абмену вопытам з чэшскімі архівамі. Другога варыянта не было, хаця мы і мелі адпаведныя юрыдычныя дакумэнты на спадчыну. Нас сустрэлі на лётнішчы, завезлі ў шыкоўны гатэль на Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі і мы засталіся адныя да заўтрашняга прыёму. Мелі вольны час і вырашылі з яшчэ адной удзельніцаю дэлегацыі прайсьціся па Празе. Вядома ж, у хуткім часе заблудзіліся і сталі пытацца, як дайсьці да нашага гатэлю на расейскай мове, бо чэшскую не ведалі. Ніхто не хацеў дапамагчы, але адзін мужчына паказаў, куды трэба ісьці. Потым выявілася, што паказаў ён нам адваротны накірунак. Калі нарэшце вярнуліся ў гатэль, дзяжурны сказаў, што ад майго пакоя няма ключоў, іх зьвёз папярэдні пастаялец. Але ж я сама раніцаю закрывала гэтыя дзьверы. Не начаваць жа на вуліцы. Давялося паказаць характар і ключ ён палажыў перада мною. Было непрыемна, крыўдна, бо ў чым жа я вінаватая. Але, пазьней прыйшло разуменьне, што ёсьць і наша віна ў гэтым, мы ўсе цярпелі гэтую ўладу і кармілі яе.

Назаўтра раніцаю ў гатэль мяне прыйшлі сустракаць Надзея Кастэцкая з мужам і д-р Міласлаў Зіма,  той дзяжурны пабачыў, што мяне так добра прывіталі чэхі і ставіўся далей з павагаю.

“Пражская вясна” была жорстка задушаная, сацыялістычны строй быў цалкам адноўлены і трываў да новага ўздыму – “Аксамітнай рэвалюцыі” у 1989 годзе, якая назаўсёды прынясла свабоду чэшскаму і славацкаму народам.

І вось цяпер пытаньне – чаму такая вялікая збройная сіла была тады ўжытая? Якая была патрэба  кінуць у невялікую краіну цэлую вялікую армію і тысячы танкаў, самалётаў, які высадзілі дэсанты на чэшскіх лётнішчах?  Гэтае пытаньне цяпер дасьледуецца і самімы чэхамі, якія хочуць ведаць сваю сапраўдную гісторыю. Я кожны дзень гляджу сайты з чэскімі навінамі і нядаўна натрапіла на перадачу, дзе якраз і быў дадзены адказ на гэтыя пытаньні.

Ядзерная зброя – вось што, найперш, займала савецкае кіраўніцтва. На тэрыторыі Чэхаславакіі, Польшчы і інш. краінаў Варшаўскага блёку, якія мяжуюць з заходнімі краінамі, размяшчаліся савецкія атамныя ракеты.

У 1965 годзе прэзыдэнт Чэхаславакіі Антанін Новатны падпісаў сакрэтную дамову з Савецкім Саюзам, дзе гаварылася, што СССР размяшчае ў Чэхаславакіі ядзерную зброю. Прага ўзяла на сябе абавязак пабудаваць за свае сродкі тры сховішчы. Устаноўка ядзерных боегаловак і размяшчэньне абслугі  павінен быў забясьпечыць савецкі бок. Служыць на гэтых абьектах павінны былі савецкія вайскоўцы. На той час Чэхаславакія была адзінаю краінаю Варшаўскага блёку, дзе не былі прысутныя савецкія войскі.

Улады СССР і Чэхаславакіі пагадзіліся, што дамова застанецца ў абсалютным сакрэце. Пра існаваньне ядзерных сховішчаў у краіне ведалі толькі 12 асобаў – прэзыдэнт, кіраўнік кампартыі, премьер-міністр і вышэйшыя афіцэры. Афіцыйна лічылася, што гэта толькі абьекты сувязі, так гэта прадстаўлялася і будаўнікам, якія там працавалі і ўсім астатнім. Будоўлі вяліся ва ўмовах самай строгай сакрэтнасьці.

Тры сховішчы ядзернай зброі пад кодавай назваю “Явар” былі пабудаваныя ў 1966-69 гадох у заходняй Чэхіі. Кожнае з іх мела два бункеры, дзе павінны былі захоўвацца 120 ядзерных баегаловак. Такім чынам, гэтыя тры абьекты мелі разам захоўваць 360 ядзерных зарадаў. Кожны з абьектаў меў сваю ўласную кодавую назву: “Явар-50” быў пабудаваны каля горада Біліна (Bílinа, на поўнач ад Прагі),  “Явар-51” паміж гарадкамі Бароўна і Мішаў (Borovno, Míšov, 70 км на паўднёвы захад ад Прагі), “Явар-52” побач з горадам Бела пад Бездезем (Bělá pod Bezdězem), на паўночны ўсход недзе 70 км ад Прагі). 

Я асабіста магу часткова падцьвердзіць гэту інфармацыю, бо тое месца, дзе размяшчаўся “Явар -52 “, я бачыла ўласнымі вачыма. Менавіта ў ваенным гарадку, дзе некалі знаходзілася абслуга гэтага абьекту, я сустрэла 2000 год і правяла там зіму, вясну і частку лета таго году. На той час абьект ужо быў закінуты, але ў ваенным гарадку размясьцілі лягер для ўцекачоў. Пасьля прымусовага адьезду з Беларусі я папрасіла палітычны прытулак у Чэхіі і жыла ў тым лягеры ў чаканьні вынікаў разгляду маёй просьбы. Ад горада Бела пад Бездэзем да былога вайсковага гарадка – 4 км., вузкая асфальтаваная шашэйка глухім лесам. Аднойчы мне давялося прайсьці гэтую дарогу пешкі ўзімку, позьнім вечарам у кампаніі з трыма аўганцамі-уцекачамі. У гарадку там было пабудавана ўсё неабходнае  для жыцьця семьяў савецкіх вайскоўцаў. Разам з групай іншых беларусаў-уцекачоў мы абсьледавалі наваколье. Не хапала ежы і мы перабіваліся падножным кормам, лавілі рыбу ў невялікім азярцы, зьбіралі грыбы. З наступленьнем лета зьбіралі ў лесе чарніцы і прадавалі іх закупшчыкам, якія прыязджалі пад вечар да брамы лягера, каб мець хоць нейкія свае грошы. У нашых вандроўках па лесе  бачылі гэтыя былыя сакрэтныя збудаваньні. Асабліва ўразіла вялізнае сховішча, напоўненае вайсковай амуніцыяй, якая там дагнівала. Было цяжка на гэта глядзець. Вось гэта нашыя грошы, наша праца так званага савецкага народу, які па вайне жыў у беднасьці, а тут укладаліся вялізныя сродкі ў гэтыя цяпер нікому не патрэбныя агромістыя бетонныя збудаваньні.

Зразумела, што калі ў Чэхаславакіі зьявілася пагроза “Пражскай вясны”, кіраўніцтва Савецкага Саюза было ўстрывожана далейшым лёсам гэтых важных для іх ядзерных абьектаў, дзе, як ужо адзначалася, да таго часу не стаялі савецкія войскі. Апошнім сыгналам для іх быў магчымы намер новых чэхаславацкіх уладаў паставіць пытаньне пра захаваньне далей гэтых сховішчаў на тэрыторыі краіны, бо гэта несла вялікую пагрозу для Чэхаславакіі на выпадак вайны, краіна магла б быць цалкам зьнішчаная.. Групаю афіцэраў Пражской ваенна-палітычнайй акадэміі ў складзе 42 чалавек быў тады падпісаны Мемарандум-68, дзе яны выступалі супроць вайсковай наступальнай дактрыны Варшаўскага блёку, якая прадугледжвала выкарыстаньне ядзернай зброі. Гэты факт канчаткова раззлаваў савецкіх маршалаў. Рашэньне аб брутальнай інвазіі супроць Чэхаславакіі было прынята не столькі для перапыненьня працэса лібералізацыі, колькі для таго, каб выкарыстаць гэтую нагоду для ўвода савецкіх войск, якія да таго не былі там масава прысутныя, і ўзяць поўны кантроль над ядзернымі сховішчамі, пабудаваць там вайсковыя  палігоны і базы, як у Мілавіцах пад Прагаю. Усяго ў Чэхіі былі разьмешчаны 83 савецкія вайсковыя часткі.  Саветам ўжо не патрэбна была маскіроўка, як раней, калі  вайсковы персанал з СССР прыязджаў туды толькі пад выглядам турыстаў.

Лібералізацыя магла б лёгка быць прыпыненая меньш брутальнымі сродкамі, простай зьменаю улады, так, як гэта сталася, калі пад час інвазіі Аляксандр Дубчэк і ягоныя паплечнікі былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву.  У выніку, да ўлады ў Чэхаславакіі былі прыведзены абсалютна прасавецкія кіраўнікі. 

 Аўтар  згаданай вышэй перадачы на чэшскай тэлевізіі  адназначна трактаваў прычыны савецкай інвазіі 1968 году менавіта наяўнасьцю арсеналаў ядзернай зброі ў Чэхаславакіі, якую саветы такім чынам бралі пад свой абсалютны кантроль шляхам увядзеньня войскаў. У гэтай перадачы былі паказаны відэаздымкі гэтых ядзерных бункераў, дакладней сховішча “Явар-51”, дзе зараз адчынены адмысловы музэй. Менавіта гэтае сховішча захавалася ў пачатковым выглядзе, бо там быў зроблены склад.

Астатнія бункеры праекта «Явар» былі разрабаваныя пасьля таго, як савецкія войскі ў 1990 годзе пакінулі Чехаславакію. Савецкая ракетная брыгада пакінула Чэхаславакію раней, у 1988 годзе, пасьля таго як ЗША і СССР падпісалі дамову аб узаемнай ліквідацыі ракет сярэдняй і малой дальнасьці.

Надпіс на сьцяне бункера праекта “Явар”: “Выкананьне правілаў тэхнікі бясьпекі – справа дзяржаўнай важнасьці”

Савецкая акупацыя скончылася, але яна пакінула па сабе шмат негатыўных наступстваў. Частка тэрыторыі невялікай краіны так і засталася пакрытая гэтымі бетоннымі збудаваньнямі і іншымі спалучанымі з імі забудовамі, ваенныя палігоны забрудзілі нафтапрадуктамі ўчасткі зямлі, дзе нічога не расло. І, канешне, тыя падзеі пакінулі па сабе ня добрую памяць. Таму сёньня Чэхія спачувае ахвярам савецкага рэжыму і таксама сёньняшняй Украіне, па магчымасьці дапамагае украінцам у іх змаганьні з расейскім агрэсарам.

Аднак, кароткая памяць аказалася ў сёньняшняй Славакіі. Нядаўнія выбары прывялі там да ўлады прарасейскіх палітыкаў. Тое ж адбылося і з Венгрыяй, дзе Віктар Орбан упарта падтрымлівае Пуціна, а народ начыста забыўся пра тое, як савецкія танкі дратавалі Венгрыю ў 1956 годзе.

А цяпер пасьля экскурсу ў гісторыю ў гэтым кантэксце варта падумаць пра наш уласны беларускі лёс.

ЧЫТАЦЬ ПРАЦЯГ: “Беларусь як ахвяра ядзернай сьмерці”

Ганна Сурмач

Вартае ўвагі

ТОП-18 прагнозаў Зянона Пазьняка, якія збыліся

Беларускі палітык Зянон Пазьняк, акрамя сваёй палітычнай і мастацкай...

Зянону Пазьняку ‒ 80! Цікавыя факты з біяграфіі

24 красавіка 2024 г. спаўняецца 80 год легендарнаму беларускаму палітыку Зянону Пазьняку. Сабралі для вас цікавыя і нечаканыя факты з біяграфіі дзеяча

Зянон Пазьняк: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ НА УГОДКІ СЬМЕРЦІ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Да Генадзя Карпенкі я заўсёды адносіўся прыхільна і адносіны...

Апошняе

ТОП-18 прагнозаў Зянона Пазьняка, якія збыліся

Беларускі палітык Зянон Пазьняк, акрамя сваёй палітычнай і мастацкай...

Зянону Пазьняку ‒ 80! Цікавыя факты з біяграфіі

24 красавіка 2024 г. спаўняецца 80 год легендарнаму беларускаму палітыку Зянону Пазьняку. Сабралі для вас цікавыя і нечаканыя факты з біяграфіі дзеяча

Смаленская Рэспубліка стварае Канстытуцыю і вяртаецца да Беларусі (Відэа)

21 сакавіка 2024 г. Смаленскі Рэспубліканскі Цэнтр прэзентаваў праект...

Зянон Пазьняк: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ НА УГОДКІ СЬМЕРЦІ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Да Генадзя Карпенкі я заўсёды адносіўся прыхільна і адносіны...

У Драгічынскім раёне затрымалі 12 беларусаў за дапамогу Ўкраіне. Аднаму прастрэлілі нагу

Аб гэтым распавялі лукашысцкія прапагандысты ў сваем відэа. Сярод затрыманых:...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: