Канфлікт вакол праграмы SAFE у Польшчы сапраўды часта называюць «бітвай за геапалітычны курс краіны» – паміж большай арыентацыяй на Эўразьвяз ці на ЗША.
SAFE – гэта эўрапейская праграма льготнага крэдытавання, створаная для ўзмацнення абароназдольнасці краін Эўразьвязу. Сума для Польшчы складае каля 43,7 млрд эўра (прыкладна 180-185 млрд злотых). Польшча зьяўляецца найбуйнейшым бэнефіцыярам гэтай праграмы. Мадэрнізацыя войска, разьвіцьцё абароннай прамысловасьці, праекты па кібербясьпецы й умацаваньне межаў (праект «Усходні шчыт»). Вельмі нізкая працэнтная стаўка (каля 3 адсоткаў) і працяглы тэрмін пагашэньня (да 45 гадоў) з 10-гадовым ільготным пэрыядам. Праграма SAFE фактычна накіраваная на стварэньне эўрапейскай вайсковай прамысловасьці.
Ініцыятыва Security Action for Europe прадугледжвае каля 150 мільярдаў эўра крэдытаў, якія краіны Эўразьвязу могуць выкарыстаць для закупкі ўзбраеньня і разьвіцьця ўласнай абароннай індустрыі.
Мэта праграмы – зьменшыць залежнасьць Эўропы ад амэрыканскай зброі, павялічыць вытворчасьць вайсковай тэхнікі ўнутры ЭЗ і наладзіць супольныя закупкі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі. Фактычна SAFE зьяўляецца часткай шырэйшага праекту мадэрнізацыі і ўмацаваньня эўрапейскіх узброеных сілаў. Але Польшча традыцыйна купляе зброю ў ЗША — так склалася гістарычна. Гэта і танкі Abrams, сыстэмы СПА Patriot, самалёты F-35, рэактыўная артылерыя HIMARS. Гэта робіць Польшчу адной з самых праамэрыканскіх арміяў у Эўропе. Таму крытыкі з кансэрватыўных польскіх колаў пра SAFE кажуць, што праграма можа перанакіраваць закупкі з ЗША ў Эўропу.
Пазыцыя праэўрапейскага польскага ўраду выглядае інакш. Кабінэт Дональда Туска падтрымлівае праграму SAFE і разглядае яе як важны інструмэнт мадэрнізацыі польскага войска. Паводле ўрадавых ацэнак, Польшча можа атрымаць каля €43-44 млрд эўра крэдыту – найбольш сярод краін Эўразьвязу. Гаворка ідзе пра доўгатэрміновыя адносна танныя крэдыты, якія могуць быць выкарыстаныя для закупкі ўзбраеньняў і паскарэньня мадэрнізацыі арміі. Акрамя таго, урад бачыць у праграме SAFE магчымасьць узмацніць ролю Эўразьвязу ў сыстэме бясьпекі Эўропы.
Тым часам прэзыдэнт Караль Наўроцкі і правыя палітычныя сілы крытыкуюць SAFE і бачаць неабходнасьць у працягу супрацоўніцтва са Штатамі і разьвіцьці польскай абароннай прамысловасьці за кошт унутранага крэдыту. Як адзначыў Наўроцкі ў сваім выступе:
“Пытаньне ўступленьня ў эўрапейскі крэдыт SAFE — гэта не пытаньне адной партыі, аднаго ўраду ці аднаго тэрміну. Гэта пытаньне будучыні польскай дзяржавы”.
“Мэханізм SAFE – гэта маштабны замежны крэдыт на 45 гадоў у замежнай валюце, з працэнтнымі выдаткамі, якія могуць дасягнуць 180 мільярдаў злотых. Такім чынам, палякам давядзецца вярнуць удвая большы кошт крэдыту, і заходнія банкі і фінансавыя ўстановы атрымаюць ад гэтага прыбытак“.
Наўроцкі падкрэсьлівае, што праблема не ў саміх выдатках на абарону, а ў спосабе іх фінансаваньня:
“Гісторыя вучыць нас простай праўдзе: нацыя, якая ня хоча плаціць за ўласную армію, рана ці позна будзе вымушаная плаціць за армію іншай нацыі”.
“Таму інвэстыцыі ў абарону неабходныя. Але яны павінны праводзіцца разумна, адказна і такім чынам, каб не абмяжоўваць сувэрэнітэт дзяржавы”.
Таксама, паводле крытыкаў праграмы, SAFE можа павялічыць залежнасьць ад Брусэлю, а грошы ў значнай ступені пойдуць у эўрапейскую – часта нямецкую і францускую – прамысловасьць, а не ў нацыянальную. Акрамя таго, правыя палітычныя сілы мяркуюць, што Польшча павінна заставацца бліжэй да ЗША ў вайсковай сфэры.
Чаму гэта геапалітычна важна?
На самой справе пытаньне істотна шырэйшае, бо разглядае дзьве мадэлі бясьпекі Эўропы. Першая, праэўрапейская, прадугледжвае агульную абаронную індустрыю і меншую залежнасьць ад ЗША. Паралельная ёй, атлянтычная, – што галоўная апора гэта NATO, а ключавы партнэр – м оцныя Злучаныя Штаты. Адсюль падкрэсьліваецца неабходнасьць закупак у амэрыканскіх вытворцаў зброі і вайсковых тэхналёгіяў.
Такім чынам, Польшча цяпер стаіць паміж гэтымі дзьвюма мадэлямі.
Важна падкрэсьліць, што ідэя SAFE зьявілася таму, што ў Эўропе пачалі баяцца, што ЗША могуць менш займацца бясьпекай Эўропы, і ЭЗ мусіць больш абараняцца сам. Ну і, вядома, як інструмэнт перапрывязкі Польшчы да нямецкіх і францускіх вайсковых канцэрнаў, прычым за кошт сродкаў, якія палякі будуць вінныя аддаваць цягам працяглага пэрыяду.
Пасля нарады а дзявятай ранку трынаццатага сакавіка Дональд Туск ініцыяваў праграму POLSKA ZBROJNA «Польшча ўзброеная», каб працягнуць дзеяньні, запланаваныя у межах пазыкі SAFE і заблякаванай учора ўвечары Прэзідэнтам Наўроцкім.
“Я разважаю, ці гэта здрада, ці гэта дзеяньне лобістаў, недахоп здаровага сэнсу. Адна рэч павінна быць пэўная: адсутнасьць подпісу Пана Прэзыдэнта – гэта сур’ёзнае перашкода для ўсіх нас, хто падрыхтоўваў гэтую вялікую праграму «Польшча ўзброеная», «Польшча бясьпечная», «Польшча багатая». Неўзабаве пачнецца пасяджэньне ўраду, на якім мы прымем пастанову, на падставе якой будзе рэалізавана праграма «Польшча ўзброеная». У Польшчы ня будуць кіраваць лабісты замежных фірмаў-узбраеньняў. Праграма «Польшча ўзброеная» — гэта беспрэцэдэнтная рэвалюцыя, якая прынясе ня толькі разьвіцьцё дзясяткаў і сотняў польскіх фірмаў, але й зробіць так, што мы пабудуем сапраўдную сувэрэннасьць, калі заходзіць пра польскую бясьпеку, пра «Польшчу ўзброеную». Хачу сказаць усім тым, хто чакае гэтыя грошы: вета прэзыдэнта нас не спыніць і не спыніла. Праграма «Польшча ўзброеная» будзе рэалізаваная”.
Што з таго беларусам? Як паўплывае гэтая сытуацыя на Беларусь агулам?
Яшчэ з часоў Вітаўта і Крэўскай уніі нашыя землі знаходзяцца пад уплывам вынікаў палітычнай гульні паміж пранямецкай партыяй і польскімі незалежнікамі, якія таксама імкнуцца знайсьці моцнага хаўрусьніка – з аднаго боку, каб той быў вельмі далёкі і не ўплываў на нацыянальныя рашэньні, а з другога – каб стрымліваць памкненьні нямецкіх земляў, якія ніколі не былі прыязныя ані да Польшчы, ані да Беларусі. І цяпер мы проста зьяўляемся сьведкамі працягу гэтай барацьбы.
Але, вяртаючыся ў сучаснасьць, вэта Прэзідэнта Наўроцкага або блякаваньне ўдзелу Польшчы ў праграме можа мець некалькі наступстваў для Беларусі, у асноўным у сфэры бясьпекі і эканомікі.
Частка сродкаў SAFE павінна была пайсьці на праект – сыстэму ўмацаваньняў на мяжы з Беларусьсю. Праект прадугледжвае і супрацьтанкавыя перашкоды, і сыстэмы назіраньня, і базы для войска, і інфраструктуру хуткага перакідваньня тэхнікі.
Калі фінансаваньне з ЭЗ затрымаецца, частка работ можа рухацца павольней, бо будзе фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту Польшчы. Але гэта не паўплывае на агульнае ўзмацненьне польскага войска. Бо нават без SAFE польская дзяржава ўжо траціць на абарону больш за 4 % ВУП = гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у NATO і ў сьвеце. Краіна ўжо закупіла шмат новай тэхнікі і ў Эўропе, і ў Злучаных Штатах.
Таму стратэгічны балянс для Беларусі кардынальна ня зьменіцца. Варта адзначыць, што SAFE задуманы як крок да больш супольнай абароны краін ЭЗ, што звышвыгадна эўрапейскім прамысловым канцэрнам.
Калі Польшча ня ўдзельнічае ў гэтай праграме, то супольных эўрапейскіх вайсковых праектаў на ўсходнім флянгу можа стаць менш, а большы акцэнт будзе зроблены на NATO і Злучаныя Штаты, што адпавядае пазыцыі кансэрватыўных палітычных колаў.
Для Беларусі гэта азначае, што галоўным фактарам бясьпекі на мяжы і надалей застануцца ЗША, а не структуры Эўразьвязу. Улады рэжыму таксама могуць выкарыстоўваць канфлікт у Польшчы як аргумэнт у інфармацыйнай вайне – паказваць «раскол у Эўропе» і сьцьвярджаць, што Эўропа ня мае адзінства ў пытаньнях бясьпекі.
Аднак у рэчавістай вайсковай сытуацыі гэта ня зьменіць фундамэнтальны балянс сілаў вакол нашай Бацькаўшчыны. Для Беларусі наступствы будуць хутчэй другаснымі: магчымыя пэўныя затрымкі ў будаўніцтве абарончай інфраструктуры на мяжы, але вайсковая моц Польшчы, а таксама прысутнасьць NATO і базаў ЗША істотна ня зьменяцца.
Істотна найбольш выгоднай для беларусаў выглядае падтрымка пазыцыі найбольш кансэрватыўнай часткі польскага грамадзтва, якая ў гэтым вымярэньні супадае з экзыстэнцыяльнымі выклікамі свабоды і вольнасьці нашага краю. Моцныя Злучаныя Штаты, іхныя інвэстыцыі і нават гіпатэтычная вайсковая база дзесьці ў раёне Віцебску маглі б істотна ўзмацніць бясьпеку нашай зямлі перад пагрозамі з усходу.
Узмацненьне ж нямецкага геапалітычнага складніку можа прывесьці да паўтарэньня сцэнароў, вядомых з канца васемнаццатага стагодзьдзя, калі Расея і Нямеччына дамовіліся не на карысьць нашай Бацькаўшчыны.
Раман Смольскі.


