20 сакавіка 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Павел Усаў: Бальшавізм і фашызм ў Беларусі

Калі я ўжо стаўся кандыдатам на новую крымінальную справу як нібы асоба, якая “адмаўляе” генацыд Беларускага народу, вырашыў параўнаць палітыку зьнішчэньня беларусаў дзьвума акупацыйнымі сістэмамі: бальшавізмам і фашызмам.
Варта зазначыць, што ў масавай сьвядомасьці нашага грамадства бальшывізм, як і савецкі лад, не ўспрымаецца як працэс акупацыі і вынішчэньня беларушчыны. Адна з прычын у тым, што савецкая інжынерыя стварыла з гэтага акупацыйнага рэжыму “свой”, “наш”, “пераможны”, з вялікай культурай і развіцьцем – рэжым. Ен даў беларусам тое, чаго яны ніколі не мелі: “дзяржаву”, “школу”, “тэатр”. Забываючы пры гэтым, што напачатку гэтая сістэма забрала ўсе, што намагаліся беларусы стварыць і стварылі, знішчыла ўсіх тых, хто спрычыніўся да гэтага працэсу, а потым “абдарылі наш” народ вялікімі падарункамі. Разам з гэтым, сістэма рабіла ўсе каб грамадства выхоўвалася без памяці і веданьня ўласнай гісторыі. Вынік гэтага, сёньняшні лукашэнкаўскі рэжым у Беларусі, які працягвае змагацца з ўсім беларускім. Як вынік, мы сёньня не маем ніводнай беларускай школы, дзе хаця б гуманітарныя прадметы выкладаліся па беларуску. А такія людзі як Гігін, Шпакоўскі, Азаронак прасоўваюць ідэі расейскага міру і ганьбяць усе нацыянальнае.
Гісторыя ўжо паказала, што камуністычная сістэма была патворнай і антыгуманнай. Па розных зьвестках ахвярамі розных тыпаў камуністычных сістэм сталася каля 100 млн. чалавек. Разам з гэтым камунізм у гібрыдных палітычна эканамічных формах працягвае існаваць у Кітаі, ПКНА, Расеі, Беларусі, на Кубе і г.д. І працягвае зьбіраць ахвяры. А як мы ведаем, гэтая ідэалогія павінна была прынесьці шчасьце і дабрабыт сьвету. У Другой Сусветнай вайне загінула каля 75 мільёнаў чалавек.

Але вернімся да Беларусі:
Камуністычная сістэма ў нашай краіне агулам існавала з 72 гады. Часткі ўсходняй Беларусі ўваходзілі ў склад РСФСР з 1919 па 1926 год. (Фактычна не ведаем, якую палітыку частак праводзіла там расейская ўлада), Заходняя Беларусь заставалася пад кіраваньнем Польскай дзяржавы да 1939 году.
Сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыя найбольш закранулі Цэнтральную і Ўсходнюю Беларусь. Бо йх пік як раз прыходзіцца на 1933 – 1938 год.
Як зазначаюць афіцыйныя крыніцы, у Беларусі з 1917 па 1953 год па “ПАЛІТЫЧНЫМ ПРЫЧЫНАМ” было рэпрэсавана каля 150 тыс., чалавек. Хаця напрыклад толькі за 1937-1938 было арыштавана 54 тысячы грамадзянаў Беларусі, і растраляна 27 тыс., чалавек.

Адначасова кіраўніцтва Сіблага ГПУ (1930-1931) стварыла працоўныя камендатуры ў якіх знаходзілася больш за 250 тыс. чалавек, 60 тыс. гэта былі БЕЛАРУСЫ (!!!), і гэта яшчэ да Вялікага Тэрору і толькі Сіблаг.

Разам з палітычнымі рэпрэсіямі былі эканамічныя: раскулачваньне, калектывізацыя, голад. Да 1930 году ў Беларусі (Усходняя частка). Было раскулачана 15 тыс. гаспадарстваў.
Агулам, у выніку барацьбы з “кулацкім элементам” з 1929 па 1932 год у Сібір было саслана звыш за 100 тыс. беларускіх семьяў. (Агульная колькасьць насельніцтва тагачаснай Беларусі складала каля 5 мільёнаў чалавек). У выніку калектывізацыі ў Беларусі ў 1932-1933 распачаўся голад. У выніку чаго памерла каля 70 тыс. чалавек. (Голад паўтарыўся ў 1946-1947 годзе, ад яго пацярпела больш за 300 тыс. чалавек).

З прыходам бальшывікоў у Заходнюю Беларусь, камуністычныя ўлады распачалі будаваньне “сьветлай будучыні”. Дзесяткі тысяч беларусаў і палітычных дзеячоў іншых нацыянальнасьцяў былі забіты, у тым ліку Антон Луцкевіч, лідэр БУНДУ Хэнрых Эрліх.
У выніку дэпартацыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Сібір было выселена больш за 170 тыс., чалавек.

Такім чынам, як сьцьвярджаюць розныя дасьледчыкі, ад палітыкі бальшывікоў у Беларусі магло пацярпець каля 1 мільёна чалавек. Дапускаю, што палітыка вынішчэньня працягвалася б надалей, калі б не пачалася вайна ў 1941 годзе.

Пад час гітлераўскай акупацыі, 1941-1944 год, Беларусь страціла каля 2 млн., чалавек. У тым ліку, 400 тыс, было вывезена ў Нямеччыну на прымусовы працы, дзе загінула каля 100 тыс., чалавек.

У структуру масавых стратаў, ад 600 да 800 тыс., уваходзяць габрэі, якія ў тыя часы пражывалі на тэрыторыі Беларусі.
То бок у выніку дзеяньняў дзьвух таталітарызмаў Беларусь згубіла некалькі мільёнаў чалавек. Разам з гэтым, у генацыде афіцыёз абвінавачвае выключна гітлерызм.
Што тычыцца калабарцыянізму з нямецкімі ўладамі, то падкрэсьлю, што гэта складаная праблема, якая датычыла шмат якіх краінаў, якія знаходзіліся пад той, ці іншай формай каланіяльнага прыгнёту. На прыклад, можна прыгадаць аднаго з вядомых барацьбітом за незалежнасьць Індыі супраць Брытанскага каланіялізму Чандр Боса, які з 1939 года актыўна супрацоўнічаў з Нямеччынай і Японіяй і ўзначаліў часовы ўрад, які быў створаны Японіяй у 1943 годзе на невялічкай частцы захопленай тэрыторыі Індыі. Чандр Бос уваходзіць у адзін шэраг барацьбітоў за незалежнасць Індыі побач з Нэру і Гандзі.

Частка беларусаў пабачыла ў нямецкай экспансіі на Ўсход, магчымасьць адраджэньня Беларусі. І калабарцыянізм не быў маргінальнай з’яваў у часы акупацыі. Каля 100 тыс., чалавек удзельнічалі ў тых ці іншых формах супрацы з нямецкай адміністрацыі, намагаючыся адраджаць культуру і нацыянальную ідэю.

Канешне, няма ніякіх сумневаў адносна таго, што сталася б з Індыяй, ці Беларусьсю, калі краіны Осі перамаглі. Нацысты, як і камуністы выкарыстоўвалі нацыянальныя рухі, як інструмент барацьбы, а потым распачыналі вынішчэньне. Камунізм прадэманстраваў аб’емы рэпрэсій “пераможцаў” і камуніст-нацыяналістаў у Азіі і Афрыцы.

У такой сітуацыі, што нам рабіць з беларускім калабарцыянізмам. Перш за ўсе, трэба разумець, што савецкія ўлады выкарысталі факт калабарцыянізму дзеля таго, каб цалкам дэскрыдатаваць саму ідэю нацыяналізму і незалежнасьці Беларусі, зраўняць яе з фашызмам. Менавіта гэтым сёньня займаецца неасавецкі рэжым Лукашэнкі. Пры гэтым цалкам адмятаецца факт генацыду беларусаў савецкім рэжымам.

Я лічу, што супраца беларусаў з гітлераўцамі з’ява не адназначная і складаная – спроба захаваць нацыю, развіваць яе, ва ўмовах вайны, пасьля таго, як вялікая колькасьць беларусаў пабачыла, чым ёсьць камунізм і сталінізм.

Менавіта ў гэтым трагізм нашага народу і беларускіх нацыянальных эліт. Магчыма адзінай значнай розьніцай было тое, што беларусы ў савецкім войску і партызнаскім руху не змагаліся за Беларусь як такую, але толькі за вялікі адзіны Савецкі Саюз, Сталіна, а калабарцыяністы ў той, ці іншай ступені намагаліся змагацца за праект незалежнай Беларусі.

Павел Усаў

Апошняе

ДОБРЫЯ ВЕСЬЦІ

Сёньня (19-03-2026) вызвалілі з турмы яшчэ 250 палітвязьняў. Гэта...

ЗША дазволілі закупкі расейскай нафты, загружанай на судны да 12 сакавіка

Міністэрства фінансаў ЗША выдала спэцыяльную ліцэнзію, якая дазваляе завяршыць...

Міністар адукацыі заявіў пра жаданьне пашыраць і папулярызаваць расейскую мову

Маскве на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі па расейскай мове. «Беларусь у...

Польскі палітычны шторм вакол SAFE і што ён нясе беларусам

Канфлікт вакол праграмы SAFE у Польшчы сапраўды часта называюць...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: